ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Пятніца, 16 лістапада 2018 года
«Малітва за памерлых
– найлепшая духоўная дапамога,
якую можам даць іх душам»
/ Папа Францішак /

Ахвяра Хрыста і наша

На шляху да святасці

У Евангеллі паводле св. Лукі чытаем: “Калі набліжаліся дні зыходу (Езуса) з гэтага свету, Ён вырашыў ісці ў Ерузалем” (Лк 9, 51). Далейшая частка Евангелля - гэта ўжо апісанне падарожжа ў Ерузалем. Гэтая вандроўка закончылася пакутай, смерцю і ўваскрэсеннем. Дарога Хрыста ў Святы Горад – гэта сімвал лёсу кожнага чалавека. Кожны з нас з моманту нараджэння няспынна ідзе на сустрэчу з Богам пасля праходжання таямнічай, а таму грознай брамы смерці. Аднак мы верым, што смерць не з’яўляецца для нас канцом нашага існавання, а нас чакае змёртвыхпаўстанне да новага, іншага жыцця. А тое, якім яно будзе, мы самі вырашаем нашымі ўчынкамі і выбарам, які робім у час нашага жыццёвага шляху.
Перыяд Вялікага посту, закончаны Вялікімі чацвяргом, пятніцай, суботай і Велікоднай раніцай, з’яўляецца шторазовым напамінам менавіта гэтай праўды. Аднак наш Збавіцель паклапаціўся пра тое, каб мы не толькі прыгадвалі сабе падзеі амаль дзветысячагадовай даўнасці, калі Ён аддаваў за нас жыццё на Галгоце. Ён хоча, каб усе людзі ўсіх часоў, культур і моў, якія жывуць на кожнай геграфічнай шыраце і даўгаце, маглі не толькі ўспамінаць Яго пакуту, смерць і ўваскрэсенне, але і актыўна ўдзельнічаць у гэтых падзеях. Толькі Божая мудрасць магла выбраць адпаведны спосаб. Толькі Божая ўсемагутнасць магла зрабіць так, што кожны чалавек можа стаць удзельнікам св. Імшы, падчас якой Езус Хрыстус сапраўды знаходзіцца сярод нас у сваім Целе, “выданым за нас”, і ў сваёй Крыві, “пралітай за наша збаўленне”. Чалавек не змог бы выдумаць такі спосаб. Чалавечае ўяўленне з’яўляецца надта малым, каб прадбачыць тое, што “сапраўдны Бог з сапраўднага Бога” на самай справе знаходзіцца сярод нас. А тыя ж самыя падзеі, якія адбываліся ў мінулым на Кальварыйскім узвышшы, здзяйсняюцца некрывавым чынам.
Гэта было, як чытаем у пераказах евангелістаў (Мц 26 – 28, Мк 14, 22 – 24, Лк 22, 19 – 20), падчас развітальнай вячэры, якую мы называем Апошняй Вячэрай. Тады Езус узяў хлеб, паламаў яго і падаў сваім вучням, кажучы: “Гэта ёсць Цела маё, якое будзе за вас выдана: рабіце гэта ў маю памяць”. Пасля Уваскрэсення Хрыста, пасля ўмацавання Святым Духам, апосталы, а пазней і іх паслядоўнікі, выконвалі наказ Хрыста і збіраліся для “ламання хлеба”, як чытаем пра гэта ў Дзеях Апосталаў (Дз 2, 42; 20, 7). Сёння, праз стагоддзі, гэта робяць святары, якія падчас пасвячэнняў атрымліваюць гэтую ўладу праз ускладанне рук біскупа, наступніка апосталаў. І хоць словы: “Гэта ёсць маё Цела” вымаўляе ксёндз, чалавек, але гэта Бог сваёй усемагутнасцю здзяйсняе так, што пад выглядам хлеба прысутнічае сам Хрыстос. Такім чынам выконваецца Яго прадказанне: “І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння свету” (Мц 28, 20).
    Аднак каб прызнаць такую прысутнасць Хрыста сярод нас, патрэбна вера. Такая вера патрэбна была і тады, калі Хрыстос прыйшоў на зямлю ў бэтлеемскую ноч. Якой трэба было веры, каб у малым безабаронным дзіцяці, пакладзеным у бедныя яслі, разгледзець абяцанага Месію? Тады былі такія, хто паверыў, як пастухі, як мудрацы з Усходу. Яны не шкадавалі працы, намаганняў, ставілі пад небяспеку сябе і сваю маёмасць, каб сустрэць гэтае Дзіця. Аднак ці ўсе паверылі? Не прыйшлі да Дзіцяці жыхары Бэтлеема, хоць ім было бліжэй за ўсіх. Ім было ўтульна ў цёплых дамах. Яны не хацелі іх пакідаць. Не ўшанаваў Дзіцяці і Ірад, хоць мудрацы паведамілі яму пра нараджэнне Месіі. Ён пачаў барацьбу з Дзіцяткам. Загадаў забіць Яго і іншых дзяцей з Бэтлеема. А тады, калі крывавым спосабам на Кальварыі ажыццяўлялася першая св. Імша, колькі ж трэба было мець веры, каб у тым Асуджаным, які паміраў у пакутах, угледзець Божага Сына. Тады былі тыя, хто, як Марыя, жанчыны, святы Ян, з верай трывалі пад крыжам. Вызналі веру нават рымскія воіны разам з камандзірам, якія пільнавалі выкананне прысуду (пар. Мц 27, 54). Але ж былі таксама і тыя, каму было абыякава, што на Кальварыі паміраў Асуджаны. Яны заняліся сваімі справамі. Гэта іх не цікавіла. Былі і такія, хто здзекаваўся з Езуса, насміхаўся з Яго. “Ён – Валадар Ізраэля; дык няхай цяпер сыдзе з крыжа, і мы паверым у Яго” (Мц 27, 42). Ці сапраўды яны б паверылі? Некалькімі днямі раней Езус уваскрасіў Лазара, які тры дні ляжаў у магіле. Ці ўсе сведкі гэтага цуду паверылі? Менавіта пасля гэтай падзеі было вырашана забіць Езуса (пар. Ян 11, 38 – 53). Калі ў чалавека ўпартае сэрца і ён не хоча паверыць, то ён і не паверыць.

Працяг у наступным нумары

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

white
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  46

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.