ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Касцёл св. Антонія Падуанскага ў Малой Бераставіцы

Парафіі і святыні

Дэканат Вялікая Бераставіца
У XVIII – XIX стст. паселішча Малая Бераставіца было маёмасцю Юндзілаў, потым Солтанаў. Касцёл тут быў заснаваны прыватнай фундацыяй у 1550 г. У 1752 г., паводле дадзеных, тут дзейнічаў драўляны касцёл пад тытулам св. Антонія Падуанскага, які ўнутры ўпрыгожвалі 4 алтары. У 1784 г. у Малой Бераставіцы была пабудавана капліца.
    Касцёл з атынкаванай цэглы ў стылі класіцызму быў закладзены 30 верасня 1851 г. (аб чым сведчыць закладны камень у алтарнай сцяне) на высокім узгорку ў цэнтры вёскі. Фундатарам святыні быў уладальнік маёнтка – А. Ваўкавыскі (верагодны аўтар праекта – гродзенскі каморнік Малевіч). Да 1863 г. будаўніцтва святыні было завершана, але каталіцкія набажэнствы адпраўляліся тут зусім нядоўга. 20 мая 1863 г. у вёску ўвайшлі паўстанцы. За прыняцце паўстанцаў царскія ўлады зачынілі касцёл. У 1868 г. касцёл быў перароблены ў праваслаўную царкву. Падчас перабудовы дэкор фасадаў, завяршэнне вежы-званіцы і інтэр’ер былі зменены ў рэтраспектыўна-рускім стылі. У мясцовых католікаў засталася толькі капліца, якая была далучана да Крынкаўскай парафіі (цяпер тэр. Польшчы).
У 1919 г. святыня ізноў стала каталіцкай. 14 мая 1928 г. касцёл быў урачыста кансэкраваны віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. У 1939 г. парафія налічвала больш за 1600 вернікаў. Капліца ў гэты час ужо не згадваецца.
    З усталяваннем савецкай улады касцёл зноў зачынілі, а будынак стаў выкарыстоўвацца для розных гаспадарчых мэт. У будынку плябаніі зрабілі сталовую. У 1946 г. тагачасны пробашч парафіі быў прымушаны ўладамі пакінуць парафію і выехаць у Польшчу.
    У 1948 г. камсамольцы падпалілі касцёл. Вернікам прыйшлося ездзіць на набажэнствы ў суседнія парафіі, дзе працавалі ксяндзы: у Макараўцы, Індуру, Гродна.
    Пасля распаду СССР католікам вярнулі будынак святыні, пачалося яго аднаўленне. У 1994 г. касцёл быў рэкансэкраваны пад гістарычным тытулам св. Антонія Падуанскага. Святыня была адбудавана дзякуючы намаганням а. Казіміра Жыліса.
    Першая св. Імша ў парафіі Малая Бераставіца была адпраўлена айцом Казімірам пад адкрытым небам ва ўрачыстасць Усіх Святых у 1990 г. З гэтага моманту св. Імша адпраўлялася рэгулярна. Людзі з вялікай узрушанасцю ўспамінаюць, як яны ўдзельнічалі ў св. Імшы на свята Божага Нараджэння ў знішчаным да падаконнікаў касцёле і як прыгожа былі ўпрыгожаны снегам елачкі каля алтара. Тады ніхто не скардзіўся на холад, нават снег не перашкаджаў.
    У 1995 г. айцамі рэдэмптарыстамі перад касцёлам быў усталяваны высокі драўляны крыж у памяць святой Місіі ў парафіі. 12 чэрвеня 2004 г. адбылося святкаванне 10-годдзя паўторнага асвячэння касцёла. У 2005 г. парафіянам нарэшце вярнулі і будынак былой плябаніі. 13 чэрвеня 2009 г. у святыню былі ўрачыста ўведзены рэліквіі св. Антонія. Некаторыя крыніцы падаюць, што св. Антонія ўшаноўвалі ў гэтым касцёле па-асабліваму. Вернікі з суседніх парафій прыходзілі сюды на адпуст, а алтар з абразом св. Антонія быў зроблены так, што вернікі на каленях маглі абыходзіць яго навокал і праз заступніцтва гэтага святога выпрошваць у Бога патрэбныя ім ласкі.    Касцёл св. Антонія ўяўляе сабой аднавежавы прамавугольны ў плане безапсідны храм пад двухсхільным бляшаным дахам. Галоўны фасад завяршае невялікая чацверыковая шатровая вежа-званіца.
    Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай падшыўной дашчатай столлю. Алтарная частка вылучаецца дзвюмя ўнутранымі сакрыстыямі. Касцёл мае тры алтары. У галоўным алтары змешчаны тытульны абраз св. Антонія Падуанскага. Левы бакавы алтар змяшчае абраз Маці Божай Вастрабрамскай, правы – абраз св. Юзафа. Над уваходам размешчаны хоры.
    Касцёльная тэрыторыя абнесена бутавай агароджай. Ад дарогі да ўвахода ў святыню вядуць высокія лесвіцы.
    Пасля аднаўлення святыні ў 1991 г. у парафію прыязджалі розныя ксяндзы, між іншымі ўжо згаданы а. Казімір Жыліс, кс. Раман Цесляк, кс. Павел Беланос. Сёння там працуе кс. Андрэй Казлоўскі. Ён з’яўляецца першым па-сляваенным пробашчам.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.