ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Не аскуднее рука таго, хто дае

На шляху да святасці

Гавораць, што міласэрнасць – гэта адзін з паказчыкаў развіцця грамадства. Аднак у сучасным свеце ўсё менш людзей, якія б з ахвотай дапамагалі тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Ужо зусім звычайнымі сталі сітуацыі, калі пажылым людзям, цяжарным жанчынам і інвалідам не саступаюць месца ў грамадскім транспарце. Як толькі такія пасажыры з’яўляюцца ў дзвярах аўтобуса ці тралейбуса, усе астатнія раптам пачынаюць адварочвацца ў бок вакна, чытаць нешта важнае ў тэлефоне альбо проста апускаць вочы. І гэта тычыцца не толькі маладога пакалення, якое прынята вінаваціць ва ўсіх смяротных грахах.
    Аналагічныя выпадкі часта здараюцца, калі некаму неабходна дапамога пасярод вуліцы. Рэдка хто спыніцца і зверне ўвагу на чалавека, які ляжыць на ходніку, загадзя вырашыўшы, што гэта п’янчуга. І здараецца, што людзі з сардэчнымі прыступамі ці іншымі нядугамі вымушаны ледзь не паміраць сярод абыякавага натоўпу.
Атрымліваюцца суцэльныя парадоксы: з аднаго боку, усе мы цудоўна ведаем і цытуем словы запаведзі: “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”, а з другога – амаль не праяўляем спагады, чуласці і ўзаемадапамогі.
    І тут справа не ў тым, што кожны ўкладвае ў паняцце міласэрнасці сваё разуменне: сабраць нейкія непатрэбныя рэчы і аддаць жабракам, падараваць цацкі і пакет з цукеркамі выхаванцам дзіцячага дома, прыняць на сябе частку гора зусім чужога чалавека альбо проста пацікавіцца здароўем бабулі з суседняга пад’езду і збегаць у аптэку, каб купіць патрэбныя лекі. Проста не кожны можа зразумець, што гэтыя рэчы могуць зрабіць кагосьці шчаслівымі і даць сілы жыць далей. А што яшчэ часцей, людзі проста схільныя думаць, што выратаваць Сусвет не ў сілах аднаго чалавека, ды і каб рабіць міласэрныя ўчынкі, трэба шмат выдаткаў і часу, трэба асаблівае месца і абставіны. І многія баяцца раскрыць свае сэрцы, бо міласэрнасць падаецца нечым глабальным.
    Некаторыя могуць сказаць, што бездапаможным падтрымку аказвае дзяржава. Дзецям-сіротам, адзінокім старым людзям фінансава дапамагаюць бізнесмены і знакамітыя людзі. Ствараюцца адмысловыя фонды, ладзяцца дабрачынныя канцэрты і аўкцыёны, працуюць валанцёры. Безумоўна, міласэрнасць зараз набыла крыху іншы характар, так сказаць, калектыўны. І з аднаго боку, гэта правільна, але не варта забывацца на тое, што міласэрнасць павінна быць нормай жыцця ўсяго грамадства, а не асобных яго катэгорый ці груп, і каб яе праявіць, неабавязкова быць знакамітым і мець тоўсты кашалёк.

   
Трэба ўсяго толькі:
    Жыць і дзейнічаць ў адпаведнасці са сваім сумленнем.
    Быць адкрытым для людзей: умець выслухаць і пастарацца зразумець, бо часам дастаткова падтрымаць чалавека словам у цяжкі момант яго жыцця.
    Не баяцца рабіць добрыя ўчынкі, успрымаць міласэрнасць як паклікане і даваць такім чынам добры прыклад іншым.
    Памятаць, што не веравызнанне, не праца і стыль жыцця робяць нас сапраўднымі людзьмі, а дабрыня і спагада, шырокая душа і адкрытае сэрца.
    Узгадваючы Маці Тэрэзу, не варта казаць: “У нас з міласэрнасцю цяжка, мы ж не ў Калькуце!”, а ўсяго толькі ўзяцца за змяненне свету ў лепшы бок, пачынаючы з самога сябе.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.