ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

З каталіцкага друку (16)

Прэса

“Не забівай (сябе)!” Кс. Тамаш Яклевіч, 33/2011
    Аўтар артыкула апісвае складанасць матываў і прычын, якія вядуць да здзяйснення самагубстваў. Звычайна існуе некалькі прычын самагубства. Сёння Касцёл бярэ пад увагу псіхалагічныя і сацыялагічныя веды на дадзеную тэму. Таму лічыць, што ёсць абставіны, якія змякчаюць ці ліквідуюць віну. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла сцвярджае: “Цяжкія псіхічныя расстройствы, страх ці сур’ёзная боязь перад выпрабаваннем, пакутай ці катаваннем могуць зменшыць адказнасць самагубцы” (2282). Аўтар прыводзіць выказванні кс. Антонія Бартошкі, тэолага-мараліста, які звяртае ўвагу на тое, што “пахаванне самагубцы з’яўляецца заступніцкай малітвай, якая выпрошвае Божую міласэрнасць для чалавека, які, прасцей кажучы, адышоў нез’яднаны з Панам Богам. Св. Імша на такім пахаванні з’яўляецца малітвай за грахі памерлага”. “Мы молім аб міласэрнасці менавіта таму, што маем свядомасць граху. Чым больш у самагубстве наўмыснасці і запланавання, тым больш неабходна малітвы аб міласэрнасці. (…) Чым больш у самагубстве адчаю, жаху і страху, тым меншая адказнасць за гэты ўчынак. Аднак што датычыцца канкрэтных выпадкаў, чалавек не мае права гуляць у суддзю”. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны дзень самагубствы здзяйсняюць каля 1300 чалавек.
   
“Фіеста маладога Касцёла”, кс. Марэк Лучак, 34/2011
    Аўтар прыгадвае гісторыю ўсіх Сусветных сустрэч моладзі, пачынаючы з 1984 г., калі на Пальмовую нядзелю моладзь спаткалася ў Рыме. Тады на сустрэчу з Папам прыехала звыш 300 тысяч маладых людзей з усяго свету. Ян Павел II уручыў ім Крыж Святога года, які цяпер падарожнічае па свеце як Крыж Сусветных дзён моладзі. Аўтар спрабуе знайсці адказы на пытанні аб плёне спатканняў маладых людзей, а таксама аб тым, якая яна – моладзь Сусветных дзён моладзі. На апошняе пытанне адказала звыш 1,8 тысяч маладых людзей з пяці кантынентаў. Ажно дзевяць з дзесяці анкетаваных лічаць, што СДМ – “гэта вопыт, які змяняе ўсё жыццё”. Моладзь лічыць, што вера ў Хрыста дае сілу, каб прабачаць іншым, быць салідарным, дапамагаць тым, каму гэта найбольш неабходна, а таксама пасталець і стаць лепшым чалавекам. У артыкуле змешчана сведчанне 51-гадовага Шмітта, які прызнаўся, што зайздросціць СДМ. У інтэрв’ю для каталіцкага тэлебачання ён сказаў, што ўжо занадта стары, каб удзельнічаць у гэтай падзеі, а калі быў малады, не верыў у Бога. У канцы артыкула кс. Марэк прыводзіць адно з выказванняў кардынала Рылкі: “Гэта вопыт паўсюднага Касцёла, адзінага ў сваім родзе, які ахоплівае ўсю планету, Касцёла маладога, поўнага энтузіязму і місійнага запалу. Гэта эпіфанія хрысціянскай веры”.

   “Спецыялізацыя Любоў”, кс. Марэк Дзявэцкі, 7 – 8, 2011

    Аўтар спрабуе дапамагчы чытачам знайсці адказ на пытанне: “Хто такі чалавек?”. Ён узгадвае, што сёння чалавек мае сур’ёзныя праблемы са зразуменнем самога сябе. Акрэслення, што чалавек з’яўляецца разумным і вольным, не дастаткова, бо такім чынам мы абагаўляем разумнасць і вольнасць. Кс. Марэк згадвае тыя добрыя якасці, якія мы атрымалі ад Бога, а таксама тую балючую, якую мы надалі сабе самі: раненне першародным грахом. Апісваючы па чарзе якасці чалавецтва, аўтар адзначае: “Расціце ў Хрысце да святасці, да велічы, да мудрасці. Тады вы лёгка адчуеце пакліканне, бо святы чалавек – і толькі святы чалавек – зможа адчуць пакліканне і рэалізаваць яго”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.