ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Паклон трох каралёў і яго сімволіка

Хрысціянскія традыцыі

Хоць традыцыя хоча бачыць у іх каралёў, св. Мацвей называе іх мудрацамі. Евангелле не падае, колькі было мудрацоў; іх колькасць выводзіцца на падставе дароў, якія яны склалі нованароджанаму Езусу: золата, ладан і міра. Акрамя гэтага, нам вядома, што яны прыбылі аднекуль з Усходу, што ў тыя часы азначала землі ўсходней Іярдана: Аравію, Вавілон і Персію. А легенда з VI стагоддзя апісвае магаў як перскіх святароў-астролагаў.
    Прадказанне паклону каралёў знаходзіцца ў Старым Запавеце: “І ўсе цары будуць Яму пакланяцца, усе народы Яму служыць будуць” (Пс 72, 11), а таксама: “Пойдуць народы да твайго святла і каралі да бляску твайго ўсходу” (Іс 60, 3). Магчыма, пад уплывам інтэрпрэтацыі гэтых тэкстаў прыкладна з Х ст. у магах пачалі бачыць каралёў і паказваць іх у каронах. У познім сярэднявеччы ў трох каралях бачылі прадстаўнікоў трох кантынентаў: Еўропы, Азіі і Афрыкі, а аднаго з іх, звычайна малодшага, прадстаўлялі неграм.
Гістарычныя абставіны падарожжа мудрацоў не з’яўляюцца вельмі важнымі. Мы, пэўна, ніколі не даведаемся, колькі іх было і адкуль яны прыйшлі. Іх постаці выконваюць сімвалічную ролю, бо прадстаўляюць увесь язычніцкі свет. Хрыстос прыходзіць з місіяй не толькі да свайго народу. Ён з’яўляецца Збаўцам усіх людзей, народаў, культур, эпох і рэлігій. Гэта на Яго ўказала нязвыклая зорка: “Бо мы ўбачылі зорку Яго на Усходзе і прыбылі пакланіцца Яму” (Мц 2, 2). “І вось, зорка, якую яны бачылі на Усходзе, рухалася наперадзе, аж пакуль не спынілася над месцам, дзе было Дзіця” (Мц 2, 9). З’яўленне новай зоркі было для мудрацоў прадвеснікам прыйсця на свет вялікага Караля, а незвычайная з’ява вандруючага нябеснага цела сведчыла аб боскасці Дзіцяці. Магі паспяшаліся за зоркай, каб аддаць паклон Таму, у кім яны распазналі Пана сусвету. Пасля таго, як зорка выканала сваю місію, яна знікла.
    Дары, складзеныя мудрацамі, таксама маюць сімвалічнае значэнне. Грыгорый Вялікі сцвердзіў: “Мудрацы ахвяруюць золата, ладан і міра. Золата належыць каралю, ладан ахвяруецца Богу, а мірам бальзамуюцца целы памерлых. А таму Таго, каму мудрацы аддаюць пашану, яны таксама адорваюць містычнымі дарамі: золатам – як караля, ладанам – як Бога, мірам – як падуладнага смерці чалавека”.
    Золата было для яўрэяў сімвалам Боскага святла і годнасці Бога. Як самы высакародны метал, золата ўпрыгожвала каўчэг запавету і святыню Саламона, а ў біблійнай сімволіцы яно прадстаўляла ўсё каштоўнае і найбольш цэннае. У хрысціянскім мастацтве залаты колер указвае на неба, дзе жыве Бог, а залаты арэол вакол галавы святых нагадвае пра іх удзел у хвале збаўленых. Таксама ў колерах літургічнага ўбрання і начыння золата лічыцца адлюстраваннем вечнай хвалы, каралеўскі метал і ў дадзенай сітуацыі ўказвае на Божае валадарніцтва нованароджанага Езуса.
    Духмяныя воблакі дыму ад ладану, якія атрымліваюцца ў выніку спальвання спецыяльных смол, сімвалізуюць адухаўленне, імкненне ўвысь, хвалу, ахвяру і малітву. Ладан шырока выкарыстоўваецца ў літургіі, асабліва візантыйскай. Акурванне асоб ці прадметаў мае ачышчальнае значэнне, падобна як акрапленне асвечанай вадой.
    Міра – гэта прыемная на пах, але горкая на смак смала бальзамічнага дрэва. У Старым Запавеце галоўнае значэнне міра звязана з прыемным пахам. Міра, складзенае мудрацамі ў дар, з’яўляецца прадказаннем будучых пакут і смерці Езуса, таму што яно служыла для бальзамавання цел.
    Віно, перамешанае з мірам і пададзенае Збаўцы, які паміраў на крыжы, было Ім адштурхнута як пацвярджэнне добраахвотнасці Яго пакуты.
    Ва ўрачыстасць Трох Каралёў Касцёл асвячае золата, ладан і крэйду. Крэйда, якой мы пазначаем дзверы нашых дамоў першымі літарамі імён мудрацоў і лічбай новага года, таксама мае сімвалічнае значэнне. Мы ўзгадваем тут выхад выбранага народу з егіпецкай няволі, калі паводле наказу Бога ізраільцяне пазначылі дзверы і парогі дамоў кроўю ягняці. Парог нашага дома з’яўляецца як бы парогам нашага хатняга Касцёла і адначасова злучае нас са светам. Пазначаючы дзверы святымі імёнамі і знакамі, мы выражаем жаданне, каб у новым годзе парог нашага дома пераступала толькі дабро.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.