ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Сустрэча ў Тракелях

З жыцця Касцёла

17 верасня ў санктуарыі ў Тракелях адбылася I Дыяцэзіяльная сустрэча аніматараў і ўдзельнікаў дзіцячых і моладзевых рухаў. Сустрэчу ўзначаліў кс. бп Аляксандр Кашкевіч.
Гэтая нязвыклая сустрэча адбылася па ініцыятыве ксяндза біскупа і кс. Андрэя Стапыры, пробашча з Бярозаўкі. З усіх куткоў нашай дыяцэзіі ў Тракелі прыехала шмат аніматараў і ўдзельнікаў дзіцячых і моладзевых рухаў, якія існуюць пры парафіях.
    Пасля прадстаўлення груп, якія прыбылі на I Дыяцэзіяльную сустрэчу, удзельнікі падчас мультымедыйнай прэзентацыі пазнаёміліся з жыццём і дзейнасцю бл. Яна Паўла II. Святы Айцец шматразова падкрэсліваў, наколькі важнай з’яўляецца душпастырская дзейнасць у парафіях: заснаванне розных колаў і рухаў. У гэты дзень было таксама шмат малітвы. Прысутныя прынялі ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, якую падрыхтавалі моладзь і манаскія сёстры з Ваўкавыска. Падчас адарацыі вернікі мелі магчымасць прыступіць да сакраманту споведзі.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Пастыр дыяцэзіі. У пачатку св. Імшы кс. Андрэй Стапыра адзначыў, якой важнай з’яўляецца супольная малітва, і пералічыў мясцовасці, з якіх прыбылі ўдзельнікі сустрэчы: Бярозаўка, Мінойты, Ваўкавыск, Ліда, Воранава, Германішкі, Суботнікі.
    Гамілію абвясціў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, які параўнаў прысутных вернікаў з евангелічным зернем, кінутым ва ўраджайную глебу. Ксёндз біскуп заахвоціў дзяцей і моладзь да актыўнага далучэння да парафіяльнага жыцця. “Сёння я ўсіх Вас прашу, – сказаў Пастыр, – каб Вы не пераставалі даваць сведчанне веры і любові да Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакраманце. Памятайце, што нясенне сведчання з’яўляецца дапамогай іншым знайсці сэнс і радасць жыцця, якія нараджаюцца з асабістай сустрэчы з Хрыстом”. На заканчэнне гаміліі ксёндз біскуп прыгадаў, што будучыня Касцёла ў свеце і дыяцэзіі залежыць ад кожнага чалавека. Усіх аніматараў і ўдзельнікаў сустрэчы Пастыр нашай дыяцэзіі даручыў апецы Маці Божай Тракельскай, каб, як ён адзначыў, “асабістая сувязь з Сынам Марыі была моцная і сталая”.
    На заканчэнне святой Імшы са словамі падзякі ад імя ўсіх прысутных выступіла с. Антонія з Супольнасці школьных сясцёр Notre Dame з Ваўкавыска. Пасля ўрачыстага бласлаўлення кс. б-па Аляксандра Кашкевіча і супольнага здымка ўдзельнікі мелі перапынак на абед, а затым адбылася прэзентацыя парафіяльных груп.
    На заканчэнне сустрэчы ўсе ўдзельнікі даверыліся апецы Маці Божай Тракельскай. Арганізатары выказалі надзею, што праз год адбудзецца чарговая, другая сустрэча. Яны таксама спадзяюцца, што ўдзельнікі сустрэчы захочуць праводзіць у сваіх парафіях яшчэ большую дзейнасць для евангелізацыі ўсіх людзей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.