ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Бог-Любоў адкрываецца ў Праўдзе

На шляху да святасці

Многія людзі любяць гаварыць пра праўду, але найчасцей не любяць з ёю сустракацца. Яны з лёгкасцю расказваюць праўду пра іншых, але з вялікай цяжкасцю – пра сябе. А калі нават нехта памкнецца і стане на парозе адкрыцця праўды, то баіцца зрабіць рашаючы крок насустрач непазнанаму.
Кожны чалавек баіцца памыліцца ў большай ці меншай ступені, баіцца, што разваляцца так доўга і цяжка паскладаныя пазлы яго “праўды”. Ён можна доўгі час хаваць гэты неспакой, не прызнавацца нават перад самім сабой, захапляючыся працэсам канструявання. Але раней ці пазней прыходзіць сумненне ў праўдзівасці “праўды”. Некаторым для гэтага дастаткова крыху пахіснуцца. Іншым неабходна стаць перад руінай, каб усвядоміць, што ягоная “праўда” была ўсяго толькі ўласнай канструкцыяй. Хоць знойдуцца і такія, якія нават разбурэнне будуць называць будаўніцтвам. Але ўсе гэтыя праблемы вымушаюць задумацца: калі ж праўда з’яўляецца сапраўднай? Калі прыгажосць - не ілюзіяй? Калі рэчаіснасць - рэальнай?
На шляху веры кожнаму чалавеку прыходзіцца прайсці даліну сумненняў, выпрабаванне праўдзівасцю. З гэтай даліны можна выйсці знявераным, расчараваным у Богу, свеце і ў самім сабе. А можна выйсці, нарэшце спазнаўшы горка-салодкі смак праўды, якую ўжо ніякі хмель хлусні не зможа замяніць. Пасля гэтай даліны чалавек інакш ведае, іначай верыць, па-інашаму любіць. Гэта даліна, у якой Бог дазваляе чалавеку сустрэцца са сваім сапраўдным абліччам, іншымі вачамі паглядзець на рэчы, на якія раней ён не зважаў. Гэта пераход ад веры ў існаванне Бога да веры Самому Богу, Яго Слову. У гэтай даліне чалавек нарэшце сустракае Таго, пра каго раней ведаў толькі тое, што Ён ёсць. Тут адкрываецца магчымасць не толькі сустрэць Яго, пазнаёміцца, але пазнаць у Ім свайго Тату і адгэтуль пачаць давяраць толькі Яму. У гэтай драматычнай даліне надыходзіць ачышчэнне душы, якое неабходна кожнаму, хто сапраўды жадае сустрэцца з Жывым Панам. У сур’ёзны кантакт з сапраўдным Богам можа ўвайсці толькі сапраўдны чалавек. Таму раней ці пазней на шляху веры Ён прапаноўвае кожнаму перайсці ад веры, мадэратарам якой з’яўляецца чалавек, да веры, мадэратарам якой з’яўляецца Бог.
    Спадчына духоўных пошукаў айцоў Касцёла адкрывае нам праўду аб розных узроўнях чалавечага жыцця, якія могуць быць месцам спаткання з Панам. Кожны з гэтых узроўняў знаходзіцца ў небяспецы, бо чалавек можа наглуха зачыніць яго не толькі перад Богам, але нават перад самім сабой, так і не спазнаўшы багацця сваёй душы і багацця адносін з Творцам. Святыя айцы выкарыстоўвалі розныя вобразы, апісваючы гэтыя ўзроўні чалавечага жыцця. Некаторыя з іх параўновалі чалавека з “храмам”, які мае “фасад”, “цень” і “санктуарый” (святое святых). Гэта вобразы трох сфер чалавека, у якіх ён перажывае сустрэчу са сваім “я”, з іншымі людзьмі і з Богам.
    “Фасад” – гэта ўсё, што знешняе ў нашым жыцці, наш выгляд, паводзіны, мова, рытуалы, дзеянні. Як фасад будынка можа быць прыгожа аздоблены і прыцягальны, так і чалавек можа доўгі час жыць толькі на ўзроўні “фасада”, дбаючы толькі аб ім, паказваючы сабе і іншым толькі знешнюю прыгажосць, не ўпускаючы нікога ўнутр. Драматычнасць знешняга жыцця ў тым, што асоба можа нават саму сябе не пускаць у “дом”, жывучы толькі “на ганку”, пераконваючы сябе, што акрамя “фасада” ў яе нічога няма. Таксама і ў дачыненні да адносін з Богам такі чалавек будзе абапірацца і карыстацца толькі тым, што мае на “фасадзе”: багацце знешняга і заблакаванасць унутранага.
    “Цень” – гэта ўсё тое, што чалавек хацеў бы ў сабе схаваць, чаго ў сабе саромеецца. Гэта будуць нейкія слабасці, недахопы, болі, сціснутыя і глыбока схаваныя абразы, зайздрасці, мары. Гэтая той бок чалавека, куды найменш хочацца заглядваць самому, а тым больш – пускаць туды іншых людзей, а таксама – Бога. Людзі, заблакаваныя ў гэтай сферы, імкнуцца рабіць выгляд, што іх “дом” не мае “ценю”. Але кожны ведае, што на зямлі заўсёды ёсць цень. Чым далей дом ад сонца, тым цень даўжэйшы. І чым бліжэй да сонца – тым цень карацейшы. Але гэтыя людзі імкнуцца пераканаць сябе, іншых, Бога, што ў іх няма “ценю”. Некаторыя з іх часам адважваюцца (або вымушаны) сустрэцца са сваім “ценем”. Гэта бласлаўлёны момант ісціны, калі ў зацененую тэрыторыю можна ўпусціць “святло”. Аднак некаторыя, са страху або няверы ў магчымасці “Сонца”, імкнуцца адвярнуцца ад “ценю” свайго “храма”, каб яго не бачыць і забыць.
    “Санктуарый” – гэта тое, што найглыбейшае і найбольш сапраўднае ў чалавеку. Гэта тая сфера, дзе схаваны ўсе самыя чыстыя, добрыя і вольныя памкненні нашага “я”. Для большасці людзей гэтая частка іх душы застаецца моцна закрытай нават для іх саміх. Асоба здагадваецца, што там яна сапраўдная – добрая і праўдзівая. Але страх перад бруднасцю і жорсткасцю знешняга свету змушае яе наглуха трымаць “санктуарый” закрытым, каб не паламаць і не забрудзіць найбольш асабістае. Многія людзі зусім не здагадваюцца, што яны не ведаюць свайго “санктуарыя”. А там схаваны патэнцыял іх моцы, сапраўднасці, месца сустрэчы з Жывым Богам. Без адкрыцця і выкарыстання дароў “санктуарыя”, таго што ёсць ад Бога, чалавек асуджае сябе на вечную турму нераскрытасці, жыцця ў ілюзіі шчасця. Ён часта баіцца зайсці ў святая святых сваёй душы, бо яму здаецца, што схаваная там туга па чысціні, дабры і справядлівасці не рэалізуецца ў гэтым брудным свеце. Чалавек настолькі можа баяцца ўпусціць у свой “санктуарый” іншую асобу, што нават не адважваецца адкрыць яго перад Богам. Нават вернік можа не верыць, што толькі Творца здольны зрабіць святло нашага “санктуарыя” настолькі моцным, што пераменіцца “фасад” і адступіць “цень”.
    Вышэйзгаданыя вобразы галоўных сфер нашага жыцця нагадваюць аб вялікай праўдзе пра Бога і чалавека. Умова адкрыцця багацця гэтых сфер – пошук праўды разам з Богам. Жыццё ў праўдзе пачынаецца тады, калі асоба заклікае Пана, каб Ён дапамог ёй перамагчы страх і прайсці даліну ачышчэння ад хлусні праз пазнанне праўды пра “фасад”, “цень” і “санктуарый”. Гэта дарога адкрыцця горкай праўды аб чалавечай сапсаванасці і салодкай праўды аб Божым “магу і хачу” Збаўленні таго ж чалавека. Калі асоба пойдзе гэтай далінай пазнання сама, то будзе ведаць толькі негатыўную палову праўды, памяць аб тым, што было, і страх перад непазнанай будучыняй. Толькі разам з Панам і Збаўцам можна пачаць пазнаваць тую другую, пазітыўную і найважнейшую частку праўды, якая адкрывае перспектывы, магчымасці, дае шанс на звышнатуральную дапамогу Божай ласкі. Кожнаму чалавеку Бог прапаноўвае шлях вызваляючай і збаўляючай Праўды. Жывы і сапраўдны Творца жадае гаварыць з жывым і сапраўдным чалавекам. Яго Любоў не хоча задавальняцца толькі сузіраннем штучных “фасадаў”, якія дрыжаць перад ценем і стаяць перад вечна замкнёным “санктуарыем” душаў. Ён жадае кантакту з цэлым чалавекам і жадае дапамагчы яму знайсці яго ўнікальную цэласнасць і сапраўдную паўнату Жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.