ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

«У нас вельмі не хапае святароў»

З жыцця Касцёла

Рэктар ксёндз Юзаф СтанеўскіКсёндз Юзаф Станеўскі, рэктар Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, кіруе гэтай установай ужо 7…гадоў. З нагоды пачатку новага навучальнага года ў семінарыі мы паразмаўлялі з кс. Юзафам пра пакліканне маладых людзей, пра тое, чаму ў семінарыі не можа быць конкурсу на паступленне, ці цяжка вучыцца ў духоўнай установе, а таксама пра тое, чаму ў дзевяностых гадах у семінарыю прыходзіла больш людзей, чым сёння.
- Ці адбываюцца сёння нейкія змены ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, каб яна магла адпавядаць патрабаванням сучаснага тэхналагізаванага свету?
    - Сённяшняя моладзь, сённяшні свет сядзіць на мультымедыйнай кропельніцы – заўсёды патрабуе пэўнага шуму, руху, без мабільнага тэлефона і інтэрнета большасць ужо не можа. Але мы, як гэта было ад пачатку, так і сёння, павінны абвяшчаць Евангелле, а яно – нязменнае. Чалавек змяняецца, і таму ён павінен прыстасавацца да Евангелля, калі ён хоча быць ці святаром, ці католікам. Менавіта таму ў дачыненні да Святога Пісання мы нічога не змяняем, нашай мэтай з’яўляецца тое, каб сучасны чалавек хацеў слухаць Евангелле, прымаў яго і жыў паводле яго.

    - Якія самыя складаныя моманты падчас навучання ў духоўнай семінарыі?
    - Складаных момантаў няма. Калі чалавек мае пакліканне, ён усё пераадольвае.

   - Гэтае пакліканне пры­хо­дзіць да чалавека падчас навучання ў семінарыі або яго можна адчуць раней?

    - Ну, без паклікання сюды не прыходзяць. Так ці інакш, малады чалавек адчувае Божы голас у сваім сэрцы, і калі ён адчувае гэты голас, то прыходзіць у семінарыю. Безумоўна, падчас навучання ў семінарыі, на працягу гэтых сямі гадоў, ён яшчэ больш развівае гэтае пакліканне. Або наадварот – разумее, што той голас, які ён чуў спачатку, тое пакліканне ён не зможа рэалізаваць. І тады ён сыходзіць з гэтага шляху.

    - Ці здараюцца выпадкі, калі падчас размовы пры паступленні ў семінарыю Вы адчуваеце, што чалавек не да канца ўсведамляе сваё пакліканне? Ці можаце Вы тады параіць яму пакуль не ісці ў духоўную ўстанову?
    - Я яшчэ не маю ажно такога досведу, але ўжо былі выпадкі, калі малады чалавек распавядае пра сваё жыццё, сваё бачанне будучага духоўнага шляху, і мы накіроўваем яго ў манаскія ордэны, а не ў семінарыю, таму што мяркуем, што такі шлях больш яму адпавядае. Напрыклад, быў выпадак, калі мы скіравалі хлопца ў ордэн камедулаў. Ён там ужо 10 гадоў і вельмі задаволены. Ён знайшоў там сваё шчасце, свой шлях. А ордэн камедулаў – гэта вельмі кансерватыўны закрыты ордэн, там толькі малітва і праца. Там вельмі мала размаўляюць – толькі ў вялікай патрэбе, а так толькі маўчанне і малітва. А тут, у нашым асяроддзі, гэты малады чалавек, можа, так і не адкрыў бы сябе.

    - Ці ў Гродзенскай вышэй­шай духоўнай семінарыі ёсць конкурс на паступленне?
    - Нам няма чаго выбіраць; Бог паклікаў – здаюць экзамены і вучацца. Не здаюць – значыць, рыхтуюцца яшчэ год. А такога конкурсу, як у свецкіх навучальных установах, каб было некалькі чалавек на адно месца, няма. Кожны чалавек у сваім жыцці займае пэўнае месца, не можа быць так, каб на адно месца былі двое. Такая сённяшняя сітуацыя мае няправільны кірунак. Кожны чалавек мае свае здольнасці, сваю вартасць, якую трэба распазнаць.

    - Ці моцна адрозніваецца студэнцкае жыццё семінарыстаў ад жыцця свецкіх студэнтаў?
    - Безумоўна, адрозніваецца. Духоўная семінарыя – гэта навучальная ўстанова закрытага тыпу. Але тут ніхто нікога не пільнуе, тут усё трымаецца на ўнутраннай духоўнай матывацыі: я абраў гэты шлях, гэта маё. Чалавек сам павінен імкнуцца да нейкіх вынікаў.

    - За апошнія гады ў духоў­ную семінарыю пры­ходзіць больш ці менш маладых людзей?
    - Сёлета навучальны год распачне на 50% больш семінарыстаў, чым летась. Гэта значыць, пакліканняў на палову больш. Але гэта калі гаварыць у працэнтах, у лічбах атрымліваецца мала.

    - А былі часы, калі паклі­­­канняў у Гродзенскай семінарыі было шмат?
    - На пачатку заснавання семінарыі, у дзевяностыя гады, іх было больш. А потым, праз 10 гадоў, тых, хто прыходзіць у семінарыю, было ўжо менш. Усё залежыць ад сям’і, якая з’яўляецца першым касцёлам. Усё залежыць ад таго, што малады чалавек вынес з сям’і – ад маці і бацькі: ці жылі яны ў згодзе і любові, ці маліліся. Гэта вялікае багацце, якое можна пасля дапаўняць і развіваць. А калі чалавек не бачыў у сям’і ні прабачэння, ні любові, то яго цяжка пасля пераканаць ў тым, што свет яго любіць, што ён патрабуе яго, што Бог апекуецца ім. Вось таму сёння мы і маем такія вынікі.

    - Чаму ў дзевяностыя гады ў семінарыю прыходзіла больш маладых людзей?
    - Калі так паразважаць, то мы, тыя, хто прыйшоў сюды ў дзевяностыя, былі са шматдзетных сем’яў. Нашы бацькі – гэта старэйшае пакаленне, як мы кажам, перадваеннае, традыцыйнае, якое ведала вартасць сужанства, якое жыло ў поўных сем’ях. Так, сям’я існуе і сёння, але якімі каштоўнасцямі і традыцыямі яна жыве? Як пражыць сённяшні дзень або каб назапасіць як мага больш матэрыяльнага дабра, бо без гэтага не будзе жыцця. У наш час было трохі іншае жыццё, іншыя погляды і іншыя каштоўнасці. Калі да нас на экскурсію прыходзяць прадстаўнікі ўлады ці навучальных устаноў, звычайна пытаюцца, колькі семінарыстаў на першым курсе. Мы кажам: “Дзесяць чалавек”. Тады здзіўляюцца, чаму так мала. Чаму? Таму што няма тых адважных, якія б сказалі, што гатовы прысвяціць сваё жыццё Богу і людзям. Вядома, што каталіцкі святар не можа мець сям’ю. А гэта ў нашым сучасным свеце падаецца вельмі дзіўным ці немагчымым. Нам часам кажуць: “Бедныя вы, няшчасныя, ніхто вас не любіць”. Але кожны чалавек мае права свядома выбіраць свой жыццёвы шлях. Калі палічыць тых, хто з нашага асяроддзя не заснаваў сям’і – будуць гэта жанчыны ці мужчыны – яны прыходзяць у касцёл, жывуць гэтай працай, добра сябе адчуваюць. Кожны выбірае той лад жыцця, які яму адпавядае. І гэта з’яўляецца нармальным, гэта з’яўляецца маім выбарам. А можа, з іншага боку, я не магу зразумець, як гэта – жыць у сям’і. Таму трэба, каб кожны выбіраў свой шлях і кіраваўся б ім.

    - Ці хапае ў Беларусі святароў?
    - Семінарыя ў нас паўстала толькі ў 1990 годзе. Да гэтага часу мы былі вымушаны здабываць веды ў іншых рэгіёнах – у Літве, Польшчы ці нават далей. На сённяшні дзень нам вельмі патрэбны святары. І гэта не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтае пытанне асабліва актуальна ў Мінску, Пінску, Віцебску. Там яшчэ ёсць раёны, дзе няма ніводнага святара. Калі кажуць, што мала хрысціян, мала католікаў, то я кажу: “Калі людзям ніхто не абвяшчае Евангелле, калі яны не бачаць ні касцёла, ні царквы, то як яны ў сённяшнім свеце самі да гэтага дойдуць? Чалавеку хтосьці павінен сказаць”. Ёсць такое душпастырскае рашэнне, што на тысячу вернікаў павінен быць адзін святар. І тады ён можа з імі размаўляць, быць сапраўдным пастырам. Не толькі ахрысціць, даць шлюб і пахаваць памерлых. Трэба, каб святар быў з імі штодня. Таму ў нас вельмі не хапае святароў.

    - На якіх мовах можа пра­водзіць богаслужэнне святар, які скончыў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю?
    - На сённяшні дзень будучы святар, які выходзіць са сцен Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, можа праводзіць Імшу на польскай, беларускай, рускай і лацінскай мовах. А таксама, у сувязі з тым, што мы жывём на памежжы, яшчэ і на літоўскай. А калі будзе магчымасць ці патрэба, то і на англійскай ці італьянскай. У нашай семінарыі выкладаюцца гэтыя мовы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.