ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Вытокі пілігрымак да санктуарыяў

На шляху да святасці

Маці Божая Кангрэгацкая,     урачыстасць – 5 жніўняЛетні перыяд для многіх католікаў Беларусі – час пілігрымак да санктуарыяў Маці Божай, на якія наш край багаты з даўніх часоў.
   У паломніцтвы выбіраюцца людзі рознага ўзросту і з рознымі малітоўнымі намерамі.
Сама традыцыя пілігрымак вядома ўжо здаўна. Пілігрымкі былі і ёсць у розных рэлігіях і культурах. Калі гаварыць пра хрысціянскую традыцыю пілігрымак, то даследчыкі кажуць, што яна бярэ свой пачатак яшчэ з біблійных часоў. У старазапаветны час іудзеі пілігрымавалі на Пасху ў Ерузалем, дзе знаходзілася адзіная на той час святыня Бога. У новазапаветныя часы паслядоўнікі Хрыста пачалі паломнічаць па Святой Зямлі - мясцінах, звязаных з жыцём Божага Сына.
У 638 г. тэрыторыя Палестыны была захоплена мусульманамі, і паломніцтвы ў Святую Зямлю рэзка скараціліся. Гэта паўплывала на тое, што пачалі развівацца рэгіянальныя пілігрымкі да святых месцаў (санктуарыяў). Сярод іх найбольш значнымі ў каталіцкім свеце сталі пілігрымкі да грабніц Апосталаў. Найбольшай папулярнасцю карысталіся пілігрымкі ў Рым, дзе ёсць грабніцы двух найбольш значных апосталаў – святых Пятра і Паўла. Акрамя таго, Рым вабіў пілігрымаў як Апостальская Сталіца – Святы Горад, сталіца хрысціянства з мноствам касцёлаў, санктуарыяў святых і мучанікаў за веру. Таксама вялікай папулярнасцю пілігрымаў стала карыстацца месца пахавання апостала Якуба ў Сант’яга дэ Кампастэлла (Іспанія).
 Маці Божая Будслаўская, урачыстасць -  у першую суботу ліпеняМаці Божая Жыровіцкая, урачыстасць –  7 мая  У XVI ст. вельмі папулярнымі сталі пілігрымкі да санктуарыяў Маці Божай. Найбольш значныя і шанаваныя пілігрымамі абразы Багародзіцы пачалі ўвенчваць аздобнымі каронамі. Сама традыцыя каранавання цудадзейных выяваў святых была вядома яшчэ з IV стагоддзя, калі адбылася каранацыя абраза св. Агнешкі ў Рыме. Але менавіта ў XVI ст. традыцыя атрымала новае жыццё. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што імпульсам да гэтага стала ўрачыстая каранцыя абраза Маці Божай Снежнай (Salus Populi Romani) у базіліцы Santa Maria Maggiore ў Рыме ў 1527 г., якую здзейсніў Папа Клемент VIII.
   Традыцыя каранавання марыйных абразоў была хутка перанята ў Рэчы Паспалітай. Тым больш што на яе землях найбуйнейшымі цэнтрамі паломніцтваў былі менавіта цудадзейныя абразы Багародзіцы. Першая каранацыя марыйнага абраза ў Рэчы Паспалітай адбылася ў 1651 г., калі папскі нунцый увянчаў у Варшаве абраз Маці Божай Ласкавай. Пасля былі каранаваны іконы Маці Божай у Чанстахове, Троках, Кодані, Сокалі і Падкамені.
   Урэшце ў 1730 г. адбылася першая каранацыя марыйнай іконы на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Папскія кароны былі ўскладзены на абраз Маці Божай Жыровіцкай. Да сённяшняга дня гэтая ікона карыстаецца вялікай малітоўнай пашанай не толькі сярод католікаў і праваслаўных Беларусі, але таксама сярод вернікаў Рыма. Там у 1718 г. пад тынкам муру ў касцёле святых Сяргея і Бакка была знойдзена копія абраза Маці Божай Жыровіцкай у выглядзе фрэскі. Гэтая фрэска, перанесеная ў галоўны алтар, ушаноўваецца рымлянамі як Мадонна дэль Паскола.
   Наступная каранацыя абраза Маці Божай на беларускіх землях адбылася ў 1761 г. у Бялынічах – буйным тагачасным паломніцкім цэнтры. Да апошняга часу гэтая ікона лічылася загінуўшай. Яна была знойдзена выпадкова за бакавым алтаром у касцёле ў Новай Мышы (Баранавіцкі р-н). Эксперты дагэтуль не могуць разабрацца, сапраўды знойдзены абраз з’яўляецца арыгіналам ці гэта невядомая найстарэйшая копія іконы. Вернікі, у сваю чаргу, сцвярджаюць цуды аздараўлення, якое яны атрымліваюць, молячыся аб заступніцтве Маці Божай Бялыніцкай перад гэтым абразом у навамышскім касцёле.
 Маці Божая Гудагайская, урачыстасць – 16 ліпеня Маці Божая Тракельская, урачыстасць у гэтым годзе – 9 ліпеня На працягу XIX - XX стагоддзяў паломніцкі і каранацыйны рух на беларускіх землях прыйшоў у заняпад у сувязі з жорсткім пераследам Касцёла ва ўмовах Расійскай Імперыі, а пасля – Савецкага Саюза. Вернікі ўпотай падтрымлівалі пілігрымковы рух да старажытных і новых санктуарыяў. Вельмі сімвалічнай і важнай падзеяй была каранацыя іконы Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні ў 1927 г. Гэты сапраўдны паломніцкі цэнтр дачакаўся свайго каранацыйнага адзначэння адразу пасля вызвалення Вільні ад расійскага прыгнёту.
   Адраджэнне Касцёла ў Беларусі пасля савецкіх ліхалеццяў спрыяла адраджэнню пілігрымковага руху да марыйных санктуарыяў, а таксама адраджэнню каранацый найбольш шанаваных абразоў. Так у 1996 г. адбылася каранацыя абраза Маці Божай Брэсцкай, у 1997 г. – Маці Божай Лагішынскай, у 1998 г. – Маці Божай Будслаўскай, у 2005 г. – Маці Божай Кангрэгацкай (Гродна, катэдральны касцёл), у 2009 г. – Маці Божай Тракельскай.
   Штогадовыя пілігрымкі да санктуарыяў Маці Божай збіраюць тысячы вернікаў з розных мясцін Беларусі. Кожны з цудадзейных абразоў Багародзіцы не толькі з’яўляецца сведкам магутнага дзеяння Божай ласкі, але таксама гаворыць аб багатай хрысціянскай гісторыі гэтага краю і народа. Надыходзячая пара пілігрымак можа стаць не толькі нагодай да адмысловага малітоўнага спаткання і сведчання веры. Святыя дні паломніцтва могуць быць таксама часам сустрэчы і знаёмства з багатай хрысціянскай спадчынай роднага краю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.