ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Канікулы, канікулы, канікулы

Семінарыйная газета

Пасля здачы апошняга экзамену для алюмнаў нашай семінарыі наступіў доўгачаканы час канікулаў, час адпачынку і душпастырска-літургічных практык. У гэтым годзе клерыкі будуць прымаць больш актыўны ўдзел у жыцці не толькі ўласных парафій і семінарыі, але таксама ўсёй Гродзенскай дыяцэзіі.
    Перш за ўсё іх чакаюць месячныя практыкі ў парафіях: Гродна-катэдра, Ліда-Фара, Ваўкавыск (св. Станіслава), Адэльск, Беняконі, Шчучын, Малая Бераставіца, Бярозаўка, Новы Двор, Жодзішкі, Макараўцы, а нават Дортмунд (Германія).
   Практыка ў парафіі з’яўляецца для клерыкаў найлепшай нагодай выкарыстаць веды, атрыманыя падчас лекцый у семінарыі, і дае магчымасць падзяліцца радасцю веры і паклікання з людзьмі, да якіх яны будуць пасланы.
Лета – гэта таксама час пілігрымак у марыйныя санктуарыі. Як кожны год, ці ўжо традыцыйна, клерыкі нашай семінарыі прымуць удзел у пілігрымках у Чанстахову, Вільню і Навагрудак, каб разам з Божым людам складаць падзякі і просьбы ля ног Найсвяцейшай Панны Марыі.
    У чэрвені некаторыя алюмны семінарыйнай супольнасці будуць удзельнічаць у рэкалекцыях для моладзі руху “Святло – Жыццё”, у так званым аазісе “Новага Жыцця”, які адбудзецца ў трох мясцовасцях Радомскай дыяцэзіі: Зажэнціне, Баньсцы Вышэйшай, Скаржыску Каменным. Рэкалекцыі будуць праходзіць на працягу 15 дзён у духу 15 ружанцовых таямніц. Падчас іх кожны дзень будуць адбывацца сустрэчы ў групах, на якіх удзельнікі рэкалекцый разам паразважаюць над выбраным фрагментам са Святога Пісання. Пазней будуць так званыя “Паход расплюшчаных вачэй” – сузіранне Бога ў прыродзе і навакольным свеце, “Палатка” – увядзенне ў супольнае разважанне і “Літургія Слова”, якая складаецца з 4 чытанняў тэматычна падабраных 3 псалмоў, Евангелля і гаміліі. Гэтае глыбейшае схіленне над Божым Словам і супольнае яго разважанне з’яўляецца вялікай дапамогай у працы будучага душпастыра.
    Ужо на працягу некалькіх год клерыкі нашай семінарыі прымаюць актыўны ўдзел таксама ў лекцыях “Душпастырства цвярозасці”, арганізаваных у Закрочыме (Польшча), падчас якіх удзельнікі закранаюць праблемы, якія датычаць уплыву бацькоў-алкаголікаў на дзяцей і псіхалагічнай дапамогі залежным асобам і іх сем’ям.
    У жніўні гэтага года ў Мадрыдзе адбудзецца чарговы Сусветны дзень моладзі, а з 5 па 7 жніўня ў Івянцы – I Агульнанацыянальны дзень моладзі ў Беларусі. Клерыкі нашай ВДС таксама прымуць у іх удзел.
    Алюмны семінарыі будуць удзельнічаць і ў “Канікулах з Богам” у Мсцібаве. А семінарыйны ансамбль “AVE” сваім прыгожым спевам асаблівым чынам упрыгожыў сёлетнюю III Парафіяду дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
    Хрыстус, які прагне, каб Яго вучні абвяшчалі Евангелле кожнаму чалавеку і сведчылі пра Яго ўчынкамі, няхай зробіць так, каб праца сярод людзей ў парафіі і падчас іншых душпастырска-літургічных практык стала нагодай да ўзмацнення паклікання клерыкаў нашай семінарыйнай супольнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.