ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Час Вялікага посту: як перажываць яго правільна?

На шляху да святасці

Кс. Віктар ХанькоВялікі пост як асаблівы перыяд у жыцці хрысціяніна выклікае ў нас шмат пытанняў. Ці дастаткова таго, што я не буду ўжываць мяса і слухаць музыку? Колькі разоў я мушу ўдзельнічаць у Крыжовым шляху? Што для мяне Вялікі пост – нудная традыцыя маіх бабуль і дзядуль ці ўсё ж такі штосьці большае? А чаму святар з-за амбона кажа, што Вялікі пост – гэта мой шанец? Як тады яго выкарыстаць? Як абраць адпаведную для сябе пастанову на Вялікі пост? А калі я раптам “спатыкнуся” ў часе посту і не вытрымаю пастановы? Ці вялікі гэта грэх? Дапамагчы разабрацца з гэтымі пытаннямі мы папрасілі ксяндза Віктара Ханько, вікарыя касцёла св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
– Ксёндз Віктар, у чым асаблівасць перыяду Вялікага посту?
    – У гэты час чалавек у першую чаргу засяроджвае ўвагу на тым, каб паглыбіцца ў сваё “я”. На гэтыя ўнутраныя развагі ёсць сорак дзён. Лічба 40 сімвалічная: яна абазначае ачышчэнне. Гэта час, калі чалавек мусіць знайсці сваё “я” ў самім Богу, у таямніцы Пана Бога. Асаблівая таямніца Вялікага посту – гэта містэрыя Уваскрашэння Хрыста. Таму мы паглыбляемся ў сябе, каб знайсці сваё “я” ў адносінах да Бога, да сябе і да бліжняга чалавека. Нельга знайсці Бога, калі, напрыклад, мы не ядзім мяса. Самі па сабе нейкія велікапосныя пакуты не могуць паспрыяць таму, што ў гэтым мы знойдзем Бога. У Вялікі пост я як ксёндз задаю сабе пытанне: што я раблю правільна, чаго не раблю і што павінен рабіць? Як ксёндз, як той, каго паклікаў Бог, я пытаю сябе, што асаблівага я павінен знайсці, на што раней не звяртаў увагі? Я заўсёды кажу бацькам: “Ты як бацька, Ты як маці, што Вы робіце ў адносінах да сваіх дзяцей? І што павінны рабіць?”

   – Значыць, справа не ідзе толькі пра тое, каб адмовіцца ад мяса ці салодкага і выключыць тэлевізар ці камп’ютар?
    – Першая прыступка ў посце духоўная, а толькі пасля фізічная. Нельга пачынаць пост з таго, што проста не есці мяса ці цукерак. Часам Вялікі пост робіцца традыцыяй з маленькай літары, робіцца тым, што як бы засталося ад нашых бабуль і дзядуль. Нельга так успрымаць Вялікі пост. Кожны Вялікі пост – гэта новы пост, новы шанец трошкі прытармазіць і паглыбіцца ў сябе.

    – А як не загубіцца ў абраднасці? Можна прыняць удзел ва ўсіх Крыжовых шляхах, адспяваць Песні жальбы і як бы паставіць сабе за гэта галачку, аднак так сапраўды і не перажыць Вялікага посту.
    – Сам па сабе чалавек можа лёгка ва ўсім гэтым загубіцца, калі ў яго ад самага дзяцінства не было закладзена, што Вялікі пост – гэта асаблівы перыяд у адносінах да Бога і да сябе. Лёгка загубіцца менавіта ў знешніх праявах: я не буду есці мяса, хадзіць на дыскатэку. Гэта пахіленне ў нейкае фарысейства. Каб не загубіцца, патрэбны тыя людзі, якія дапамогуць утрымаць гэты ўнутраны элемент падчас Вялікага посту. Пан Бог стварыў чалавека ў супольнасці. Калі чалавек сам па сабе закрыецца і проста ў адзіноце будзе адгаворваць малітвы, яму цяжка будзе штосьці адкрыць. Заўсёды патрэбна група веруючых людзей, якія могуць падтрымаць ва ўнутраных пошуках.

    – Як зараз растлу­мачыць дзіцяці пера­жы­ванне Вялікага посту? Як з маленства выхоўваць правільнае перажыванне гэтага часу?
    – Дзіцяці гэта цяжка тлумачыць. Як, напрыклад, яму патлумачыць, што такое сонца? Ён яго бачыць. Таму ў першую чаргу, дзіця мусіць адчуваць любоў сваіх бацькоў, бачыць у іх аўтарытэт. І калі тата становіцца на калені, калі бацькі нейкі час не ўжываюць мяса, значыць, штосьці ў гэтым ёсць. Акцэнт робіцца на тым, што бацькі паказваюць прыклад. Гэта першая прыступка ў выхаванні. У любым выпадку маленькае дзіця гэтага не зразумее, але ўжо гэты прыклад, гэтая пастава маці і бацькі будзе ў яго закадзіравана. А разуменне прыходзіць пазней. Гэтак жа Бог дзейнічае і з дарослымі людзьмі: спачатку дае карцінку, а пасля – тлумачэнне.

    – Ці ёсць сэнс у чымсьці абмяжоўваць дзяцей падчас Вялікага посту?
    – Канешне, ёсць. Гэта ўжо выбар бацькоў, які ідзе знутры: яны самі павінны бачыць, што такое дабро і зло.
    Абмежаванні і рамкі заўсёды патрэбны чалавеку. Толькі трэба, каб гэтыя рамкі не былі Богам. Гэта не Бог нам штосьці забараняе, а мы самі робім свядомы выбар, усведамляючы неабходнасць ці карысць нейкай забароны або адмовы ад чагосьці.

    – Як зрабіць добрую пастанову на Вялікі пост? Ці варта кіравацца тым, што трэба адмовіцца ад чагосьці, што найбольш любіш: ад салодкага, ад прагляду серыяла “Доктар Хаус” і інш?
    – Варта звярнуцца па дапамогу да іншага чалавека, неабавязкова святара. І спытаць яго: “Што табе ўва мне падабаецца, а што не падабаецца?” А пасля спытаць сябе пра тое самае. І трэцяе, што важна, задаць такое ж пытанне Богу. Якімі Ён хоча нас бачыць? Што Яму ў нас не падабаецца? І вось на гэта звярнуць увагу падчас Вялікага посту. Я заўсёды з гумарам кажу, што, напрыклад, калі дзяўчына не фарбуецца і не сочыць за сабой, то ў Вялікі пост ёй трэба пачаць фарбавацца. Калі нехта не есць увесь час, трэба пачаць есці ў Вялікі пост. Інакш кажучы, трэба знайсці тую ўнутраную рану, тую слабасць, якая найбольш трымае, не пускае да Бога і да бліжняга чалавека. Гэта можа быць нейкая маленькая драпіна: камп’ютар, цукерка, парадак дня, што патрабуе змены. Не толькі каб сябе прыціснуць, у чым таксама ёсць сэнс – трошкі як бы падкруціць сваю волю, але найперш знайсці тое, што наблізіць да бліжняга і да Бога. Калі я не слухаю музыкі, то ці ёсць сэнс адмаўляцца ад яе ў часе Вялікага посту? Можа, ёсць рэчы, якія нам падабаюцца, але яны не перашкаджаюць. Трэба паглыбіцца ў сябе і пашукаць, што акурат перашкаджае, да чаго мы моцна прывязаны, і паспрабаваць пераадолець гэта.

    – А што рабіць, калі чалавек не вытрымаў сваёй пастановы на Вялікі пост – проста сарваўся ў хвіліну слабасці?
    – Калі такое здараецца, значыць, чалавек на правільным шляху. Калі б я ўзяў нейкую пастанову і стрымаў яе да канца, то ў мяне магла б узнікнуць пыха, ганарлівасць, што я так змог, што я лепшы. А так я прыходжу да Бога са сваёй слабасцю: “Божа, я не стрымаўся і ўпаў”. Бог на гэта скажа: “Бачыш, ты дакрануўся да такой вяршыні, якую не змог утрымаць. Давай зараз пачнём спачатку, але разам з табой падумаем над тваёй пастановай”. Трэба заўсёды дзякаваць Богу за тое, што ты ўпаў. Як казаў св. Павел, там, дзе ёсць упадак, самае дно граху, там заўсёды ляжыць асаблівае зярнятка Бога. Асаблівая Божая ласка ахінае акурат тых, хто моцна падаў. Тут, бачыце, няма людской логікі, але ёсць логіка Бога. Хрысціянскае жыццё – гэта пастаянная дарога ўгару і з гары.
    – Ці можна посціць або прымаць нейкую пастанову ў інтэнцыі іншага чалавека?
    – Так, можна. Як мы часам кажам: Пан Бог дзеліцца сваімі цвікамі на крыжы. Калі Бог даў нам нейкае цярпенне, хоць гэта і цяжка прыняць, але яго можна за кагосьці ахвяраваць. Нават звычайны зубны боль, напрыклад. Я б сказаў, што нават трэба прымаць цярпенні ў чыёйсьці інтэнцыі. Нічога страшнага ў тым, каб браць пастановы толькі за сябе, канешне, няма, але штосьці эгаістычнае ў гэтым можа быць. І калі мы ахвяруем у імя кагосьці пастанову, то лепш гэта сказаць таму чалавеку: “Я за цябе сёння папошчу, ці адгавару нейкую малітву, ці зраблю нейкі ўчынак менавіта за цябе. Каб у тваё сэрца ўвайшоў Бог”.

    – А ці не будзе гэта прыніжаць таго чалавека?
    – Не, калі гэтую пастанову спачатку сказаць Богу, памаліцца за гэта, адчуць, што Бог гэтага хоча, што гэта патрэбна таму чалавеку. Сказаць, напэўна, словамі самога Бога, не сваімі – маўляў, зараз я буду маліцца за твае грахі, каб ты змяніўся. Гэта можа прынізіць чалавека. А проста сказаць, што малюся за цябе, каб у тваё сэрца ўвайшоў Бог.

    – Ксёндз Віктар, а чым для Вас з’яўляецца Вялікі пост?
    – Гэта час, каб знайсці яшчэ больш Бога ўнутры сябе. Напэўна, так...

    – Дзякуй за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.