ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Вялікдзень у нашым жыцці

На шляху да святасці

Літургія Пасхальнай вігіліі з’яўляецца найважнейшай цэлебрацыяй у літургічным годзе. Адпаведна даўняй традыцыі, ноч напярэдадні нядзелі Змёртвыхпаўстання павінна быць чуваннем на хвалу Пана. (Зых 12, 42). Вернікі, паслухмяныя напаміну Евангелля (Лк 12, 35), трымаюць у руках запаленыя свечкі. Усе абрады Пасхальнай вігіліі адбываюцца ноччу: іх нельга пачаць раней ночы, а закончыць іх трэба ў нядзелю перад світаннем. Святары апранаюцца ў імшальнае адзенне белага колеру.
У маім жыцці Вялікдзень займае асаблівае месца. Свята Божага Нараджэння мы адзначаем у асяроддзі сям’і, а радасцю Змёртвыхпаўстання Пана дзелімся са знаёмымі і сябрамі. Я неаднойчы чуў, як да майго дзядулі тэлефануюць яго праваслаўныя знаёмыя, каб перадаць святочныя віншаванні. Яшчэ большае хваляванне выклікае агульнае святкаванне Змёртвыхпаўстання Пана з праваслаўнымі братамі. Вялікі пост з’яўляецца часам духоўнай самападрыхтоўкі, таму на гэты перыяд я заўжды прымаю пастанаўленні. Лічу, што цераз практыкаванні стойкасці, паслухмянасці і дабрыні чалавек можа наблізіцца да збавення, стаць годным ахвяры Хрыста на крыжы.
У маім родным касцёле ўстанаўліваецца гроб Езуса Хрыста, высечаны ў “скале”, і вывешваецца габелен з выявай Божага Сына, які моліцца ў Аліўным садзе. Такое аздабленне святыні заўжды скіроўвала мае думкі на муку Езуса, пакуты, якія Ён перанёс, і Яго любоў да людзей. Я ўспамінаю адну аповесць, у якой вадзіцель велікагрузнай машыны пазнаёміўся з вернікам, таксама вадзіцелем. Ён растлумачваў свайму новаму знаёмаму веліч ахвяры Хрыста і сказаў, што Езус Хрыстус быў Богачалавекам, меў велізарную моц, але не пакараў людзей, якія Яго катавалі, наадварот: прасіў Бога аб літасці для іх, бо яны не ведалі, што робяць. Абодва вадзіцелі прызналі, што Езус вельмі любіць людзей. Гэтую думку я прыняў у сэрца.
    Вялікі пост дае нам магчы­масць прайсці Крыжовым шляхам Езуса, успомніць дарогу Яго пакут. Гэтае набажэнства з’яўляецца для мяне чымсьці незвычайным, тым, што вылучае гэты перыяд. Вялікдзень асацыіруецца ў мяне таксама з усяночнай адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту, спачатку ў цямніцы, а потым каля Гроба. Я памятаю, як у Вялікую пятніцу і Вялікую суботу я прыходзіў у касцёл, каб словамі Літаній да Усіх Святых, Найсвяцейшага Сэрца Езуса прасіць Бога аб дапамозе. Я лічу, што гэтая малітва з’яўляецца найбольш асаблівай, таму што мы молімся ля пакутуючага Езуса.
    Вельмі прыгожым і радасным момантам з’яўляецца рэзурэкцыйная працэсія нядзельнай раніцай. У маёй парафіі мы тройчы абыходзім касцёл у падзяцы Богу і з радасцю з нагоды Змёртвыхпаўстання Божага Сына. Велікодныя ўрачыстасці напаўняюць мяне вялікай моцай для пераймання шляху Езуса Хрыста.

Святы Пасхальны Трыдуум (з лац. Triduum - тры дні) - найважнейшая падзея ў каталіцкім літургічным годзе. Яго сутнасцю з’яўляецца цэлебрацыя Мукі, Смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста. Ён пачынаецца вячэрняй св. Імшой у Вялікі чацвер (св. Імша Вячэры Пана), а заканчваецца другімі нешпарамі пасля апоўдня Велікоднай нядзелі. Першыя згадкі пра цэлебрацыю Вялікага тыдня паходзяць з IV ст. Да 1929 г. для азначэння Велікоднага Трыдуума прымянялі тэрмін Triduum Sacrum. Назва, якая ўжываецца зараз, з’явілася ў 1924 г.
Я папрасіў майго дзядулю Тадэвуша расказаць, як раней адзначалі Вялікдзень. Вось яго ўспаміны.
    “У 1939 г. наша сям’я жыла ў маёнтку Пятровічы Жабінкоўскага павета. На св. Імшу мы ездзілі ўсёй сям’ёй у кожную нядзелю і на святы ў касцёл у Жабінку. Вялікдзень мы звычайна адзначалі традыцыйна. Спачатку ўдзельнічалі ў св. Імшы. Пасля яе заканчэння біліся пісанкамі – пераможца атрымліваў пісанкі таго, хто прайграў. (Аднойчы мой бацька прынёс дадому цэлы кошык выйграных пісанак). Потым мы вярталіся дадому, елі святочнае снеданне і таксама біліся яйкамі. Пасля апоўдня ішлі ў госці да сваякоў і сяброў. Пасля таго, як на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўвайшлі савецкія войскі, новая ўлада пачала кантраляваць Касцёл. Мы не забіралі ў касцёл дзяцей. Ля алтара служылі дарослыя мужчыны. Карай за непаслухмянасць было выключэнне дзяцей са школы і звальненне з працы бацькоў. Многія баяліся, таму для бяспекі дзеці заставаліся дома. Пасля таго, як увайшлі нямецкія войскі, было інакш: дазволілі хадзіць у касцёл, дзеці хадзілі ў школу. Святы адзначалі гучна і радасна. У вёсках людзі адчувалі сябе больш свабодна. Рабілі забавы, хадзілі прыгожа апранутыя. Аднак з цягам часу немцы таксама пачалі пераследаваць моладзь, асабліва за ўдзел у набажэнствах”.

Колькасць хрысціян - прыблізна каля 2,1 млд людзей (1/3 насельніцтва свету), беручы пад увагу ўсе групы, якія ўваходзяць у яе склад. Сярод 2,1 млд хрысціян вылучаюцца: каля 1 млд католікаў, каля 800 млн пратэстантаў, каля 300 млн артадаксальных хрысціян, каля 80 млн англіканаў, каля 30 млн вызнаўцаў старажытных усходніх Касцёлаў, каля 1,5 млн месіянскіх габрэяў і каля 150 млн хрысціян, якія належаць да іншых груп.
Тыя цяжкія часы мінулі. У нас ёсць права на канфесійную свабоду, таму ў мяне няма такіх сумных успамінаў, як у майго дзядулі.
    Цяпер хрысціянства з’яўля­ецца найбольшай рэлігіяй на свеце.
    Езус Хрыстус з’яўляецца Панам не толькі тых, хто ў Яго верыць. Ён Пастыр усяго чалавецтва. Ён апякуецца кожным чалавекам, незалежна ад вызнання, узросту ці колеру скуры.
    Набліжаецца Вялікі тыдзень – успамін пра пакуты і перамогу Божага Сына над смерцю, хвіліна падзякі за выкананне збавеннай місіі Езуса Хрыста. Супольнае святкаванне Пасхальнага Трыдуума ў гэтым годзе будзе яшчэ адной цаглінкай у падмурку нашага вызання веры ў Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.