ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Велікодны чалавек

Слова рэдактара

З Богам, які жыве ў нашых сэрцах, у нашым народзе, на нашых землях, мы паўстанем з усяго.
   Нічога не ўдасца зразумець без Хрыста. Чалавек нават сам сябе не можа зразумець без Хрыста. Без якога Хрыста? Уваскрослага. Уваскрасенне тлумачыць усё Яго жыццё, а таксама ўсё нашае жыццё. Ці хтосьць з нас сур’ёзна задумваўся над тым, што азначае жыць, памерці і ўваскрэснуць з Хрыстом? Не дастаткова вырашаць справы з Богам у нядзелю, а затым увесь тыдзень жыць спакойна. У такім выпадку я не магу сказаць пра сябе, што я рэлігійны, а таму ўваскрэсну.
   Трэба старацца быць “велікодным” чалавекам. Што гэта значыць? Давайце паспрабуем прыгадаць, якія мы падчас гэтых выключных хвілін Вялікага Дня. Звычайна вельмі добрыя і радасныя, поўныя сіл і надзеі, добразычлівыя і таварыскія, спяшаемся ў свае парафіяльныя святыні, каб разам з усім Касцёлам заспяваць радаснае “Алелюя”, а затым у гэтай атмасферы радасці сесці за святочныя сталы. У гэтыя дні радаснае “Алелюя” не сходзіць з нашых вуснаў. І нават калі ў гэты час мы перажываем цяжкасці і нам не хапае гэтай людской радасці, то як сапраўдныя вернікі мы яшчэ больш разумеем ісціну Уваскрасення Хрыста. Менавіта такі ён – “велікодны” чалавек.
Гэта своеасаблівы погляд на свет кожнага з нас. Погляд, аўтарам якога з’яўляецца сам Бог. Я лічу, што сёння нам неабходна менавіта гэта. Велікодны погляд на свет робіць нас людзьмі Уваскрасення. З Богам, які жыве ў нашых сэрцах, у нашым народзе, на нашых землях, мы паўстанем з усяго. Гэта і ёсць тое новае жыццё, якое мы атрымліваем ад Хрыста, што пастаянна “стварае” нас шчаслівымі, поўнымі Божай радасці і надзеі.
   У велікоднай секвенцыі, якая з’яўляецца выдатным літаратурным вызнаннем ісціны аб Уваскрасенні Хрыста, спяваем: “Верым, што Уваскрос Ты, што гэты цуд сапраўдны”. Давайце дадзім гэтай веры сведчанне сваім жыццём, давайце як мага даўжэй будзем “велікоднымі” людзьмі, якія ў чарговы раз стануць сведкамі Велікоднага цуду.
   Разам з усёй Рэдакцыяй я кожнага з Вас, дарагія Чытачы, хачу ахінуць велікодным позіркам і скласці Вам сардэчныя пажаданні.
   Жадаю кожнаму з Вас, каб у гэты радасны дзень Уваскрасення радасць перапаўняла Вашыя сэрцы і дамы. Уваскрасенне дае кожнаму з нас магчымасць з верай глядзець у будучыню. Дык няхай кожнаму хопіць гэтай надзеі, якая зробіць нас шчаслівымі. Хрыстос, уваскрасаючы, паўстае перад кожным з нас, каб указаць добрую сцежку жыцця. Няхай моц Велікодных свят заслоніць паўсядзённыя клопаты. Няхай уваскрослы Хрыстос спасылае на Вас ласкі і прыносіць шчасце ў Вашыя дамы.
   Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.