ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

“Porta fidei” (“Брама веры”)

Пастырскае Слова

Апостальскі ліст Бенедыкта XVI у форме “Motu proprio”, які абвяшчае Год веры
Я пастанавіў абвясціць Год веры. Ён распачнецца 11 кастрычніка 2012 г., у пяцідзясятую гадавіну адкрыцця II Ватыканскага Сабору, а скончыцца ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г.
1. “Брама веры” (пар. Дз 14, 27) заўсёды для нас адчынена. Яна нас вядзе да жыцця ў камуніі з Богам і дазваляе ўвайсці ў Яго Касцёл. Гэты парог можна пераступіць, калі абвяшчаецца Божае слова, а сэрца дазваляе ўздзейнічаць на сябе ласцы, якая перамяняе. Пераступіць гэты парог – значыць вырушыць у дарогу, якая доўжыцца ўсё жыццё. Яна пачынаецца хростам (пар. Рым 6, 4), дзякуючы якому мы можам клікаць Бога, звяртаючыся да Яго, як да Айца, а заканчваецца зараз жа пасля пераходу праз смерць да вечнага жыцця, якое з’яўляецца плёнам змёртвыхпаўстання Пана Езуса, які разам з дарам Святога Духа жадаў уключыць у сваю асабістую хвалу тых, хто ў Яго верыць (пар. Ян 17, 22). Вызнанне веры ў Святую Троіцу – Айца, Сына і Святога Духа – раўназначнае з верай у адзінага Бога, які ёсць любоў (пар. 1 Ян 4, 8): Айца, які ў свой час паслаў свайго Сына для нашага збаўлення; Езуса Хрыста, які ў таямніцы сваёй смерці і змёртвыхпаўстання збавіў свет; Святога Духа, які вядзе Касцёл на працягу стагоддзяў у чаканні хвалебнага вяртання Пана.

   2.
Ад пачатку маёй паслугі як спадкаемцы Пятра я прыгадваў аб неабходнасці адшукання дарогі веры, каб яшчэ выразней паказаць радасць і адноўлены запал сустрэчы з Хрыстом. У гаміліі падчас св. Імшы на пачатку майго пантыфікату я сказаў: “Касцёл як адно цэлае, а ў ім яго пастыры павінны так жа, як Хрыстос, вырушыць у дарогу, каб вывесці людзей з пустыні на прастору жыцця, да прыязнасці з Божым Сынам, да Таго, хто дае нам жыццё – абсалютнае жыццё”. Часта здараецца, што хрысціяне больш клапоцяцца пра грамадскія, культурныя і палітычныя наступствы свайго ўдзелу, усё яшчэ думаючы аб веры як аб відавочнай умове супольнага жыцця. На самай жа справе, гэты прынцып ужо не толькі не з’яўляецца такім відавочным, але ён часта проста не прызнаецца. У той час, калі ў мінулым можна было распазнаць аднароднае культурнае палатно, якое ўсюды прымалася ў яго дачыненні да зместу веры і абвяшчаемых ёю каштоўнасцей, то сёння падаецца, што ў значнай частцы грамадства ўсё ўжо не так па прычыне глыбокага крызісу веры, які крануў многіх людзей.

 3. Мы не можам дапусціць, каб соль выветрылася, а святло трымалі пад пасудзінай (пар. Мц 5, 13-16). Таксама сучасны чалавек, як самарытанка каля студні, можа нанова адчуць неабходнасць пайсці, каб слухаць Езуса, які заклікае нас верыць у Яго і зачарпнуць з крыніцы, якая бруіць жывой вадой (пар. Ян 4, 14). Мы павінны нанова адкрыць смак насычэння Божым Словам, якое верна перадаецца Касцёлам, і Хлебам жыцця, дадзеным у якасці падтрымкі тым, што з’яўляюцца Яго вучнямі (пар. Ян 6, 51). На самай справе, вучэнне Езуса у нашыя дні надалей гучыць з той жа сілай: “Дбайце не пра тую ежу, якая гіне, але пра тую, якая застаецца на жыццё вечнае” (Ян 6, 27). Пытанне, якое ставяць тыя, хто Яго слухаў, такое ж, якое ставім і мы: “Што мы павінны рабіць, каб выконваць справы Божыя?” (Ян 6, 28). Нам вядомы адказ Езуса: “Справа Божая заключаецца ў тым, каб вы верылі ў Таго, Каго Ён паслаў” (Ян 6, 29). Таму вера ў Езуса Хрыста з’яўляецца шляхам дасягнення збаўлення.

    4. У святле ўсяго гэтага я пастанавіў абвясціць Год веры. Ён распачнецца 11 кастрычніка 2012 г., у пяцідзясятую гадавіну адкрыцця II Ватыканскага Сабору, а скончыцца ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г. Таксама 11 кастрычніка 2012 г. міне дваццаць гадоў з моманту апублікавання Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, тэксту, выдадзенага маім папярэднікам, бласлаўлёным папам Янам Паўлам II, каб паказаць усім вернікам моц і прыгажосць веры. Гэты дакумент, сапраўдны плод II Ватыканскага Сабору, быў запатрабаваны Надзвычайнай асамблеяй Сіноду Біскупаў у 1985 г. як інструмент на службу катэхізацыі і ўзнік дзякуючы супрацоўніцтву ўсяго епіскапата каталіцкага Касцёла. Менавіта ў кастрычніку 2012 г. я склікаў Генеральную асамблею Сіноду Біскупаў на тэму: “Новая евангелізацыя для перадачы хрысціянскай веры”. Гэта будзе добрая нагода для таго, каб увесці ўсю касцёльную супольнасць у час асаблівай развагі і паўторнага адкрыцця веры. Ужо не першы раз Касцёл закліканы да адзначэння Года веры. Мой шаноўны папярэднік, Слуга Божы Павел VI, абвясціў падобны Год у 1967 г. для ўвекавечання пакутніцтва апосталаў Пятра і Паўла на 1900 гадоў з іх найвышэйшага сведчання веры. Ён хацеў, каб гэта быў урачысты момант, каб ва ўсім Касцёле было “праўдзівае і шчырае вызнанне той самай веры”. Між іншым, ён таксама хацеў, каб гэтая вера была пацверджана “індывідуальна і супольна, вольна і свядома, унутранна і знешне, пакорна і шчыра”. Ён лічыў, што такім чынам увесь Касцёл зможа прыняць “выразную свядомасць веры, каб яе ажывіць і ачысціць, каб яе ўзмацніць і пацвердзіць, а таксама прызнаць яе”. Вялікія ўзрушэнні, якія адбыліся ў гэтым годзе, зрабілі яшчэ больш выразнай неабходнасць урачыстасці такога тыпу. Яна скончылася “Вызнаннем веры Божага Люду”, каб засведчыць, як вельмі важная сутнасць, акая на працягу стагоддзяў з’яўляецца спадчынай усіх вернікаў, павінна быць пацверджана, зразумета і паглыблена няспынна новымі спосабамі, каб даць адпаведнае сведчанне ў іншых, чым у мінулым, гістарычных умовах.

    5. У некаторых адносінах мой шаноўны папярэднік успрымаў гэты Год як “наступства і постсаборнае патрабаванне”, добра разумеючы цяжкасці таго часу, асабліва адносна вызнання веры і вернасці яе правільнай інтэрпрытацыі. Я лічу, што распачацце Года веры ў сувязі з пяцідзясятай гадавінай адкрыцця II Ватыканскага Сабору можа быць добрай нагодай, каб зразумець тэксты, пакінутыя саборнымі айцамі, якія, на думку бласлаўлёнага Яна Паўла II, “не губляюць ні каштоўнасці, ні бляску”. Неабходна, каб яны належным чынам прачытваліся, вывучаліся і засвойваліся як кампетэнтныя і нарматыўныя тэксты Настаўніцтва, якія належаць да Традыцыі Касцёла. Сёння, пасля заканчэння Юбілею, я асабліва адчуваю абавязак паказаць Сабор як вялікую ласку, якая стала дабрадзействам для Касцёла ХХ стагоддзя: ён быў нам дадзены як надзейны компас, які ўказвае шлях у распачатым стагоддзі”. Я таксама хачу асабліва падкрэсліць тое, што сказаў наконт Сабору праз некалькі месяцаў пасля абрання мяне спадкаемцам Пятра: “Калі мы яго прачытваем і прымаем у святле правільнай герменеўтыкі, ён можа быць і ўсё больш станавіцца вялікай моцай, якая служыць аднаўленню Касцёла, якое заўсёды неабходна”.

працяг у наступным нумары

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.