ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Ахвяраваць Богу найцэннейшае…

З жыцця Касцёла

Свята Ахвяравання Пана Езуса з’яўляецца адным з найстаражытнейшых у хрысціянстве, таму што адзначалася ў Ерузалеме ўжо ў IV cт., адразу ж пасля спынення ганенняў. У гэты дзень Касцёл успамінае, як Божая Маці са св. Юзафам прынеслі Дзіця ў святыню, каб, згодна з традыцыяй, ахвяраваць Яго Богу. Яны ахвяруюць Богу свой найбольшы і найцэннейшы скарб. Ахвяруюць - г. зн. цалкам аддаюць Езуса Богу. Няма патрэбы маліцца за здароўе, поспех ці неабходныя ласкі, бо сам Бог будзе клапаціцца аб Ім і кіраваць Яго жыццём. Якой адвагі і поўнага даверу патрэбна з боку маці, каб сваё ўласнае дзіця цалкам аддаць Пану Богу.
Тэма ахвяравання прысутнічае ў жыцці кожнага з нас. Усё, што мы сустракаем на шляху нашага жыцця - як добрыя рэчы, так і прыкрыя ці цяжкія - мы павінны даручаць Богу. Штодзённа мы маем шмат нагодаў да падзякі Яму за здароўе, магчымасць вучобы і працы, прыгожыя хвіліны ў асяроддзі найбліжэйшых, цёплы абед ці дах над галавой. Гэта бясспрэчныя рэчы ў жыцці так многіх з нас, што мы не ўспрымаем іх як Божы дар. Намнога лягчэй атрымліваецца ў нас наракаць і гаварыць пра тое, чаго ў нас няма. У такія хвіліны мы часцей прыгадваем пра Бога, упадаем у роспач і пытаем пра сэнс. Нялёгка прыняць без бунту і супраціўлення і даручыць Богу хваробы, няўдачы і рознага роду цярпенні. Ахвяраваць Богу кожны дзень нашага жыцця, не ведаючы, як будзе выглядаць заўтра, прыняць, што толькі Ён лепш ведае, чым мы, што з’яўляецца найбольш неабходным для нас у жыцці, патрабуе адвагі. Таму мы павінны заўжды маліцца за пазнанне Божай волі і моц для яе прыняцця і выканання.
    Марыя з’яўляецца для нас найлепшым прыкладам для пераймання. Яна, пазнаючы Божую волю, прымае яе з пакорай і паслухмянасцю. Напэўна, Найсвяцейшая Маці не ведала падрабязнасцяў: як пойдзе далейшае жыццё Яе Сям’і. Прыносячы Езуса ў ахвяру, Яна пазнала праўду пра тое, што Яе чакае. Марыя пачула з вуснаў Сімяона наступныя словы: “Вось Ён, пастаўлены на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі ды на знак, катораму будуць працівіцца, - і Тваю ўласную душу праб’е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў” (Лк 2, 34 - 35). Ужо ў момант Звеставання Найсвяцейшая Марыя стала перад цяжкім выбарам. Аднак Яна да канца даверылася Богу, хоць так па-людску не разумела многіх рэчаў. У Яе жыцці хапала цярпення, але нягледзячы на гэта, Яна засталася вернай Панскай Служанкай.
    Важнай тэмай свята Ахвяравання Пана з’яўляецца святло. Святло свечкі сімвалізуе Святло Хрыста як адзіны сапраўдны свет. Ужо ў V ст. у Ерузалеме адбываліся працэсіі са свечкамі, якія сталі асновай свята Грамнічнай Божай Маці. Мы верым, што Маці Хрыста адганяе ўсялякае зло ад людскіх дамоў і абараняе нас ад усялякага няшчасця моцай Божага Святла.
    У 1997 г. Ян Павел II устанавіў у гэтае свята Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, што з’яўляецца для нас нагодай да глыбейшага роздуму над дарам жыцця, цалкам прысвечанага Богу. Кансэкраваныя асобы аддаюць сваё жыццё службе Богу, прыносячы саміх сябе ў якасці ахвяры ў любові да Хрыста. Яны робяць гэта па ўзоры Найсвяцейшай Маці, якая ахвяравала Пану Богу свой найбольшы Дар – Сына, Езуса Хрыста, тым самым прыносячы і сябе ў ахвяру. Марыя з’яўляецца для нас, усіх членаў Хрыстовага Касцёла, узорам і памагатай на шляху нашага імкнення да жыцця, цалкам падпарадкаванага волі Бога. Давайце не будзем баяцца даверыцца Богу і ахвяраваць Яму ўсё тое, што мы найбольш цэнім, а таксама тое, чаго мы баімся і не разумеем. Ахвяраваць не азначае страціць. Усё, што мы ахвяруем Богу, набірае зусім іншай вартасці, становіцца адноўленым і асветленым моцай Божага Святла. Тады мы глядзім на свет, людзей і рознага роду падзеі зусім іншымі вачамі. Нішто не з’яўляецца такім самым, як перад гэтым, мы цэнім намнога больш, і ў нас ёсць безліч нагод падзякаваць Богу, які перамяняе нашае жыццё.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.