ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Чалавек плануе, Бог кіруе

З жыцця Касцёла

19 верасня госцем нашай рэдакцыі быў кс. Ян Кучыньскі, пробашч парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
- Ксёндз Ян, раскажыце, калі ласка, некалькі слоў пра сябе: пра свой шлях да святарства і пра саму Хрыстовую службу.
   - Я нара­дзіўся ў 1975 г. у парафіі Забалаць (дэк. Радунь). Там скончыў сярэднюю школу. На працягу многіх гадоў я быў міністрантам і дапамагаў пры касцёле, выконваючы функцыю касцёльнага. Ва ўзросце 14 гадоў я адчуў, што павінен нешта зрабіць у сваім жыцці. Мяне цягнула ў касцёл, я любіў маліцца. Калі я бачыў, як падчас Вялікага посту ксёндз пробашч спавядае да позняга вечара, а потым яшчэ сам удзяляе св. Камунію, я задаваўся пытаннем: “Чаму не хапае святароў? Чаму ён сам павінен столькі працаваць?” Мая парафія была вельмі жывая і набожная. Я шмат часу праводзіў у касцёле, мяне цікавілі старыя рэлігійныя кнігі, ход розных цырымоній, аздабленне шопкі ці прыгатаванне Панскага Гробу на Вялікдзень. Я проста жыў усім гэтым – гэта было маё. Па гэтай прычыне мяне неаднойчы высмейвалі ў школе.
У 1992 г. я паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне. Дыяканскую практыку праходзіў у парафіі Ліда-Слабодка. У 1999 г. прыняў святарскія пасвячэнні. У 1998-2000 гг. я працаваў у парафіі Тракелі: спачатку як дыякан, вікарый, а затым выконваў абавязкі пробашча. З 2000 г. мяне накіравалі ў Рым на вучобу ў Папскім літургічным інстытуце. У 2004 г. я яго скончыў, атрымаўшы ступень бакалаўра літургікі, і вярнуўся ў нашу дыяцэзію. У верасні таго ж года я быў прызначаны пробашчам парафіі св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

    - Калі скончацца працы па залачэнні алтара?
    - Нягледзячы на тое, што галоўны алтар быў урачыста адкрыты, рэстаўрацыйныя працы працягваюцца. Мы цяпер заканчваем залачэнне алтара. Я спадзяюся, што з Божай дапамогай мы цалкам скончым працы да свят Божага Нараджэння.

    - Якія ёсць планы адносна аднаўлення касцёла?
    - У нас вялізныя планы, але, як кажуць: “Чалавек плануе, а Бог кіруе”. Цяпер адбываюцца аднаўленчыя працы пры купале. Мы будзем адчышчаць выявы чатырох евангелістаў, якія пасля пажару былі вельмі пашкоджаны.

    - Колькі ксяндзоў працуе ў парафіі?
    - На сённяшні дзень у катэдры працуе пяць ксяндзоў: тры вікарыя, адзін рэзідэнт, які таксама з’яўляецца капеланам турмы, і пробашч.

    - Ці будуць у катэдры адбывацца канцэрты арганнай музыкі?
    - Мы ніколі не арганізоўвалі ў касцёле канцэртаў, гэта памылковае разуменне. Касцёл з’яўляецца сакральным будынкам, прызначаным спецыяльна для Божага культу. Але часам у касцёле адбываюцца так званыя вечары арганнай музыкі, якая магла б дапамагчы чалавеку ў разважанні над сэнсам жыцця. Такія вечары мы плануем праводзіць у будучым.

    - Ці могуць нарачоныя, якія не належаць да катэдральнай парафіі, прыняць сакрамант сужэнства ў катэдры?
    - Безумоўна, так. Кожная маладая пара можа выбраць сабе святыню, дзе яна хацела б заключыць сакраментальны сужэнскі саюз. За два ці тры месяцы да шлюбу трэба звярнуцца ў парафіяльную канцылярыю. Там будзе пададзена інфармацыя наконт неабходных дакументаў.

    - Як працуе канцы­лярыя?
    - Парафіяльная канцылярыя працуе штодзённа з 7.30 да 19.45, перапынак – з 12.00 да 15.00. Ксяндзы маюць свае вызначаныя дзяжурствы ў канцылярыі.

    - Якія душпастырствы існуюць пры парафіі?
    - Пры парафіі існуе Супольнасць св. Міхала Арханёла, члены якой сустракаюцца кожны першы і трэці аўторак месяца ў 19.30. Ёсць таксама Легіён Марыі. Сустрэчы яго членаў адбываюцца кожную сераду ў 19.30. Раз на месяц адбываюцца таксама сустрэчы Кола адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. А кожную пятніцу сустракаецца моладзь, якая вучыцца ці працуе. Усіх жадаючых запрашаем да членства ў душпастырствах.

    - Якая гісторыя гадзінніка на вежы касцёла?
    - Гадзіннік паходзіць з пачатку XVI ст., так што ён ужо вельмі стары і патрабуе адпаведнага догляду. Яго гісторыя вельмі багатая. Пра яе пісалася ўжо не адзін раз.

    - Рэліквіі якіх святых знаходзяцца ў катэдры?
    - У нашай святыні знаходзіцца шмат рэліквій: вядомых і невядомых святых. Цяжка было б цяпер усе іх пералічыць. Мы працуем над тым, каб запісаць усіх святых, рэліквіі якіх знаходзяцца ў нашай святыні.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.