ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Няма большага праяўлення любові...

З жыцця Касцёла

Адкрыццё выставы “Захаваўшы жыццё”, прысвечанай 70-годдзю са дня пакутніцкай смерці святога Максіміліяна Кольбэ, адбылося 25 кастрычніка ў гродзенскім Музеі гісторыі рэлігіі. Сярод ганаровых гасцей былі айцы з супольнасці айцоў францішканаў на чале з генералам ордэна – айцом Марко Таска.
    Выстава была падрыхтавана сумесна з пробашчам касцёла Маці Божай Анёльскай а. Юзафам Макарчыкам.
    Паколькі св. Максіміліян Марыя Кольбэ належаў да супольнасці айцоў францішканаў, экспазіцыя выставы пачынаецца матэрыяламі, прысвечанымі гэтаму ордэну, а таксама рэчамі, звязанымі з гісторыяй гродзенскага францішканскага кляштара. Напрыклад, на выставе можна ўбачыць два рэдкія выданні Імшалаў, якія належалі айцам францішканам. Гэта венецыянскія выданні Францішканскіх Імшалаў, адзін з якіх – Імшал 1687 г., які належаў касцёлу Маці Божай Анёльскай у Гродне. Для выставы яго перадаў а. Юзаф Макарчык.
“Касцёл Маці Божай Анёльскай у Гродне ніколі не зачыняўся, таму ў ім захавалася шмат помнікаў сакральнага мастацтва. Але найважнейшымі з’яўляюцца ўспаміны людзей, якія там працавалі. Адным з іх быў св. Максіміліян Марыя Кольбэ”, – з гэтымі словамі распачаў аповед пра святога айца францішкана Ігар Ганчарук, аўтар выставы і намеснік дырэктара Музея гісторыі рэлігіі.
    Максіміліян Кольбэ нарадзіўся ў 1894 г. у польскім горадзе Здунская Воля. Значны духоўны ўплыў на фармаванне яго асобы аказала маці – Марыя Кольбэ, з якой Максіміліян заўсёды падтрымліваў цесную сувязь. Пра сведчанне веры і пабожнасці маці св. Максіміліяна кс. Юзаф Макарчык распавёў наступны эпізод: калі Марыя Кольбэ даведалася пра пакутніцкую смерць сына, яна сказала, што не трымае крыўды на тых, хто яго забіў, а шкадуе толькі пра тое, што Максіміліян перад смерцю не прыняў Святую Камунію.
    У 1907 г. Максіміліян Кольбэ паступіў у францішканскую семінарыю ў Львове. Праз тры гады ўступіў у супольнасць айцоў францішканаў, атрымаўшы першае манаскае імя – Максіміліян. У Львоўскім касцёле Маці Божай Беззаганнай ён даў абет: усё сваё жыццё прысвяціць Маці Божай.
    Пасля Львова а. Максіміліян паехаў вучыцца ў Рым, дзе атрымаў доктарскія дыпломы па тэалогіі і філасофіі. У Рыме ён прыняў вечныя шлюбы і атрымаў другое імя – Марыя. Там раскрыўся яго талент да фізіка-тэхнічных навук. Будучы святы нават працаваў над праектам касмічнага карабля. Аднак самым галоўным у яго жыцці было манаскае пакліканне – наследаванне спраў Беззаганнай Маці Божай. У 1917 г. разам з некалькімі айцамі францішканамі а. Максіміліян заснаваў апостальскае таварыства “Рыцарства Беззаганнай”, галоўнай мэтай якога было пашырэнне хрысціянства ў свеце праз пасрэдніцтва Маці Божай.
    На выставе прадстаўлены статут Таварыства, распрацаваны а. Максіміліянам. Рэалізацыю мэт Таварыства а. Максіміліян бачыў у распаўсюджанні друкаванага слова. У выніку ён заснаваў часопіс “Рыцар Беззаганнай”, першы нумар якога выйшаў у Львове. Экзэмпляры часопіса таксама прадстаўлены на выставе.
    У 1922 г. па распараджэнні кіраўнікоў супольнасці айцоў францішканаў а. Максіміліян Кольбэ пераехаў у Гродна. Тут ён пазнаёміўся з а. Мельхіёрам Фардонам, якога яшчэ пры жыцці называлі анёлам, бо ён, чым толькі мог, дапамагаў усім. Для Максіміліяна Кольбэ а. Фардон быў сябрам, дарадцам і спаведнікам. На думку а. Юзафа Макарчыка, а. Фардон аказаў вялікі духоўны ўплыў на св. Максіміліяна.
    На выставе змешчаны таксама здымкі, якія рэпрэзентуюць гродзенскі перыяд жыцця св. Максіміліяна Кольбэ: здымак яго келлі, друкарні ў кляштары францішканаў, дзе друкаваўся часопіс “Рыцар Беззаганнай” і інш.
    Пасля Гродна а. Максіміліян працаваў у Польшчы, Японіі. Яго плённая праца ў рэчышчы свайго паклікання працягвалася да пачатку Другой сусветнай вайны. Разам з іншымі айцамі францішканамі а. Максіміліян Кольбэ быў арыштаваны нацыстамі. Але ў снежні 1939 г. манахаў выпусцілі. У 1941 г. гестапа паўторна арыштавала а. Максіміліяна і адправіла ў канцэнтрацыйны лагер Асвенцім. Праз некалькі месяцаў з гэтага лагера збег вязень, таму было вырашана забіць 10 вязняў. А. Максіміліян Кольбэ выпадкова падслухаў разважанні аднаго з гэтых 10 чалавек, які бедаваў таму, што пакіне ў самоце сваю сям’ю. І а. Максіміліян прыняў рашэнне праз галодную смерць у карцэры аддаць сваё жыццё замест гэтага чалавека. Расказвалі, што Максіміліян Кольбэ падтрымліваў у карцэры астатніх: яны спявалі рэлігійныя песні, маліліся. Калі праз два тыдні дзверы карцэра адкрылі, то ўбачылі мёртвымі ўсіх, акрамя Максіміліяна Кольбэ. Тады яму зрабілі смяротную ін’екцыю.
    “Сваёй смерцю св. Максіміліян Кольбэ паказаў, што чалавека нельга звесці да нейкага нумара ці рэчы. Ён паказаў, што няма большага праяўлення любові, чым аддаць сваё жыццё для выратавання іншага чалавека. Гэты ўчынак у нейкім сэнсе можна параўнаць з выратавальнай місіяй Хрыста”, – на заканчэнне аповеду пра св. Максіміліяна Кольбэ сказаў Ігар Ганчарук. У 1982 г. у Ватыкане на плошчы св. Пятра а. Максіміліян Марыя Кольбэ быў кананізаваны каталіцкім Касцёлам. На ўрачыстай св. Імшы прысутнічаў уратаваны ім вязень Асвенціма Францішак Гаёўнічак.
    А. Юзаф Макарчык на заканчэнне цырымоніі адкрыцця выставы распавёў адзін з эпізодаў, звязаных са св. Максіміліянам Кольбэ. Гэта было ў Германіі каля 20-ці гадоў таму, калі адзін стары чалавек прыйшоў у касцёл, шукаючы каталіцкага святара. Гэтым чалавекам аказаўся былы працаўнік лагера Асвенцім, які зрабіў смяротную ін’екцыю св. Максіміліяну. Гэты стары чалавек прыйшоў да святара пакаяцца за зробленае некалі злачынства.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.