ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

“ААЗІС”, ці радаснае пазнанне Бога!

Семінарыйная газета

Кожны чалавек прагне развівацца і ўдасканальвацца. І гэта натуральна. Кожны спявак старанна трэніруе свой голас, каб спяваць яшчэ лепш. Той, хто вывучае замежную мову, прыкладае шмат намаганняў, каб як мага лепш яе ведаць. Чалавек, які карыстаецца аўтарытэтам у людзей, стараецца яго не страціць. Гэтае жаданне ўдасканалення павінна праяўляцца таксама ў жыцці кожнага хрысціяніна. Галоўнай задачай хрысціяніна з’яўляецца служэнне Богу і жыццё паводле Яго волі. У духоўным жыцці нельга стаяць на месцы, таму што, хто не развіваецца, той ідзе назад.
У духоўным развіцці важнае месца займае Божае слова: мы чытаем Святое Пісанне і слухаем яго падчас кожнага набажэнства ў касцёле, а асабліва падчас святой Імшы. Божае слова запісана і дадзена нам не толькі для таго, каб яго чытаць, але і для таго, каб над ім задумвацца, інтэрпрэтаваць і дастасоўваць яго да свайго штодзённага жыцця. Дзейнасць Аазіснага руху “Святло-Жыццё” абапіраецца на Святое Пісанне. З яго чэрпае тэмы і ў ім знаходзіць іх тлумачэнне. Кожны хрысціянін мае абавязак абвяшчэння Божага слова блізкім, сваякам, сябрам – усім… Таму, каб дапамагчы вернікам выконваць гэты абавязак, адным з заданняў Руху з’яўляецца паслуга Слова, г.зн. прапаведаванне і абвяшчэнне Божага слова, гэтак званая дыяконія.
Кожнаму чалавеку неабходна супольнасць (кайнонія), бо ў ёй ён развіваецца і расце. І чым больш дасканалая супольнасць, тым больш дасканалы кожны яе асобны член. Таму рух “Святло-Жыццё” імкнецца таксама да ўтварэння дасканалай і сталай супольнасці, адкрытай на Бога і людзей. Раз на тры тыдні ўдзельнікі Руху сустракаюцца ў невялікіх групах у парафіях. Разважаюць Святое Пісанне, задумваюцца над жыццёвымі сітуацыямі і адпаведнымі падзеямі, дыскутуюць і такім чынам узаемна фармуюцца. Увянчаннем гэтай фармацыі з’яўляюцца спецыяльныя пятнаццацідзённыя рэкалекцыі летам. Усё гэта мае на мэце дасканаленне супольнасці як групы людзей, якія хочуць разам дасягнуць збаўлення.
    “Вера без учынкаў мёртвая”. Найлепшым спосабам евангелізацыі і навучання Божых праўдаў з’яўляецца сведчанне. Можна шмат чытаць, шмат ведаць, быць добрым прамоўцам, але Слова ніколі плённа не дойдзе да слухачоў, калі яно не будзе пацверджана асабістым жыццём. Калі чалавек жыве Божым словам і верай, выконвае Божыя запаведзі, ён становіцца сапраўдным зернем ва ўраджайнай глебе, якая прынясе не дзесяцікратны, не трыццацікратны і нават не стократны, а тысячакратны плён. Такіх вучняў патрабуе Хрыстос. Неаднойчы наша вера і набожнасць абмяжоўваецца сценамі касцёла: толькі там мы з’яўляемся католікамі, толькі там вітаемся хрысціянскім прывітаннем і там мы гатовыя да малітвы, да сведчання, а можа, і на гераічныя ўчынкі, а часта, праходзячы каля крыжа ці капліцы, мы саромеемся перахрысціцца. Наступнай мэтай руху “Святло-Жыццё” з’яўляецца даванне сведчання, т.зв. мартырыя. Вера і рэлігійнасць – гэта не хобі, гэта жыццё. Я адзін і такі ж самы як у сценах касцёла, так і па-за яго межамі. Таму гэты Рух заахвочвае да жывога сведчання, да публічнага прызнання Езуса і прыняцця Яго як свайго Пана і Збавіцеля, бо “хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім…”
    Напэўна, кожны з нас з’яўляецца сведкам вялізных натоўпаў людзей падчас вялікіх урачыстасцей на святой Імшы, дзе шмат сімвалаў, тэкстаў, рухаў, а таксама кленчанне, сядзенне, складзеныя рукі… Усё гэта павінна быць выражэннем нашага ўнутранага свету (літургія). Кожны з жэстаў штосьці сімвалізуе і выражае. Цяжка гаварыць пра добрае і плённае перажыванне той ці іншай урачыстасці, калі не ведаеш сэнсу асобных частак цэлай літургіі. “Аазіс” дапамагае больш свядома перажываць самыя галоўныя падзеі на працягу літургічнага года. Ён абуджае жаданне свядомага ўдзелу ў вытоках і вяршыні сапраўднага хрысціянскага жыцця – у святой Імшы – праз тлумачэнне, разуменне і ўсведамленне літургічных паставаў і жэстаў, якія звычайна выконваюцца несвядома. Жыццё сапраўднага хрысці­яніна павінна засноўвацца на малітве. З яе чалавек чэрпае сілы і ў ёй знаходзіць адказы на пытанні. Найбліжэй да Бога знаходзіцца той, хто моліцца. Малітва з’яўляецца сустрэчай чалавека з Богам, і аб тым, каб гэтая сустрэча не была сухой і нуднай, клапоціцца рух “Святло-Жыццё”, у якім ёсць шмат розных спосабаў і форм малітвы. Супольнасць моліцца вуснай малітвай, разважае над Святым Пісаннем, удзельнічае ў штодзённай святой Імшы, супольна адаруе Найсвяцейшы Сакрамант, а нават, адгаворваючы Брэвіярый, моліцца малітвай Касцёла.
    Да таго ж, рух “Святло-Жыццё” не зводзіцца выключна да малітвы, засяроджання і роздуму. Яго члены могуць радасна адкрываць Бога ў спевах, інтэграцыйных танцах і супольных забавах.

    Так коратка можна ахарактарызаваць Аазісны рух “Святло-Жыццё”. Калі Табе падабаюцца яго харызматы, запрашаем на сустрэчы!
   
Пар. св. Францішка Ксаверыя (катэдра) - 10 снежня ў 20.00;
пар. Узвышэння Святога Крыжа (Пабернардынскі касцёл) - 11 снежня ў 18.00;
пар. Беззаганнага зачацця НПМ (Паўднёвы) - 12 снежня ў 20.00;
пар. св. Юзафа (вул. Сухамбаева) - 17 снежня ў 19.00.
Далучайся да нас! Спрабуй! Рызыкуй! З Хрыстом заўсёды варта выплываць на глыбіню!
 Больш інфармацыі на: www.vkontakte.ru/club30393316

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.