ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Чацвер, 23 лістапада 2017 года
«Бог стварыў неба і зямлю для ўсіх.
На жаль, людзі збудавалі межы»
/ Папа Францішак /

20 год. Партрэт Дыяцэзіі

Слова рэдактара

9-325_by Менеджары вялікіх фірмаў упэўнены, што стан фірмы – гэта вынік іх намаганняў, адносінаў і намераў. Фатографы ў адзін голас сцвярджаюць, што калі ўжо яны маюць у руках фотаапарат, то самі вырашаюць, як мы павінны выглядаць на здымку, бо яны ствараюць свой твор. Псіхолагі, ствараючы псіхалагічны партрэт асобы, не сумняваюцца, што яны адкрываюць таямніцы псіхікі чалавека. Кожны з нас клапоціцца пра свой знешні выгляд і добрае імя і хоча быць добра ўспрыняты грамадствам.
    Я падумаў, што калі, карыстаючыся досведам розных навук, можна стварыць партрэт чалавека, то варта было б стварыць партрэт нашай дыяцэзіі, тым больш, што мы маем для гэтага нагоду – 20-годдзе яе заснавання. Дыяцэзія – гэта ж таксама людзі, а значыць, кожны з нас. Я б хацеў адразу звярнуць увагу Чытачоў на тое, што гэта будзе рэлігійны партрэт. Я разумею, што бяруся за цяжкае заданне, таму што жыццё дыяцэзіі - гэта эфект узаемаадносін многіх элементаў як з боку біскупа, так і з боку святароў і вернікаў. Тым больш, што гэтыя апошнія могуць быць як няверуючымі, так і рэлігійнымі. Але спярша трэба вярнуцца ў часе.
13 красавіка 1991 года папа Ян Павел II утварае новую Гродзенскую дыяцэзію і прызначае кс. Аляксандра Кашкевіча яе біскупам. Мноства людзей… Шмат энтузіязму і радасці… Перамога веры, якая перамагла страх і смутак. Бо тыя, для каго так важны быў Касцёл і яго будучыня, баяліся, што можа быць горш, што не будзе святара. Гэта быў энтузіязм, дзякуючы якому ў нашых святынях на алтары заўсёды гарэлі свечкі. Нашы дзяды і прадзеды, змагаючыся за Бога, змагаліся за сябе, за сваё жыццё. Сёння мы можам толькі ўявіць сабе тыя нялёгкія часы, але гэта менавіта стаўленне нашых продкаў было моцным фундаментам Касцёла на Гродзеншчыне. Давайце паспрабуем усвядоміць сабе, што кожны з гэтых старэйшых людзей, якія баранілі веру бацькоў, хоча нам перадаць найважнейшыя жыццёвыя праўды і мудрасць, дасягнутыя дзякуючы вопыту і тым каштоўнасцям, якіх яны прытрымліваліся.
    Дыяцэзія. Падчас урачыстасцей часта можна было пачуць, як біскупы параўноўваюць нашу 20-гадовую дыяцэзію з маладым чалавекам такога ж узросту, падкрэсліваючы, што Касцёл у Беларусі - малады, што гэта яшчэ толькі перыяд росту. Як шмат у гэтым праўды! Малады чалавек у гэтым узросце адчувае пэўныя змены, якія адбываюцца ў яго рэлігійным жыцці. Гэта перыяд росту, калі моладзь часам бывае пакінута сама сабе і “асуджана” на поўную самастойнасць. Аднак гэтае самастойнае змаганне з цяжкімі экзістэнцыяльна-рэлігійнымі праблемамі могуць прывесці да таго, што малады чалавек дасягне рэлігійнай сталасці. Гэтак жа і наш Касцёл пасля прыняцця ўсялякай дапамогі ад добрых людзей цяпер сам павінен даваць сабе рады з рознага віду цяжкасцямі, становячыся самастойным і ўзмацняючыся духоўна.
    Гродзенская дыяцэзія, напэўна, ужо дасягнула сваёй сталасці. Ёсць біскуп, духоўная семінарыя, душпастырствы і вялікая колькасць вернікаў, якія, несумненна, адыгрываюць важную ролю ў вялікай сям’і Усеагульнага Касцёла.
    Біскуп. На чале дыяцэзіі стаіць Пастыр, які з’яўляецца яе кіраўніком. Слуга Божы кардынал Стэфан Вышыньскі сказаў калісьці: “Біскупства мае ў сабе штосьці ад крыжа, таму Касцёл вешае біскупу на шыю крыж. На крыжы трэба памерці, без гэтага няма паўнаты святарства. Браць на сябе крыж нялёгка, хоць бы ён быў залаты і аздоблены камянямі”. Кожны біскуп мае сваю пастырскую праграму, якую часцей за ўсё акрэслівае ў сваім біскупскім гербе. Наш Ксёндз Біскуп у сваім гербе мае словы “Езу, я давяраю Табе”. Для нашага Пастыра гэта не проста прыгожы заклік - гэта словы, якія моцна выгравіраваны ў яго сэрцы. Ён, калі яшчэ быў пробашчам у Вільні, уратаваў арыгінал абраза Езуса Міласэрнага ад знішчэння. З гэтай вялікай Міласэрнасцю наш міласэрны Пастыр прыйшоў у Беларусь. Посткамуністычным прасторам быў вельмі неабходны гэты дух Міласэрнасці, тая Міласэрнасць, якая ў Яго праяўляецца ў адкрытасці і вялікай веры ў чалавека і свет, які ўспрымаецца не як пагроза, а як нагода для Евангелізацыі Міласэрнасці.
    Святары. Давайце не будзем глядзець на святароў праз замочную шчыліну. Давайце паглядзім на іх праз прызму закліку Хрыста: “Пайдзі за мной”. Гэта ж Бог паставіў святара каля чалавека. Калі чалавек нараджаецца, святар адраджае яго ў хросце, калі дзіця разумее законы веры, святар жывіць яго Найсвяцейшым Сакрамэнтам, калі чалавек падае, святар падымае яго ў імя Бога, калі людзі бяруць шлюб, Хрыстус бласлаўляе іх рукамі святара, а пад канец зямной вандроўкі святар спадарожнічае таму, хто памірае, праз сакрамэнт памазання хворых, просячы палёгкі ў пакутах, а молячыся за душы памерлых – выпрошвае рай. Менавіта такім з’яўляецца святар – працаўнік Жніва Пана.
    Вернікі. Багаццем Касцёла на Гродзеншчыне з’яўляюцца яго вернікі, якія заўсёды ў вялікай колькасці збіраюцца ў святынях: старэйшыя людзі, сярэдняе пакаленне, моладзь і дзеці. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч калісьці адзначыў, што нам у гэтым, пэўна, дапамагла набожнасць нашых суседзяў – Польшчы і Літвы, дзе заўсёды можна было пачуць спеў на гродзенскую мелодыю. У архіве нашай рэдакцыі ёсць звыш 1000 здымкаў з розных урачыстасцяў нашай дыяцэзіі. Калі іх праглядзець, можна ўбачыць моцную веру ў вачах нашых людзей. Вось такі наш Касцёл. Касцёл, які мае прыгожую багатую гісторыю; які вытрымаў часы пераследавання дзякуючы мужным, гатовым да самаахвярнасці абаронцам, сваім вернікам; які і надалей з’яўляецца маладым, моцным і жывым. Побач са старымі касцёламі, якія памятаюць даўнія часы, дзякуючы працы святароў і вернікаў паўстаюць новыя, аднак іх усё яшчэ мала.
    Якім будзе ў будучыні гэты Жывы Касцёл, які складае кожны з нас? Давайце ўспомнім словы Езуса да Пятра: “… А брамы пекла яго не перамогуць” (Мц 16, 18). Я спадзяюся, што гэты выключны нумар нашай газеты дапаможа кожнаму з Вас, дарагія Чытачы, пазнаёміцца з нашым Касцёлам яшчэ лепш, а гэтыя веды, памножаныя на Вашу веру, прынясуць плён яго прыгожай будучыняй.
    Кожны мастак мае сваю тэхніку. Я прадставіў Вам партрэт нашай дыяцэзіі ў сваім выкананні. А які ён атрымаецца ў Вас, залежыць ужо ад Вас саміх. Аднак найважнейшым з’яўляецца тое, што Гродзенскі Касцёл жывы, таму што ў сэрцы яго вернікаў жыве вера, таму што гэта мы з’яўляемся тым Жывым Касцёлам, які трывае навекі.

Актуальны нумар

Наш каляндар

kalendar 2017 by1s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2017 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  39

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.