ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Нас яднаў Езус

З жыцця Касцёла

Іна Ардынец, Шчучын
    Пілігрымка ў Іспанію – гэта проста неверагоднае падарожжа, падчас якога жыццё было для мяне марай на яве!
    Па дарозе ў Мадрыд мы пабывалі і ў іншых краінах, убачылі шмат неверагодных месцаў: Польшча, Германія, Францыя, Аўстрыя, Італія… І нарэшце прыехалі ў Лірыю – маленькі гарадок каля Валенсіі. Нас сустрэлі добрыя, ветлівыя людзі. У Лірыі мы наведалі шмат цікавых месцаў, цудоўных, неверагодна прыгожых храмаў. Пабывалі на Міжземным моры.
    Але галоўнай мэтай нашай пілігрымкі быў Мадрыд, куды спяшаліся ўсе маладыя людзі свету. У першы дзень мы ўсе сабраліся на плошчы Сібелес, на якой, пасля святой Імшы, адбылося ўрачыстае адкрыццё Сусветных дзён моладзі. Уражвала шчырасць і адкрытасць людзей навокал. Мы не ведалі адзін аднаго, мы размаўлялі на розных мовах, але мы маглі дамовіцца, таму што нас яднала наша вера, нас яднала вялікая Любоў Хрыста. Гэтыя пачуцці перапаўнялі нас.
    Падчас нашага побыту ў Мадрыдзе мы паслухалі цікавыя канферэнцыі на тэму веры і яе сучасных праблем, убачылі гэты дзівосны горад са шматвекавой гісторыяй, пакаштавалі нацыянальныя стравы.
Аднак кульмінацыйным момантам стала сустрэча ўсіх пілігрымаў на аэрадроме Куатро В’ентас на начной малітве разам з Папам Бенедыктам XVI. Гэта незабыўна! З яго твару не сыходзіла ўсмешка. Ён звярнуўся да нас, маладых: “Ёсць словы, якія навучаюць. Ёсць такія, якія забаўляюць. А ёсць Божае Слова, якое заўсёды застаецца ў сэрцы. Шукайце ў жыцці праўды. Будзьце мудрымі і разважлівымі, будуйце сваё жыццё на трывалым фундаменце навучання Хрыста. Тады нішто не зможа пахіснуць вашу веру, і ў вашым сэрцы будзе валадарыць мір, які перадасца і іншым”.
    І мы, узбагачаныя новымі ведамі і пачуццямі, вярнуліся дадому, каб працягваць справу евангелізацыі.

    Аня Варона, Шчучын
    Гэтае лета было для мяне самым непаўторным у маім жыцці. Сусветныя дні моладзі ў Мадрыдзе – гэта мае першыя Дні моладзі. Гэтыя дні перажываліся неяк па-асабліваму: не стамляла доўгая дарога, не адчувалася зморанасць, не заўважалася адлегласць ад дома. Затое адчуваўся крызіс веры ў Іспаніі. Але з моцнай верай мы ўсё пераадолелі.
    Таксама мяне вельмі ўразіла колькасць маладых людзей, якія прыехалі з розных краін свету. Нягледзячы на тое, што ўсе мы адрозніваліся, нас усё ж яднаў Езус.
    Нават дрэннае надвор’е ў аэрапорце не было ў стане сапсаваць тое ўзнёслае пачуццё, таму што, стоячы на каленях на адарацыі, я адчувала, што Ён побач.
    Гэтая паездка шмат мне дала: я яшчэ больш умацавалася ў веры, а таксама навучылася прабачаць і разумець іншых, навучылася любіць бліжняга, нягледзячы ні на што. А самае галоўнае – я знайшла дэвіз свайго жыцця: “ЕЗУС – МОЙ ГАСПОДЗЬ”.

    Тэрэза Грубiнава, Гродна
    Для мяне важна было пачуць словы Папы аб веры. Гэтыя поўныя, празрыстыя, як крынiца, словы, супастаўленыя з маім унутраным разуменнем, дадаюць упэўненасць кроку. Вера – гэта дарога пошуку, якой я iду ўсё жыццё, робячы кожны раз усё больш свядомыя крокi, разумеючы, куды iду, але нiколi да канца – ЯК прайду. I кожны момант – “так”: як унутранае прыняцце ў супакоi сэрца; адчуванне, што Бог адкрывае ўсё большую велічыню сваёй любовi тады, калi я падрыхтавана; стварэнне ў душы вобраза, якi імкнецца да завяршэння... Свядомасць паставы “так” сёння, а заўтра – ведаю, бо веру, – усе паўторыцца ў прыгодзе жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.