ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Абараняць жыццё - гэта заданне кожнага чалавека

Семінарыйная газета

Жыццё чалавека пачынаецца з моманту зачацця. Гэта Бог дае існаванне, душу, а бацькі, паводле Божага ўстанаўлення, супрацоўнічаюць з ІМ у акце нараджэння чалавека. Толькі Бог з’яўляецца абсалютным Гаспадаром жыцця і смерці чалавека, а таму нікому нельга вырашаць аб жыцці і смерці сваёй ці іншай асобы, асабліва нявіннай і безабароннай, якой з’яўляецца дзіця. Святое пісанне, Божае слова, накіраванае да кожнага чалавека, выразна гаворыць: “Не будзеш забіваць” (Зых 20, 13). Забойства чалавека - гэта абраза Бога, бо кожны чалавек носіць у сабе падабенства да Яго (пар. Быц 1, 26 – 27), у тым ліку і гэты найменшы з братоў.
    У сваіх планах Бог “выбраў нас у Ім (Хрысце) перад стварэннем свету…” (Эф 1, 4). У Яго адвечных намерах наша існаванне выходзіць нават па-за момант стварэння свету, ужо тады Ён меў для кожнага чалавека індывідуальны план развіцця, а перарыванне цяжарнасці з’яўляецца беспаваротным нішчэннем гэтага плана.
    На працягу сваёй гісторыі Касцёл заўжды выступаў супраць забойства ненароджаных дзяцей, пацвярджаючы ў сваім навучанні, што чалавечае жыццё з’яўляецца “святым і непарушным” (Ян Павел II, “Evangelium vitae”) на кожным этапе яго развіцця, ад зачацця да натуральнай смерці, а “перарыванне цяжарнасці заўжды з’яўляецца сур’ёзным маральным бязладдзем” (Ян Павел II, “Evangelium vitae”). Людская істота павінна быць ушанавана - як асоба - з першай хвіліны свайго існавання. (…) Гэтае навучанне не зменена і застаецца нязменным”. (Кангрэгацыя навукі веры, “Donum vitae”).
З пункту гледжання біялагічных навук людская істота пачынае жыццё з хвіліны злучэння мужчынскіх генератыўных клетак з жаночымі. Бясспрэчныя доказы гэтага дае нам сучасная генетыка. Апладненне з’яўляецца зыходным пунктам, у ім пачынаецца развіццё кожнага чалавека. Ён ужо існуе на свеце, мае свой унікальны генетычны код, які не зменіцца на працягу яго жыцця. У гэтай маленькай клетцы ўжо ёсць цэлы чалавек з усімі сваімі будучымі фізічнымі і псіхічнымі ўласцівасцямі. “Безумоўна, калі хтосьці значыць што-небудзь цяпер, то мы мелі значэнне таксама перад нараджэннем” (праф. д-р мед. А. У. Лілі, “Захаваць жыццё безабаронных”).
    На жаль, сучасны свет, які кіруецца інтарэсамі развітых дзяржаў з дапамогай шматлікіх арганізацый і фондаў, што праводзяць антысямейную і супрацьнараджальную палітыку, арыентаваны на культуру смерці. Яны навязваюць погляд, што жанчына мае права на ўласнае цела і можа вырашаць - пакінуць сваё дзіця жывым ці яго забіць. Не ставячы пад сумненне свабоду жанчыны, трэба адзначыць, што ненароджанае дзіця ніколі не з'яўляецца часткай маці, але з самага пачатку ёсць своеасаблівай людской істотай, і ніякая маці не мае права вырашаць аб пазбаўленні жыцця свайго дзіцяці. Нават у выпадку, калі далейшая цяжарнасць пагражае жыццю і здароўю жанчыны, бо нельга, ратуючы аднаго чалавека, забіваць іншага, нявіннага і безабароннага. А калі ў народжанага дзіцяці сцверджаны які-небудзь парок ці хвароба, то трэба акружыць яго асаблівай апекай і лячыць, а не забіваць. Як можа доктар, які ў адпаведнасці з клятвай Гіпакрата павінен стаяць на варце жыцця, прапанаваць знішчэнне хваробы праз забойства пацыента?
    Цяжарнасці нельга перапыніць, нават калі яна паўстала ў выніку гвалту. Часта цяжарная маці знаходзіцца ў цяжкіх псіхічных і эканамічна-грамадскіх умовах, але яны «не могуць апраўдаць наўмыснага пазбаўлення жыцця нявіннай людской істоты» (Ян Павел II, “Evangelium vitae”).
    Ці толькі сама жанчына вінавата ў граху аборту? Часта для маці перарыванне цяжарнасці з'яўляецца драматычным і балючым перажываннем. Яна патрабуе дапамогі і падтрымкі, каб вырашыць пакінуць жыццё свайму ненароджанаму дзіцяці. І таму асаблівую віну нясе бацька, які схіляе жанчыну перарваць цяжарнасць ці пакідае яе адну. Вінавата акружэнне, якое аказвае моцны націск, у выніку чаго жанчына адчувае сябе псіхічна прымушанай да перарывання цяжарнасці. Вінаваты заканадаўцы, якія ўвялі легалізацыю абортаў. Вінаваты кожны, хто прызнае такі закон (пар. Ян Павел II, “Evangelium vitae”). Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасць абортаў на свеце штогод перавышае 55 млн (у Беларусі – звыш 2 млн з 1991 г. да 2004 г. ), у выніку пасля абортаў памірае звыш 70 тысяч жанчын, а кожная чацвёртая, упершыню пазбавіўшыся цяжарнасці, застаецца бясплоднай.
    Паводле навуковых дасле­даванняў, пасля перарывання цяжарнасці большасць жанчын адчувае смутак, пачуццё страты, крыўды, пакутуе на дэпрэсію. Многія пачынаюць злоўжываць алкаголем, маюць схільнасць да самазабойства, спрабуюць яго ажыццявіць, перажываюць надзвычайнае пачуццё віны. Адна чацвёртая сужэнстваў, якія зрабілі аборт, распадаецца, у многіх сужэнствах парушаюцца адносіны, што заўважальна пасля некалькіх ці нават некалькіх дзесяткаў год. Выяўляюцца таксама сур'ёзныя эмацыянальныя праблемы братоў і сёстраў, якія ведалі аб аборце. Многія дзеці прыпісвалі віну сабе, адчувалі страх перад маці. У медперсанала выкананне абортаў і праца асістэнтам пры іх выклікае велізарнае псіхічнае абцяжаранне, якое выражаецца ў прыгнечанасці, агрэсіі, цынізме ў адносінах да пацыентаў, адсутнасці павагі да сябе і сваёй працы. Як бачым, перарыванне цяжарнасці нясе, з любога пункту гледжання, толькі зло і ніколі – дабро. У святле праўды пра жыццё чалавека тут кожны запрошаны дзейнічаць, каб гэтае зло перамагчы. Хрыстос гаворыць: «Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Што трэба рабіць, каб стаць на абарону ненароджаных дзяцей? Перш за ўсё пачаць з настойлівай сістэматычнай малітвы ў інтэнцыі пачатага жыцця. Гэта можа быць твой удзел у св. Імшы ці кароткая малітва «Пад Тваю абарону», можна таксама духоўна ўсынавіць зачатае дзіця.
    Добрым прыкладам можа быць Круцыята малітвы ў абароне зачатых дзяцей.
    Да Круцыяты можна далучыцца ў любы час. Удзельнік абавязваецца на працягу года штодзённа маліцца за абарону жыцця, напрыклад, дзесяткам ружанца, раз у месяц, у будны дзень, удзельнічаць у св. Імшы, прымаючы св. Камунію ў гэтай інтэнцыі. Хворыя, якія не могуць удзельнічаць у св. Імшы, павінны ахвяраваць у гэтай інтэнцыі дзень сваіх пакут. Прыкладам могуць служыць ЗША, дзе вернікі пастаянна моляцца перад клінікамі, у якіх выконваюць аборты, у выніку чаго зачынена ўжо палова гэтых клінік - менавіта тых, перад якімі маліліся.
    Як бачым, можна перамагчы бедства абортаў з дапамогай малітвы, дастаткова толькі хацець прыкласці намаганні для абароны ненароджаных дзяцей. Бог чакае нашай малітвы і ахвяры, каб ратаваць нявінных і безабаронных.
    Таму што «Абараняць жыццё і ўмацоўваць яго, ушаноўваць яго і любіць – вось заданне, якое Бог давярае кожнаму чалавеку» (Ян Павел II, “Evangelium vitae”).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.