ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Адкрыць сэрца на любоў

На шляху да святасці

“Посціш? Дакажы гэта ўчынкамі. - Піша Ян Златавуст. - Спытаеш, якімі? Калі бачыш беднага –злітуйся над ім, сустрэнеш ворага – памірыся з ім, спаткаеш сябра, які робіць нешта добрае – не зайздросці яму”.
Кожны з нас самастойна вызначае для сябе ролю, сэнс, вартасць посту ў жыцці. Мы пацікавіліся ў гарадзенскай моладзі пра тое, як яны разумеюць і перажываюць Вялікі пост.
    Адразу адзначым, што сярод рэспандэнтаў, якіх было каля трыццаці, былі асобы, якія ўвогуле не прытрымліваюцца посту альбо зводзяць яго выключна да абмежавання ў спажыванні мяса па пятніцах. Іх меркаванні наўрад ці зацікавяць практыкуючых каталіцкіх вернікаў.
    Большую ўвагу варта звярнуць на тых, хто падчас Вялікага посту звярнуўся больш да духоўнай, чым да цялеснай сферы.

   Аліна, 19 гадоў, будучы псіхолаг: “Перавага сілы духу над сілай цела цалкам магчыма”.

    Пачынаючы з Папяльцовай серады, большасць з нас з вялікім энтузіязмам робіць першыя спробы стаць лепшым чалавекам хоць на паўтара месяца: не спакушацца слодычамі, алкаголем, дыскатэкамі, знаходзіць новыя радасці ў жыцці...
    Да першай нядзелі Вялікага посту гэта цалкам добра атрымліваецца, бо ў суме займае толькі чатыры дні. Аднак запал хутка праходзіць, а яшчэ праз тыдзень - два ад былой рашучасці мала што застаецца. І, на жаль, ніхто яшчэ не прыдумаў універсальнага рэцэпту, як усё ж такі перамагчы сваю слабасць.
    Мне падаецца, што ў такой сітуацыі чалавеку варта ўзгадаць усе свае недахопы, нейкія адмоўныя рысы характару, грахі і памылкі, што выклікаюць незадаволенасць сабою. Трэба задумацца, ці варта спыняцца на паўдарозе, калі можна сціснуць усю сваю волю ў кулак дзеля дасягнення пастаўленай мэты. Дзякуючы гэтаму прачнуцца амбіцыі і настойлівасць, якія будуць своеасаблівай духоўнай зброяй ў барацьбе з духоўнай слабасцю і неўпарадкаванасцю.

    Наталля, 17 гадоў, вучаніца: “Я больш часу прысвячаю малітве”.
    Для мяне саракадзённы перыяд посту з’яўляецца перш за ўсё часам малітвы, пакаяння і падзякі Езусу за любоў, якую Ён аказаў усяму чалавецтву праз добраахвотны выбар пакуты і смерці. Я стараюся з вялікай адданасцю і шчырасцю ўдзельнічаць у велікапосных набажэнствах і рэкалекцыях, асабліва ў Крыжовым шляху.
    Пост – гэта таксама ідэальны час для глыбокіх разважанняў Божага слова і шчырай малітвы, на якую не заўсёды хапае месца ў паскораным рытме паўсядзённага жыцця.

    Марына, 25 гадоў, эканаміст: “Вялікі пост – вялікія пастановы”.
    Пост дае кожнаму з нас магчымасць сур’ёзна задумацца аб сваім жыцці, яно, у рэшце рэшт, кароткае, і задацца пытаннем: “Што Я магу зрабіць, каб змяніць яго ў лепшы бок?”
    Перш-наперш я паабяцала сабе ўстрымлівацца ад зла ў думках і словах, а таксама больш уважліва прыглядацца да людзей: магчыма, я змагу камусьці дапамагчы - добрай парадай альбо матэрыяльна.
    Яшчэ я вучуся правільна размяркоўваць свой час, каб яго хапала на ўсё: працу, адпачынак, малітву.

    Алесь, 24 гады, студэнт ЕГУ: “Пост – гэта не аднаразовая акцыя!”
    Неяк пасля споведзі я прыйшоў да адной вельмі важнай высновы: як часта чалавек вызнае свае грахі, абяцае паправу, а потым прыходзіць дахаты і зноў робіць тое ж самае… Гэта падобна да нашых пастаноў на Вялікі пост, пра якія мы забываемся ўжо ў Велікодны ранак. Атрымліваецца нейкая аднаразовая акцыя, якая не прыносіць ніякага плёну.
    У жыцці не ўсё ідзе, як мы хочам, але трэба прыкласці намаганні, каб перыяд посту стаў добрым штуршком да ўвядзення нейкіх трывалых зменаў у жыцці.
    Я не буду ўзгадваць абме­жаванні, звязаныя з ежай, курэннем і іншымі праявамі чалавечай слабасці, пазбавіцца якіх раз і назаўсёды дастаткова складана. Я вось ужо другі год спрабую змяніць у лепшы бок сваё стаўленне да блізкіх мне людзей. Спрабую жыць так, каб тым, хто знаходзіцца побач са мной, было камфортна.
    Я вельмі спадзяюся, што сёлетняя праца над сабою не скончыцца на Вялікдзень. Я павінен ісці далей, не азіраючыся, каб не страціць магчымасць адкрыць сэрца на любоў да Бога i бліжняга і стаць лепшым чалавекам ўжо назаўжды.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.