ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Вера нас аб’яднае…

На шляху да святасці

Гэта была кавярня. Маленькая і звычайная, ледзь не самая танная ва ўсёй Гародні. І былі яны, студэнты-другакурснікі (нарэшце дачакаліся!). Студэнты – будучыя журналісты, такія розныя і такія падобныя адначасова. Яны, прамоклыя да ніткі, аблюбавалі непрыкметны стол. Непрыкметны, бо размешчаны за сцяною.
    Шурпатая стальніца апяклася тры разы. Тры гарачыя кубкі моцнай кавы кранулі яе безабаронную паверхню. Пасля – апяклася яшчэ, але цяпер ужо гарбатай, між іншым, не менш гарачай.
    Гаспадар апошняга кубку, руды Юрась, сёння зноў пацвердзіў статус “хранічнага спазняючагася”. Аго вочы ўсмешліва блукалі сярод мокрага трыа.
Драўляная ножка стала адчула побач яшчэ адну пару чалавечых ног. Цяпер яе мучылі не толькі тонкія абцасы, вострыя насы балетак і велізарныя кеды...
    Размова кіпела. Ірэнін твар штохвіліны ўсё больш і больш чырванеў. Цёмныя вочы дзяўчыны ліхаманкава ззялі. Яна раптоўна спыніла ўзрушаны позірк на кубку кавы, даючы волю эмоцыям: - ...І вось такім чынам ён заяўляе: “Хачу ўступіць у секту N!” Уяўляеце?! Так і заяўляе!
    Янка, самаўпэўнены жартаўнік, зайшоўся гучным, на ўсю кавярню, смехам:
    - Ха-ха... Ага, у секту дурню захацелася. Пакліч яго ў маю секту! Толькі спачатку хай аддасць усе грошы, і машыну, і кватэру... Тады я з радасцю прыму ў сваю секту! Будзе маім рабом. Вывязу яго да бабулі ў вёску агарод палоць дзеля якой-небудзь істоты, якую створыць мая багатая фантазія. Ха-ха...
    Ірэна адказала сумнай задуменнасцю:
    - Ну, так. Фантазія ў цябе багацейшая за магната. Але... не смешна ўсё гэта. Тут ледзь не трагедыя можа стацца.
    Вольга кіўнула:
    - Гэта страшна. Як жа можна адмаўляцца ад рэлігіі!
    - Малады чалавек адмаўляецца ад таго, што яму спрабуюць навязаць, – спакойна сказаў Янка. – Я сам неаднойчы сутыкаўся з рэлігійнымі фанатыкамі. Яны праклінаюць тых, хто ідзе супраць іх перакананняў. Па ўсіх Боскіх законах гэта найвялікшы грэх. Але з цягам часу юнацкая непакорнасць пройдзе, і пасталелыя былыя фанатыкі прыйдуць да рэлігіі і храма. - Так, – падхапіла Вольга. – Але самае жудаснае, што часам людзі адмаўляюцца не ад рэлігіі – ад ВЕРЫ! Вера патрабуе аддачы, а мы – лянівае пакаленне, якое не хоча залежыць, дзякаваць, прасіць. А без веры няма жыцця. Нават той, хто называе сябе атэістам, мае ідэал, да якога імкнецца. Гэта і ёсць яго вера, таму атэістаў не існуе. У савецкія часы людзі верылі ва ўсемагутнасць партыі. Чым не секта?
    - Можа, у сучаснай моладзі няма часу для веры? Галоўнай становіцца асоба. Мне здаецца, што ў будучыні застанецца мала вернікаў. Мы змяняемся, з’яўляюцца здольнасці, якіх не было раней...
    - Не! Прабач, але ўсё наадварот! Цяпер, калі свет руйнуецца ў нас на вачах, людзі, самыя розныя, бачаць выратаванне выключна ў рэлігіі. Паглядзі на Гародню! Колькі новых храмаў будуецца апошнім часам! Даўно гэтага не было. Чалавек такая істота. Ён звяртаецца да Бога толькі тады, калі цяжка. А пасля, калі ўсё ўладкуецца, людзі забываюць падзякаваць Богу... Што зробіш!..
    - Ну, канешне. Той, хто адмаўляецца ад рэлігіі, часцей за ўсё думае: “Няма Бога – усё дазволена”...
    - Моладзь адмаўляецца ад храма не толькі з-за гэтага. На пэўным этапе з’яўляецца дастаткова “альтэрнатыў” традыцыйнай рэлігіі...
    - Зноў пра секты?!
    - Не. Я не пра секты кажу, а пра тыя заняткі, якія замяняюць касцёл. Іх спіс можна скласці самастойна: адносіны з сябрамі, сустрэчы і спатканні, фэсты, спартыўныя клубы, канцэрты... Усё гэта патрабуе часу, увагіі, энергіі. Малады чалавек прыстасоўваецца да свету, шукае ў ім уласнае месца. Хтосьці шукае з дапамогай рэлігіі, хтосьці – без.-----------------------+ Бывае, чалавек губляецца, бывае – знаходзіць выйсце. Асабіста для мяне, атэіст і няверуючы маюць часовае становішча.
    - Быццам быць атэістам можна толькі нейкі перыяд... Далей усё адно пачынаюцца іншыя свядомыя і падсвядомыя памкненні.
    - Калі казаць грубавата, то чалавек, які пазіцыяніруе сябе як “атэіст”, падаецца недавучаным. Няхай сам ставіць пытанні і шукае адказы на іх, сам памыляецца і шукае свой шлях...
    Руды Юрась увесь час назіраў за мокрым трыа, слухаў... А можа, і не слухаў. Яго твар набыў выраз адчужанасці.
    Вольга павярнулася да яго. Яе кароткія валасы зноў зляцелі на твар. Дзяўчына ўсміхнулася. Не, усміхнулася не вуснамі, а вачыма, як усміхалася заўжды. А пасля яна прачытала ў яго светлых вачах, прачытала так лёгка і ясна: “Калі мы адчуем поруч Любоў, Павагу і Праўду, мы будзем расці і квітнець у садзе Пана Бога. Будзем расці і квітнець у адной вялікай супольнасці. Вера аб’яднае нас”.
    Над шурпатай стальніцай павісла красамоўнае маўчанне. Нішто не казала больш, чым гэтае маўчанне. Кожны думаў пра тое ж, але думаў па-рознаму...
    Там, за вокнамі, цямнела. І калі студэнты выйшлі з кавярні, ноч паволі краналася Гараднічанкі і Нёмана-бацькі, спускалася на зямлю, на дахі старых будынкаў і новых шматпавярховак, спускалася на вузкія гарадзенскія вулачкі, на парк Жылібера і Каложу...
    Тонкія абцасы, вострыя насы балетак і велізарныя кеды беглі праз мноства калюжын, глыбокіх і не вельмі. Два высокія станы юнакоў і дзве маленькія дзявочыя постаці спяшаліся туды. Наперад. Туды, дзе далёка-далёка стройныя шпілі перакрыжоўвалі цёмна-сіняе неба. Гэта ўзвышаўся Фарны касцёл...

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.