ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Гасанна на вышынях!

Пастырскае Слова

Паважаныя Браты ў Хрыстовым святарстве, вялебныя Манаскія Сёстры, умілаваныя ў Хрысце Браты і Сёстры! Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!
У чарговы раз мы перажываем радасныя Велікодныя святы, з верай пахіляючыся над таямніцай Уваскрасення Пана. У нашых святынях гучыць урачыстае “Алелюя – хваліце Пана!” Мы ўсім сэрцам прагнем праспяваць Богу нашу бязмежную любоў за надзвычайную справу збаўлення, якое здейснілася ў Езусе Хрысце.
    Пасхальная таямніца паказвае нам Хрыста як Пераможца над моцамі зла і цемры. Трыумф уваскрослага Пана распачаў новую эпоху ў гісторыі чалавецтва, паказаў найбольш поўны і канечны сэнс гісторыі збаўлення, прывёў да таго, што мы па-іншаму глядзім на таямніцы чалавечага лёсу. Хрыстова Уваскрасенне надае сэнс нават самым балючым перажыванням чалавека, такім, як пакуты, хвароба, смерць.
Праўда аб Уваскрасенні дазваляе нам, хрысціянам, мужна змірыцца са з’явай таго, што нашае жыццё няўмольна мінае, з непазбежнай неабходнасцю смерці. Калі мы з болем развітваемся з самымі блізкімі, якія адыходзяць з гэтага свету, калі з непакоем думаем аб надыходзячай гадзіне нашай смерці, Пасхальная таямніца становіцца для нас крыніцай непахіснай надзеі, таму што яна прыгадвае, што прадвызначэннем кожнага чалавека, збаўленага Хрыстом, з’яўляецца вечнае жыццё.
    У Велікодныя святы ўсе хрысціяне жадаюць адзін аднаму ўсяго найлепшага. Я хацеў бы сёння пажадаць Вам, дарагія Дыяцэзіяне, перш за ўсё, глыбокай веры. Няхай яна будзе для кожнага з Вас крыніцай духоўнай моцы ў цяр­пенні, сталай надзеі ў час сумненняў і неспакою, унутранай стойкасці, калі Вы будзеце падлягаць выпрабаванням. Няхай святло надзеі, якое выходзіць з пустога гробу Хрыста, будзе надзейным правадыром на дарогах Вашага жыцця. Няхай разуменне бясконцай любові Бога да чалавека, якая знайшла сваё найлепшае выражэнне ў таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Хрыста, напоўніць Вашыя сэрцы пачуццём удзячнасці і ўзбудзіць у іх гарачае жаданне любові да Пана кожным добрым учынкам.
З асаблівай любоўю і ўдзячнасцю я думаю пра тых з Вас, хто сваімі пакутамі, перанесенымі з верай, дае цудоўнае сведчанне любові да Хрыста. Я прагну Вас запэўніць, што, яднаючыся са Збаўцам у таямніцы Яго крыжа, Вы духоўна ўзбагачаеце супольнасць Касцёла, паколькі Вашыя пакуты памнажаюць у ёй непрыкметныя скарбы ласкі. Сёння я хачу Вам за гэта ад усяго сэрца падзякаваць.

   Дарагія Дыяцэзіяне! Перажываючы разам з Вамі радасныя святы Уваскрасення Пана, я ўсіх Вас ахінаю сваёй малітвай, выпрошваючы ў змёртвыхпаўсталага Збаўцы неабходныя ласкі для кожнага з Вас. Радаснага Вялікадня!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.