ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Касцёл Унебаўзяцця НПМ і св. Андрэя Баболі ў в. Казловічы

Парафіі і святыні

Касцёл Унебаўзяцця НПМ  і св. Андрэя Баболі ў в. КазловічыДэканат Гродна-Усход
Касцёл у в. Казловічы пабудаваны ў першай палове ХIХ ст., у 1859 г. адноўлены мясцовай землеўладальніцай графіняй Светчынай, з роду Біспінгаў. Быў забраны ў католікаў і перароблены ў праваслаўную царкву. Вернікі былі далучаны да азёрскай парафіі. У 1920 г. святыня была пераасвечана ў рыма-каталіцкі касцёл пад падвойным тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Андрэя Баболі Мучаніка. У 1920 – 1922 гг. адбывалася перабудова святыні. Падчас перабудовы былі дабудаваны дзве чацверыковыя вежы. Парафія Казловічы атрымала свайго пробашча ў 1923 г. Ім стаў кс. Станіслаў Хадыка, які працаваў тут да 1932 г. Затым пробашчамі парафіі былі: кс. Казімір Маліноўскі (+1934), кс. Ян Гой (1935 – 1937 гг.), кс. Станіслаў Саросек (чэрвень 1937 г. – верасень 1939 г.). У 1939 г. колькасць вернікаў у казловіцкай парафіі перавышала 1000 чалавек.
З кастрычніка 1939 г. да чэрвеня 1947 г. пробашчам парафіі быў айцец Ян Цэцыліян Рудніцкі, францішканін з Гродна. З верасня 1939 г. на плябаніі таксама знаходзіліся сёстры назарэтанкі з Гродна, якія патаемна навучалі дзяцей рэлігіі. Кс. Станіслаў Смялоўскі быў пробашчам парафіі з 1948 г. (памёр 1 снежня 1964 г.). Кс. Станіслаў апекаваўся таксама вернікамі парафій Азёры і Жытомля. Пасля смерці кс. Станіслава вернікі засталіся без святарскай апекі.
    12 верасня 1969 г. касцёл быў зачынены паводле рашэння Гродзенскага райвыканкама, больш-менш каштоўныя рэчы перавезлі ў пабернардынскі касцёл у Гродне, а ў Казловічах са святыні зрабілі збожжасховішча, якое доўгі час пуставала і з цягам часу ператварылася ў паўразбураны будынак.
    Адраджэнне касцёла пачалося толькі ў 1989 г. дзякуючы намаганням старшыні парафіяльнага камітэта вернікаў Грыгорыя Юльянавіча Абуховіча. 16 мая 1990 г., на свята св. Андрэя Баболі (парафіяльнае свята), адбылася першая святая Імша. Цяпер пробашчам парафіі з’яўляецца кс. Яўген Барысюк.
    Касцёл уяўляе сабой кубападобны аб’ём пад чатырохсхільным бляшаным дахам, да якога дабудаваны нартэкс з хорамі пад дзвюма чацверыковымі дэкаратыўнымі вежамі, а таксама паніжаная прамавугольная апсіда з сакрыстыяй. Святыня арыентавана алтаром на ўсход, таму да дарогі яна павернута апсідай.
    Інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной дашчанай столлю, якую падтрымліваюць чатыры слупы, утвараючы трохнававую прастору. У святыні тры драўляныя алтары: у галоўным змешчаны абраз Маці Божай Чанстахоўскай, у левым – абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, Уладара Сусвету, а ў правым – тытульны абраз св. Андрэя Баболі. Вітражы былі створаны ў 1996 г. на сродкі сямей Пятра Янушкевіча, Юрыя Талочкі, Збігнева Талочкі і Валерыя Талочкі. Касцёльны ўчастак абнесены штакетнай агароджай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.