ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Абавязкі і задавальненні, або мудрае велікапоснае жыццё

Слова рэдактара

7-323_by Як бы выглядаў Езус, калі б жыў у наш час? У што быў бы апрануты? Чым карыстаўся б? Які меў бы пашпарт? Нам хацелася б ведаць адказы на кожнае з гэтых пытанняў, аднак сёння мала хто задумваецца, што будзе, калі мы пачуем з Яго вуснаў грозны загад.
    Калі глядзіш на сённяшняе жыццё і свет вакол нас, часамі закрадваецца спакуса самому сказаць: “А ці ты ведаеш, што цяпер Вялікі пост?” У гэты момант мне прыгадваюцца словы паэта: “Ці будзеш любіць, ці цвікі падаваць?” Давайце паспрабуем задумацца, ці пост і сёння прысутнічае ў нашым жыцці, ці ён застаўся толькі ў нейкай рэшткавай форме?
    “Недастаткова перажыць Вялікі пост, трэба перажыць яго мудра”, – такое перакананне пачуў я нядаўна падчас адной з канферэнцый. Я падумаў пра тое, наколькі важныя для нас гэтыя простыя словы. Мудрасць, якая заключаецца перш за ўсё ва ўменні сказаць НЕ задавальненням і ТАК - абавязкам. Я думаю, што многія нашы чытачы пагодзяцца са мной.
    Задавальненні. Якія яны? Трэба звярнуць увагу на тое, што чалавек ужо даўно забыўся на тыя сапраўдныя людскія радасці, якія трывала ўпісаны ў жыццё чалавека і крыніцай якіх з’яўляецца Бог. На жаль, большае значэнне цяпер надаецца псеўдазадавальненням, таму што лягчэй ісці за капрызамі сённяшняга свету. Да таго ж сродкі масавай інфармацыі безупынна трубяць пра іх, падсоўваючы чалавеку ўсё новыя і новыя ідэі.
Чалавек не хоча прымаць сапраўднай Божай любові, ён прымае любоў несапраўдную. Якая ж можа быць любоў у распусце ці забойстве дзяцей? А ёсць жа столькі дароў ад Бога: радасць, міласэрнасць, спакой, дабрыня і шмат іншых. Аднак мы часта не хочам іх прымаць, а “перарабляем” зручным для нас чынам, не разумеючы, якую цану мы плацім за ўсё гэта. Калі ж мы прымем тое, што дае нам Бог, тады наша ахвяра, кожны дар любові, дар сэрца не будуць для нас цяжкімі.
    Давайце клапаціцца пра нашу душу, сэрца і любоў, а не трымацца ўмоўнасцей, якія стварае сённяшні “прыемны” свет. Давайце гаварыць “не” задавальненням, якія аддаляюць нас ад Творцы. Давайце ў час Вялікага посту дбаць пра блізкі і моцны кантакт з Богам, памятаючы пра выкананне сваіх абавязкаў.
    Абавязак… Усіх нашых абавязкаў як Божых дзяцей нельга тут пералічыць. Аднак можна паспрабаваць акрэсліць тыя, якія з’яўляюцца асабліва важнымі ў перыяд Вялікага посту. Я разумею, што рызыкую празмерным спрашчэннем, але міласціна і малітва – гэта два спосабы для лепшага зразумення велікапоснай вандроўкі Хрыста. Гэта таксама спосабы разумення велікапоснай вандроўкі да Панскага Гробу кожнага з нас.
    Гэтыя ісціны павінны быць трывала ўпісаны ў жыццё кожнага верніка. Звяртаю сваю і Вашу ўвагу на словы Папы Бэнэдыкта XVI, які ўвесь час запрашае кожнага з нас змяняць сваё жыццё і пераймаць Хрыста. Святы Айцец гаворыць, што ў такі асаблівы час, якім з’яўляецца перыяд Вялікага посту, мы можам адказаць на Божы заклік праз пост і міласціну.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.