ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Таямнічая гісторыя

Дзіцячы куточак

Тады падышоў Пётр і сказаў Яму: “Госпадзе, колькі разоў я павінен дараваць брату майму, які будзе грашыць супраць мяне? Ці да сямі разоў? Кажа яму Езус: “Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці сямі разоў” (Мц 18, 21-22).
Аднойчы ўсе лясныя жыхары захварэлі: яны перасталі бачыць некаторыя прадметы. Але самае страшнае, што яны перасталі бачыць адзін аднаго. Зайчык, напрыклад, не бачыў толькі Воўка і Мядзведзя, але добра бачыў Вожыка. Яшчэ ён бачыў моркву, але не мог убачыць вялікі гарбуз. Мядзведзь і Вавёрка не бачылі моркву. Затое Мядзведзь бачыў мёд, а Вавёрка – гарэхі. Поўная блытаніна!
    А пачалося ўсё так: аднойчы Заяц вырашыў запрасіць у госці Мядзведзя. Ён доўга думаў, чым жа пачаставаць госця, і вырашыў, што самае смачнае ў свеце – гэта морква. Таму Заяц выбраў самую сакавітую моркву.
Неўзабаве Мядзведзь пас­тукаўся ў дзверы Зайчыкавай хаткі.
    – Хто там? – спытаў Зайчык.
    – Гэта я, Мя-дзведзь. Ты мяне запрашаў сёння на абед!
    – Так, так, – сказаў Заяц, адчыняючы дзверы. – Заходзь, калі ласка. Сёння я буду частаваць цябе вельмі смачнай стравай. Мядзведзь вырашыў, што яго будуць частаваць мёдам, бо для яго не існуе нічога смачнейшага за мёд. Ён паглядзеў на стол, але не ўбачыў ніякай смачнай стравы. На стале стаялі пустыя талеркі.
    – Вось, – урачыста прамовіў Зайчык, паказваючы на стол, застаўлены мноствам страў з морквы, – табе вельмі спадабаецца абед, які я прыгатаваў.
    Мядзведзь сеў за стол і задуменна пачасаў лапай патыліцу. Яму не хацелася выглядаць няветлівым, але талеркі былі пустыя… – А чым ты мяне збіраешся частаваць? – асцярожна пацікавіўся Мядзведзь.
    – Ну, вось жа яны – самыя смачныя ў свеце стравы! – Зайчык і сам ужо засумняваўся, гледзячы на стол, застаўлены морквай. – Ты што, здзекуешся нада мной? – пакрыўдзіўся Мядз-ведзь. Яго цярпенне лопнула. – Ты запрасіў мяне ў госці і паставіў на стол пустыя талеркі. Ты што, хочаш, каб я еў паветра?!
    Здзіўлены Заяц пакрыў­дзіўся.
    – Як табе не сорамна, Мядзведзь?! Гэта ты нада мной здзекуешся! Я цэлы дзень рыхтаваў абед!
    Медзведзь раззлаваўся і выйшаў з хаты. Так пачалася гэтая дзіўная лясная хвароба. Праз некалькі дзён усе лясныя жыхары сабраліся на вялікай паляне.
    – Гэтую дзіўную хваробу трэба лячыць! – сказаў Воўк.
    – Мы нават пагаварыць не можам, бо не бачым адзін аднаго. Нам абавязкова трэба разабрацца, што з намі здарылася, – сказала Вавёрка.
    – Давайце спытаемся ў Савы. Яна самая мудрая, – прапанавала Ліса.
    – Шаноўная Сава! Не маглі б вы растлумачыць нам, чаму мы захварэлі і як нам вылечыцца? – ледзь не плачучы прамовілі звяры.
    Сава акінула прысутных сваім мудрым позіркам, заплюшчыла вочы і задумалася. Усе затаілі дыханне, бо не хацелі ёй перашкаджаць.
    – Спачатку некалькі пытанняў, – сказала Сава. – Хто першы захварэў на гэтую дзіўную хваробу?
    Аказалася, што першымі захварэлі Мядзведзь і Заяц пасля сваркі.
    – Я так і думала! – узрадавалася Сава. – Мне ўсё ясна. Звычайна мы бачым вакол сябе тое, што нам падабаецца. Напрыклад, Мядзведзь вельмі любіць мёд і не любіць моркву. Побач з ім можа ляжаць самая вялікая і смачная морква, але ён можа наогул яе не заўважыць. А Заяц наадварот можа знайсці нават схаваную моркву, бо гэта яго любімы ласунак.
    – З морквай зразумела, але чаму ж я перастаў бачыць Мядзведзя? – здзівіўся Зайчык.
    – Таму што ты з ім пасварыўся. Ён перастаў быць тваім сябрам. Ты на яго раззлаваўся і больш не захацеў яго бачыць.
   Таксама ўсе лясныя жыхары перасталі бачыць таго, хто ім не падабаецца. Мы бачым тых, каго любім, а тых, хто нам непрыемны, проста не заўважаем.
    – Значыць, мы бачым толькі тое, што нам хочацца бачыць?! Як жа нам зараз пазбавіцца ад гэтай хваробы? – сумна спытала Вавёрачка.
    – Вельмі проста. Вы павінны пагадзіцца і зноў пачаць добра ставіцца адзін да аднаго.
    – Дзякуй, Сава! – закрычалі лясныя жыхары. Яны сапраўды ўсё зразумелі.
    Хвароба знікла на наступны дзень і больш ужо ніколі да іх не вярталася.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.