ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

На сустрэчу з папам

На шляху да святасці

кс. Антоні ГрэмзаДарагія маладыя сябры!
    Менш чым праз тры тыдні Мадрыд і іншыя дыяцэзіі Іспаніі падчас Сусветных дзён моладзі адчыняць дзверы сваіх дамоў для маладых усяго свету. Гэта адпаведная пара зрабіць кароткае падсумаванне сваіх намаганняў і падрыхтоўкі да падзеі, якая ў пэўнай ступені датычыць кожнага маладога католіка нашай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі.
У нашым гродзенскім Касцёле Маладых апошнія месяцы былі часам інтэнсіўнай духоўнай падрыхтоўкі да ўдзелу ў Днях моладзі ў Іспаніі. На старонках газеты “Слова Жыцця” з кастрычніка 2010 г. мы рэгулярна апісвалі этапы падрыхтоўкі да Сусветнай сустрэчы моладзі ў Мадрыдзе. Адлюстраваннем актыўнай падрыхтоўкі маладых людзей у нашай дыяцэзіі былі папскія чуванні, якія адбыліся 2 красавіка ў касцёлах дыяцэзіі, а таксама ўдзел у беатыфікацыі Яна Паўла II, на якую некаторыя даехалі аўтастопам. Моладзь памятала, што бл. Ян Павел II будзе галоўным Заступнікам Сусветных дзён моладзі ў Іспаніі.
Добрай падрыхтоўкай перад Іспаніяй для ўсіх маладых людзей дыяцэзіі сталі майскія Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Воранаве. Іх дэвізам былі словы: “Збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры”. Тэмы прэзентацый жыцця Святых былі сцісла звязаны з Сусветнай сустрэчай маладых у Мадрыдзе. Апрача гэтага, у парафіях адбываліся сустрэчы, звязаныя з Сусветнымі днямі моладзі, падчас якіх моладзь сведчыла аб сваёй веры, удзельнічала ў катэхезах. Усё гэта павінна было дапамагчы знайсці адказы на пытанні: “Чаму я збіраюся на Сусветныя дні моладзі?”, “Чаго я чакаю ад іх?” Апошнія дні падрыхтоўкі заўжды напружаныя і патрабуюць большай увагі. Клопаты, звязаныя з тым, каб знайсці сродкі для паездкі, атрымаць адпаведныя дакументы, заказаць камфартабельныя аўтобусы, прадумаць цікавую трасу, могуць садзейнічаць таму, што мы забудзем пра галоўную мэту паездкі і ўдзелу ў Сусветных днях моладзі.
    Сёння турыстычныя паездкі з’яўляюцца моднымі. Фірмы маюць багаты выбар прапаноў. Думаю, што сярод іх кожны з Вас хацеў бы выбраць такую, якая адпавядала б такім крытэрыям, як таннасць, займальнасць, забаўляльнасць і г.д. Дарагія маладыя сябры, якія едзеце ў Мадрыд! Дазвольце нагадаць Вам, што Касцёл, парафія, апостальская група не з’яўляюцца турыстычнымі фірмамі, якія павінны запэўніць Вам танныя, займальныя і забаўляльныя канікулы. Касцёл. Для Сусветнага дня моладзі ў Мадрыдзе папа Бенедыкт XVI невыпадкова выбраў дэвізам словы св. Паўла Апостала: “Укаранёныя і збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры” (Кал 2, 7). Святы Павел Апостал прысвяціў шмат увагі навучанню Касцёла як жывога і містычнага Цела Хрыста. Разважаючы над словамі св. Паўла, я прыйшоў да высновы, як важны гэтыя словы для чалавека, які жыве ў эпоху тэхнікі і інтэрнэту. Самыя новыя вынаходніцтвы і найлепшыя сродкі масавай інфармацыі не могуць замяніць чалавеку яго чалавечнасці і хрысціянства. Мяне няма без Хрыста, мяне няма без Яго Касцёла. У Хрыстовым Касцёле мы маем непаўторны шанс быць сабой і кімсьці вялікім у святле жыцця асобы Хрыста. Касцёл – гэта супольнасць братоў і сёстраў, якія складаюць адно містычнае Цела Змёртвыхпаўсталага Хрыста. Бясплатнасць. Танным коштам нельга здабыць годнасці Божага дзіцяці; за яе трэба заўжды змагацца. Сёння гэтае змаганне можна назваць барацьбой за свабоду Божых дзяцей. Дакладна 20 гадоў таму, у 1991 г., бл. Ян Павел II скіраваў да моладзі з Беларусі, якая прыбыла на Сусветныя дні моладзі ў Чанстахове, актуальныя таксама ў наш час словы: “Дарагая моладзь з Беларусі! Няхай Святы Дух суправаджае Вас у пераходзе ад няволі граху да свабоды Божых дзяцей!” Мы атрымліваем Божую ласку дарма, але яна дае плён толькі пасля цяжкай барацьбы і перамогі над кожным грахом. Гэтая барацьба каштуе нам многага.
    Займальнасць. Трываць у Касцёле – гэта значыць безупынна трываць у навучанні Хрыста. Калі б мы спыталі ў сабранай ў касцёле моладзі: “Ці Евангелле з’яўляецца сёння прыцягальнай навіной для сучаснага чалавека?”, то пачулі б розныя адказы. Напэўна, некаторыя сказалі б, што Евангелле вельмі цяжкае або што яго перадача – няправільная. Аднак прыцягальнасць навучання Хрыста – гэта не мара пра лёгкае шчасце, якое прапануе Хрыстос. Займальнасць - гэта няспыннае захапленне жыццём Хрыста, Яго словамі і ўчынкамі, якія пабуджаюць нас да Яго пераймання. Займальнасць асноўваецца таксама на захаванні адзінства з баратамі і сёстрамі, якія аднолькава пераймаюць Хрыста.
    Забаўляльнасць. Адной з важных рыс супольнасці маладых людзей з’яўляецца забаўляльнасць, якую акрэсліваюць словамі: “супер”, “экстра”, “весела”. Пасля шумных забаў мы часам гаворым, што пэўнае акружэнне было для нас нудным і манатонным. Часам існуе спакуса перанесці гэта на жыццё Касцёла; тады мы гаворым, што нічога новага мы ўжо не даведаемся, усё тое ж самае, толькі змяняюцца людзі. Гэта праўда, што ў такой супольнасці існуе небяспека нуды. Аднак варта задумацца і задаць сабе пытанне: “Ці не надакучыла мне мая вера?” Прычынай нуды з’яўляецца адсутнасць умацавання свайго духоўнага кантакту з Хрыстом падчас малітвы і ціхай перад Ім адарацыі. Весялосць хрысціянскага духу знаходзіць сваё поўнае вымярэнне ў адкрыванні радасці з нагоды знаходжання перад Богам падчас малітвы. Без гэтай глыбокай унутранай радасці весялосць застаецца рысай павярхоўных людзей. Ці ж такімі мы хочам быць?
    Дарагая моладзь – удзельнікі XXVI Сусветных дзён моладзі ў Іспаніі – і ўсе, хто будзе злучацца з намі духоўна ў Мадрыдзе! Я жадаю Вам, каб Вы адкрывалі вартасць гэтых важных асаблівасцей удзелу ў жыцці супольнасці Касцёла. Хрыстос у сваім Касцёле дае нам бясплатныя, прыцягальныя і радасныя прапановы – іншыя, чым можа прапанаваць свет. Выкарыстайце іх падчас Сусветных дзён моладзі ў Іспаніі.
    26 ліпеня а 19-й гадзіне запрашаем усіх удзельнікаў паездкі ў Мадрыд у Пабрыгіцкі касцёл у Гродне на св. Імшу з гродзенскай групай у інтэнцыі шчаслівага падарожжа і плённага ўдзелу ў СДМ у Мадры-дзе. Выезд моладзі з Гродзенскай дыяцэзіі запланаваны на 7 жніўня пасля св. Імшы, якая будзе цэлебравана а 14-й гадзіне ў катэдральным касцёле ў Гродне.

Пытанні, звязаныя з выездам, належыць кіраваць да кс. Антонія Грэмзы
(маб. тэл. + 375 296 324 373) ці да асоб у сваіх парафіях, адказных за паездку.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.