ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Паспытаць смак посту дзеля збаўлення бліжняга!

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Жаўцеюць лісты, змяняецца надвор’е, а за ім і настрой. Спадзяюся, ён у Вас добры. Сёння ў нашым планаванні адказнасць у думках, логіка ў дзеяннях, а вусны падпяваюць песню ў стылі дыска. Коратка і зразумела. Не губляем часу, вырушваем наперад.
   З Богам!

  ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага”
(Ян 3, 16).
    Аддаў за кожнага з нас. За наша вечнае жыццё. Але перш чым трапіць у рай, нам спачатку трэба пражыць зямное жыццё, якое будзе для нас выпрабаваннем. І толькі ад сілы і духоўнай моцы залежыць, як будзе размалявана наша жыццёвае палатно: ці будуць там чорныя плямы, ці яно будзе зусім чорнае, ці мы заўсёды пры жыцці яго пралі, і яно будзе белае. Бог любіць нас так моцна, што “аддаў Сына Свайго Адзінароднага”, а нам часта шкада часу на малітву-падзяку... Гэта справядліва? Адказ адназначны – канешне, не.

   Мэта месяца: разважаць па схеме

    Схема прыкладна такая: словы/учынкі/думкі – падзеі – вынікі/наступствы.
    Аналізуючы кожнае звяно ланцужка, можна адразу адсеяць простае жаданне, якое не прывядзе да чагосьці добрага, а таксама ўчынкі ў стане хвілінных эмоцый або адрэналін, які проста хочацца адчуць.
    Быць разважлівым у жыцці карысна. Бо ёсць моманты, калі многія хочуць вярнуць час. Навошта? Выправіць памылкі, змяніць дзеянні, дзесьці прамаўчаць, дзесьці дагаварыць… А вось гэта ўніверсальная схема дапаможа менш памыляцца.
    І можна не баяцца, схема не зробіць нас людзьмі з катэгарычным складам розуму. Яна проста дапаможа ўраўнаважыць эмоцыі і яшчэ раз задумацца: ці правільна, ці патрэбна.
    Нават калі падумаць, ці патрэбна гэта схема ў жыцці, большасць дасць станоўчы адказ. Бо яна перасцеражэ ад неабдуманых учынкаў. Бачыце, яна працуе!

   Асоба месяца: Святы Францішак Асізскі

    Св. Францішак нара­дзіўся ў Італіі ў багатай купецкай сям’і. У маладосці ён вёў бесклапотнае жыццё, быў “каралём гулянак”, але адначасова быў шчырым на міласціну. Пераломным момантам у яго жыцці стала малітва ў касцёле, падчас якой ён пачуў голас Хрыста: “Францішак, ідзі і адрамантуй мой касцёл”. З таго часу Францішак з яшчэ большым запалам прыступіў да аднаў­лення святыні, і да апекі над хворымі. Ён апрануў грубы хабіт, падперазаны шнуром, узяў у руку кій і, вандруючы па горадзе і ваколіцах, навучаў людзей праўдам веры.
    Калі колькасць яго вучняў узрасла, ён пайшоў да папы Інакенція ІІІ прасіць аб зацвярджэнні Устава. Так у 1209 г.
    францішкане атрымалі апрабацыю Апостальскай Сталіцы, а Францішак быў пасвечаны ў дыяканы.
    Прыхільнікаў Францішка стана­вілася ўсё больш.
    Памёр Францішак 4 кас­трычніка 1226 года. Праз два гады ён быў кананізаваны папам Георгіем ІХ.
   
   Прадмет разважанняў месяца: адказнасць

    Быць адказным – значыць за штосьці адказваць. А за што мы павінны адказваць у сваім жыцці? Мабыць, за свае ўчынкі, свае думкі, настрой. Нават за свайго сабаку, які кагосьці ўкусіў. Бо мы ўзялі на сябе адказнасць за яго догляд і выхаванне. Так і з кожнай рэччу, да якой мы маем дачыненне.
    Як на першы погляд можна адрозніць адказнага чалавека? І што рабіць, калі адказваць за нешта цяжка або даводзіцца адказваць за іншых? Паразважаем у гэтым месяцы.
   
   Справа месяца: практыкаваць самастойнасць

    “Гэта за мяне мама зробіць, там тата дапаможа, грошай бабуля дасць, а калі трэба, цётка “прыкрые”…”. Кропля самастойнасці тут у тым, што хтосьці ўсё гэта сам прыдумаў. А астатняе – праца рук родных. Нібы: хай за мяне жывуць іншыя.
    Але ў мамы на працы цяжкасці, тата заўсёды замучаны, у бабулі Ты не адзіны ўнук ці ўнучка, а цётцы Твая просьба каштуе сівых валасоў. І гэта не намёк на тое, што ў Цябе яшчэ ёсць і дзядзька, і дзед. Проста трэба, каб калі-небудзь у вачах запаліліся агеньчыкі самастойнасці. Пасля чаго мы робімся гаспадарамі сваіх слоў і ўчынкаў.
    Самае цікавае, што хтосьці пачынае адказваць за свае словы ў 14 гадоў у кабінеце дырэктара, хтосьці ў 12 прызнаецца, што пабіў люстру, а хтосьці і ў 30 просіць маму патэлефанаваць на працу і спытаць, ці не выхадны сёння?
    Чым раней становішся самастойным, тым лепш. Хай не ва ўсім.
    І не зусім важна, колькі Табе цяпер гадоў, паспрабуй апрануць кажух самастойнасці. Так, ён цяжкаваты!
    Але, напрыклад, зарабі сабе на чаравікі сама. Сам прыгатуй бацькам сняданак. Або проста не рабі таго, пасля чаго будзе сорамна і за што не захочацца адказваць нават перад самім сабой.
   
   Kніга месяца: “Галоўны віноўнік самазабойства – д’ябал”, Павел Нікольскі

    “Шмат злачынстваў здзяйсняюць у сваім жыцці людзі, але (…) найбольш цяжкае – гэта наўмыснае пазбаўленне сябе жыцця, ці – самагубства”. Такімі словамі пачынаецца кніга.
    І адразу ж прыклады, якімі могуць быць прычыны самагубстваў. Але што можа прывесці чалавека да самагубства, калі ён – Божае стварэнне і Бог яго любіць? Страшная сіла, якая з’яўляецца штуршком да пазбаўлення сябе жыцця. Гэтай сілай валодае сам д’ябал, які можа падказаць нешта табе на вуха або… нават з’явіцца ў чалавечым абліччы!
    У Маскве летам 1863 года адну жанчыну наведала думка аб самагубстве. А каля маста, дзе яна гуляла, яна ўбачыла чарнявую дзяўчынку. Тая пачала хадзіць за ёй па пятах. Цягнула жанчыну за падол сукенкі і прымушала паглядзець уніз. Але жанчына зрабіла знак крыжа і яе ўратаваў нейкі мужчына, які пасля сказаў, што яшчэ трошкі, і яна магла б упасці ў ваду. Калі жанчына азірнулася, дзяўчынкі побач не было. А калі стала пытаць у людзей навокал, аказалася, што ніхто чарнявай дзяўчынкі не бачыў.
    Найбольш проста д’яблу кіраваць думкамі людзей, якія жывуць у мітусні. Яму падуладны людзі з пэўнымі заганамі, цяжкімі смяротнымі грахамі, тыя, хто ўчыніў злачынства, хто жыве забавамі і заняты толькі нечым зямным.
    У кнізе можна даведацца пра тое, што рабіць, калі д’ябал захацеў спакусіць менавіта Цябе.
   
   Песня месяца: “Хоп-хэй!”, Адкрытае неба

    Сёння мы знаёмімся з хрысціянскім музычным гуртом “Адкрытае неба”. Магчыма, камусьці ён ужо вядомы.
    Хачу звярнуцца да моладзі, якой падабаюцца сучасныя напрамкі ў музыцы. Сябры, многія з Вас, ведаю, лічаць, што хрысціянская музыка заўсёды сумная і… нецікавая. Дарэчы, многія менавіта так і лічаць. Але на самай справе, гэта зусім не так! Існуюць хрысціянскія гурты, якія запісваюць хіп-хоп, рэп або рэчытатыў (пераважна DJ). І музыка вясёлая, якасная, як кажуць, “наша”. Таму, думаю, будзем далей знаёміцца з песнямі сучаснага характару, якія адпавядаюць вашым густам. І не сумняваюся тады, што хтосьці пашукае гэтую песню ў інтэрнэце і паслухае яе.
    “Адкрытае неба” добра аранжыруе свае песні ў стылі дыска. Вам спадабаецца! Песня зарадзіць пазітывам, захочацца падпяваць. Яе сэнс кранае сваёй прастатой і шчырасцю. “Я думаў, што Богу ад мяне патрэбны свечкі, кароткая стрыжка і разумныя прамовы…”. Але не, патрэбна толькі тое, каб кожны звярнуўся да Езуса. “Ідзі да Яго, мой сябар, ідзі хутчэй, пакуль не позна”. Ён чакае!

  Чытаем, аналізуем і робім высновы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.