ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Валадарства граху ці Бога?

На шляху да святасці

Бог ужо не гаворыць, - Ён крычыць, каб мы звярнулі ўвагу на тое, што мы робім, як жывём, якія маем прыярытэты, на якое месца ставім Яго…
Святая Імша ў гродзенскай катэдры, дажджлівая Вена, маленькі італьянскі Асці, дзве ночы ў аўтобусе і доўгачаканае прывітанне ў Лірыі, невялікай мясцовасці каля Валенсіі. Падрыхтоўка валанцёраў, жыхароў горада і пробашча нас вельмі ўразіла: вывешаны беларускі сцяг, св. Імша на дзвюх мовах, фотаздымкі Гродна... Гэта быў добры час, мы адчувалі сябе самымі дарагімі гасцямі гэтай парафіі. Тут мы таксама ўдзельнічалі ў святкаванні найважнейшай урачыстасці гэтага рэгіёна: Унебаўзяцця НПМ. Прыгожая Вігілія, шчырая малітва, урачыстая святая Імша, а потым вельмі смачная валенсійская паэла, пагодлівы вечар і – мы збіраемся ў Мадрыд.
Нягледзячы на тое, што я ўжо некалькі разоў удзельнічала ў Сусветных днях моладзі і шмат падарожнічала, некаторыя моманты сустрэчы ў Мадрыдзе мяне вельмі ўразілі. Усё пачалося напярэдадні прыезду Бенедыкта XVI. На плошчы Пуэрта-дэль-Соль сабраліся тысячы праціўнікаў Папы. Я не хачу гэта апісваць, але лічу, што павінна ўзгадаць той момант, каб не цешыць сябе на-дзеяй, што свет такі каляровы, як гэта часам падаецца. Пілігрымы час ад часу кленчылі і маліліся, але праціўнікі Папы высмейвалі іх, фатаграфавалі, крычалі. Яны былі апрануты ў антыпапскія ўборы, размахвалі сцягамі колеру вясёлкі, а перад крыжамі, якія трымалі пілігрымы, паказвалі прэзерватывы. Былі і бойкі, і правакацыі. Аднак дзякуючы дапамозе паліцыі ўсё скончылася добра. Сродкі масавай інфармацыі засяродзілі сваю ўвагу на антыкасцёльных маніфестацыях і кошце візіту Папы, хаця – як падкрэслівалі арганізатары – іспанскі падаткаплацельшчык не выдаў на падрыхтоўку аніводнага еўра.
    Гэта быў шок, аднак у суботу вечарам на аэрадроме Куатро В’ентас Бог падрыхтаваў для нас прыемны сюрпрыз. Спачатку была нясцерпная спёка, некаторыя пілігрымы нават гублялі прытомнасць. Найбольшай радасцю былі пажарнікі, якія палівалі нас вадой. Некалькі самалётаў кружыліся над аэрадромам, каб прадухіліць навальніцу, але безвынікова. Моцны вецер перавярнуў слуп высокага напружання і Крыж маладых, падараваны моладзі Янам Паўлам II, сарваў з галавы Бенедыкта XVI піуску, закрануў таксама і подыум, з якога прамаўляў Папа. Усё гэта мы бачылі на вялізных экранах. Бенедыкт XVI прыпыніў сваю прамову. Хутка вецер сцішыўся. Наступны дзень быў вельмі спакойны.
    Гэтыя ўспаміны з СДМ я апісала не таму, што з’яўляюся песімісткай: наадварот, я вельмі задаволена паездкай у Мадрыд. Сітуацыя, якая мела месца ў гэтыя дні ў Мадрыдзе, гаворыць сама за сябе. Некалі гэта была краіна з багатымі хрысціянскімі традыцыямі, а сёння пілігрымаў з усяго свету сустрэла антыпапская маніфестацыя. Бог ужо не гаворыць, – Ён крычыць, каб мы звярнулі ўвагу на тое, што мы робім, як жывём, якія маем прыярытэты, на якое месца ставім Яго...
    Дарагая Моладзь, давайце будзем памятаць словы нашага Святога Айца, бл. Яна Паўла II, які на СДМ у Таронта ў 2002 г. сказаў: “Будучыня – у Вашых сэрцах і руках”. Сучасны свет дае нам шмат магчымасцей, падкідвае ўсялякія спакусы і гаворыць, што лягчэй жыць без Бога, аднак мы – “укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры”.
    Пасля Мадрыду мы наведалі Арс, горад св. Яна Марыі Віянэя, убачылі, у якой беднасці жыў гэты святы чалавек і быў шчаслівы. А мы? Мы прагнем улады, грошай, увесь час спяшаемся, у нядзелю не маем часу, каб пайсці на св. Імшу, не ўмеем радавацца, калі нехта лепшы за нас...
    Потым нас чакаў рай на зямлі – Баварыя. Тут, у Германіі, сярод вялізных касцёлаў, прыгажосці прыроды і шчырасці і адкрытасці сэрцаў баварцаў мы яшчэ раз адчулі, які вялікі і мудры Бог. А чым мы Яму аддзячваем?
    Напрыканцы нашай пілігрым­кі мы прыпалі да ног Маці Божай Чанстахоўскай на Яснай Гары і падзякавалі Ёй за апеку і заступніцтва.
    А што будзе далей? Наступны СДМ пройдзе ўжо на іншым канцы свету – у Рыа-дэ-Жанэйра. Жыццё – гэта не толькі Дні моладзі, гэта таксама нашы штодзённыя абавязкі, наш выбар і пастановы, гэта наша вольная воля. Я лічу, што там, у Іспаніі, Бог прамовіў да нас, выбранай моладзі. Калі не мы, то і ніхто іншы не будзе выбіраць Пана Бога, не будзе жыць паводле хрысціянскіх каштоўнасцей.
    Што мы пабудуем на зямлі: валадарства граху ці Бога – залежыць ад нас...…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.