ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Каб заручальны пярсцёнак не стаў цесным

На шляху да святасці

Верасень – любімы месяц маладых: на фоне восеньскіх краявідаў атрымліваюцца прыгожыя вясельныя здымкі. Будучыя сужэнцы разам з бацькамі збіваюцца з ног, каб арганізаваць усё найлепшым чынам. Паміж пошукамі вясельнай сукенкі, кавярні і тамады наведваюцца заняткі па падрыхтоўцы да сакраманту шлюбу. Часам атрымліваецца, што, па сутнасці, галоўны момант усяго шлюбу – вянчанне – прамільгне ў чарадзе вясельных цырымоній і абрадаў. Дык чаму Касцёл патрабуе абавязковай падрыхтоўкі да шлюбу, і што святар спрабуе давесці маладым католікам, каб прыгожае вяселле стала пачаткам шчаслівага сямейнага жыцця?

    Навошта патрэбны заняткі перад шлюбам?

    Святар дапамагае будучым сужэнцам зразумець, чым з’яўляецца сужэнства ў каталіцкай веры. Восем абавязковых заняткаў падзяляюцца на тры часткі. Першая датычыць пытання веры: у каго мы верым і ці верым увогуле. У хрысціянскім шлюбе адносіны паміж мужам і жонкай павінны развівацца праз адносіны з Богам. Дапамагаць адзін аднаму паглыбляць сваю веру і ўдасканальвацца духоўна – гэта адна з мэт хрысціянскага шлюбу. Другая частка падрыхтоўчых заняткаў закранае сам сакрамант сужэнства: што гэта за сакрамант у святле сённяшняга часу і якія абавязкі ён накладае на сужэнцаў. У каталіцтве гэты сакрамант удзяляецца раз і назаўсёды. Аднак больш правільна будзе сказаць, што ксёндз, як сведка Касцёла, толькі бласлаўляе шлюб, а сужэнцы перад Богам прысягаюць адзін аднаму ў любові, вернасці і сужэнскай пашане. Трэцяя частка заняткаў прысвечана натуральнаму планаванню сям’і.

    Наколькі сур’ёзна і глыбока маладыя людзі ўспрымаюць духоўную падрыхтоўку да шлюбу?

    Кс. Антон Адамовіч, які рыхтуе пары да шлюбу пры Бернардынскім касцёле, лічыць, што прыкладна 50-60 працэнтаў пар і сам сакрамант, і падрыхтоўку да яго ўспрымаюць хутчэй фармальна: традыцыя абавязвае вянчацца, а Касцёл патрабуе яшчэ і заняткі наведваць. “Часам бывае, што некаторым парам ажно без ахвоты ўдзяляеш сакрамант шлюбу, – скардзіцца кс. Антон. – Відаць, што маладым патрэбна толькі “карцінка” на камеру. Часам у мяне пытаюць, колькі будзе доўжыцца вянчанне. Але ці ж гэта галоўнае? Я адказваю: паўгадзіны, але калі для вас гэта вельмі доўга... Магу з іроніяй прапанаваць больш хуткі варыянт, але баюся, што маладыя могуць успрыняць мае словы ўсур’ёз”.

    “Спрактыкаваныя” святары па адносінах маладых да шлюбнай падрыхтоўкі могуць вызначыць глыбіню пачуццяў будучых сужэнцаў, а нават і верагоднасць таго, ці будзе гэты саюз моцным і шчаслівым. Здараюцца сітуацыі, калі святар можа адгаварыць пару браць шлюб або просіць падумаць і а дкласці цырымонію на пэўны час. Кс. Юрый Ёдзік, які займаецца падрыхтоўкай пар да шлюбу пры Фарным касцёле, распавядае: “Людзям часам нецікавыя размовы пра веру, пра мэты сужэнства. Бывае, заходзіш у аўдыторыю і ўжо з другой сустрэчы разумееш, што пару цікавіць толькі працэдура. Адно з самых распаўсюджаных пытанняў – “Колькі будзе доўжыцца цырымонія?” Таму, каб сакрамант удзяляўся не бессэнсоўна, каб ён не губляў сваёй духоўнай вартасці, я прашу маладых людзей падумаць, ці сапраўды ім гэта патрэбна. Таксама папярэджваю пра фатографаў. Бо бывае, што ксёндз бласлаўляе сужэнцаў, а фатограф шчоўкае пальцамі і просіць паглядзець у камеру. Дык навошта тады мы прыйшлі ў храм?..”

    Здараюцца выпадкі, калі маладыя людзі прыслухоўваюцца да святара і адмаўляюцца ад вянчання, прынамсі, на пэўны тэрмін. У асноўным, момант “прасвятлення” адбываецца на этапе запаўнення пратакола – абавязковага дакумента, які павінны запоўніць тыя, хто жадае ўзяць шлюб. Мэта гэтага пратакола – высветліць дыспазіцыйнасць нубтарыентаў, г.зн. вызначыць, ці няма перашкод гэтым людзям узяць шлюб, ці здольны яны ўзяць шлюб. Сярод пытанняў у анкеце дакумента ёсць пункт пра згоду павянчацца раз і назаўсёды. Вось тут некаторыя і “спатыкаюцца”, гаворыць кс. Юрый: “Часам маладыя пытаюцца: “А што, трэба павянчацца раз на ўсё жыццё?” Бывае, маладыя людзі гавораць, што нават не ведалі пра гэта раней. А калі здарыцца нейкае няшчасце? А калі ён пачне піць? А калі з ёй што-небудзь здарыцца, як я буду з ёй жыць далей? У такія моманты ў мяне пачынае балець душа: значыць, я не дастукаўся да іх сэрцаў і розуму”.

    Касцёл можа адмовіць у сакраманце шлюбу, калі відавочна, што маладыя бяруць шлюб з карыслівымі мэтамі – так званы “шлюб па разліку”. Яшчэ адной прычынай адмовы можа быць шлюб па прымусе, калі на вянчанні настойваюць бацькі, а дзеці ўспрымаюць шлюб як абавязковую фармальную працэдуру.

    Аднак, як лічыць кс. Антон, пар, якія прыходзяць на падрыхтоўчыя заняткі, каб сапраўды спазнаць, чым з’яўляецца шлюб у каталіцкай веры, становіцца ўсё больш: “Вырасла пакаленне маладых людзей (ім зараз па 25-28 гадоў), якія з маленства хадзілі на катэхетычныя заняткі: спачатку на падрыхтоўку да Першай Камуніі, пасля на катэхезу для моладзі, падрыхтоўку да сакраманту бежмавання, якія актыўна ўдзельнічалі ў касцёльным жыцці. Яны нават прыносяць дакументы, якія гэта пацвярджаюць. У такіх выпадках ёсць вялікая верагоднасць таго, што гэтая сям’я будзе моцнай і шчаслівай. Гэтыя маладыя людзі з усёй адказнасцю ставяцца да вянчання, для іх гэта сапраўды сакрамант. Часам нават можна ўбачыць, як падчас клятвы маладыя плачуць ад важнасці і чуллівасці моманту”.

    Ці можна павянчацца ў касцёле да рэгістрацыі шлюбу ў загсе?

    Кс. Юрый гаворыць, што часам Касцёл можа павянчаць маладых, калі яны яшчэ не маюць пасведчання аб рэгістрацыі шлюбу: “Напрыклад, маладыя вянчаюцца ў суботу, калі ў загсе цяжка знайсці зручны час, каб супала так, што вянчанне ў касцёле адбудзецца пасля грамадзянскай цырымоніі. Тады мы ідзём насустрач і згаджаемся павянчаць пару перад грамадзянскай цырымоніяй з умовай, што адразу пасля рэгістрацыі ў загсе яны прынясуць пасведчанне. Яшчэ ніколі не было выпадкаў, каб маладыя паабяцалі прынесці пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу пасля вянчання, але не прынеслі”.

    Часам будучыя сужэнцы прын­цыпова жадаюць павянчацца ў касцёле раней, чым зарэгіструюць шлюб у загсе. Пры такой просьбе кс. Юрый звяртае ўвагу на наступны момант: “Ксёндз падчас вянчання бласлаўляе пярсцёнкі, якія маладыя пасля накладаюць, так заключаецца сужэнскі саюз. А ў загсе просяць зняць пярсцёнкі – гэта ўжо не вельмі добра”.

    Як адбываецца вянчанне тых пар, у якіх адзін з сужэнцаў належыць да каталіцкага веравызнання, а другі – да нейкага іншага?

    На такі шлюб павінен быць дазвол біскупа. Падаецца просьба аб дыспэнсе – адмысловым дазволе біскупа на гэты шлюб. Такая працэдура датычыцца прадстаўнікоў розных канфесій: праваслаўных, пратэстантаў, мусульман.

    Ці ёсць рэцэпт шчасця?

    Папярэдзіць будучых сужэнцаў пра ўсе небяспекі сямейнага жыцця за восем заняткаў немагчыма, як немагчыма і навучыць маладых людзей гарантаванаму шчасліваму шлюбу. Сямейныя ўзаемаадносіны, безумоўна, патрабуюць працы з абодвух бакоў – карпатлівай, ахвярнай і штодзённай. “Аднак, – гаворыць кс. Юрый, – шлюб – гэта не цяжар, а дабро, дар ад Бога”. Ці ёсць штосьці такое, што можна назваць фундаментам шчаслівай сям’і?

    Кс. Антон Адамовіч лічыць, што такім момантам з’яўляецца шчырасць: “Ва ўзаемаадносінах не трэба нічога хаваць. Трэба шчыра гаварыць аб тым, што не падабаецца ў мужу ці жонцы. Калі ж замоўчваць, то незадаволенасць памнажаецца, нарастае і прыводзіць да таго, што чалавек выбухае. Прычым выбухае так, што пара разыходзіцца. Чаму ў выніку развод? Не сышліся характарамі? Проста людзі не былі шчырымі. Сакрэты могуць быць, але ў сэнсоўных і прынцыповых рэчах павінна быць шчырасць. Такая сям’я будзе моцнай”.

    Мы ўсе баімся разводу, але самі да яго ідзём. Калі ў сям’і на першым месцы будзе Бог, вера, а таксама шчырасць, то ўсё будзе на сваіх месцах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.