ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

“Лічбавая вера” ці новая місія Касцёла ў Беларусі

З жыцця Касцёла

Што могуць зрабіць мас-медыя сёння?Якая ёсць роля каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі? Якія ж каталіцкія мас-медыя ў Беларусі? Ці Касцёл у Беларусі з’ўляецца мас-медыяльным?
Кожны з нас можа і мае права па-своему адказаць на вышэй прыведзеныя пытанні. Я ж, натхнёны з-за ўдзелу ў Сусветным кангрэсе каталіцкіх мас-медыяў, што адбыўся ў Рыме 4 – 7 кастрычніка б.г., таксама выкарыстаю магчымасць выказацца на дадзеную тэму. Кангрэс быў на самай справе сусветны, таму што ў ім прынялі ўдзел прадстаўнікі з 85 краін. У Рыме былі і прадстаўнікі беларускіх каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі. Перш за ўсё гэтая сустрэча была добрай магчымасцю абмяняцца інфармацыяй і параўнаць, як ёсць у іншых і як у нас, свае дасягненні, а таксама задумацца над сваімі памылкамі ці цяжкасцямі.
Напэўна ў нас ёсць свае дасягненні, але не будзем таксама хаваць, што ў нас ёсць шмат складанасцяў. Новыя тэхналогіі, як падкрэсліў арцыбіскуп Цэллі, адкрываюць перад Касцёлам большыя перспектывы, больш багатыя і стымулюючыя. Сённяшнюю эпоху можна смела назваць лічбавай. Пастаянна развіваецца тэхніка, а ў апошні час - проста вокамгненна, так, што часам ужо мы не паспяваем за ёй. Сусветная інфармацыйная сетка (інтэрнэт), з самага пачатку створаная для навукі, сёння паглынула ў сабе ўвесь свет. І за ўсё гэта “вінаваты” сам чалавек. А дзе ёсць месца Хрыста ў сённяшнім свеце? Заклік Збавіцеля: “Ідзіце на ўвесь свет і нясіце добрую вестку ўсяму стварэнню” (Мк 16, 15) павінен быць актуальны таксама і ў эру лічбаў!
    Сёння паўстае пытанне: “Як абвяшчаць Евангелле гэтаму “паглынутаму” тэхнікай чалавеку?” Ватыканскі сакратар кардынал Тарчызіо Бэртонэ падкрэсліў падчас св. Імшы ўдзельнікам кангрэсу: “Бог хоча, каб у асяроддзі мас-медыяў прагучала пасланне Евангелля, і Касцёл павінен паклапаціцца аб гэтым”.
    З аднаго боку, трэба ўсведамляць, што нягледзячы на тое, што ўсе гавораць пра развіццё тэхнікі і свету лічбаў, з 6 мільярдаў людзей на зямлі толькі ў 1 мільярда ёсць камп’ютары. Аднак калі далічым таксама ўсіх, якія карыстаюцца сотавымі тэлефонамі і рознага роду IPODамі, то на самай справе мы можам сцвярджаць, што жывём у эпоху лічбаў.
    У першы дзень пасяджэнняў старшыня Папскай Рады па справах сродкаў масавай інфармацыі арцыбіскуп Клаўдзіо Марыя Цэллі звярнуў увагу прысутных на тое, што тэма кангрэсу датычыць не толькі каталіцкага друку ў шырокім сэнсе гэтага слова, але таксама яго месца ў свеце лічбаў, таму што “усё больш людзей чытае газеты – каталіцкія і іншыя – у інтэрнэце ці таксама купляе іхнія электронныя выданні”.
    На кангрэсе можна было пачуць выказванні людзей з розных бакоў свету, звязаных з каталіцкім друкам. Безумоўна, найбольш было свецкіх, хоць хапала святароў і манахаў, звязаных з мас-медыямі. Усе здзівіліся, калі амерыканцы пачалі даказваць важнасць уласнай газеты, падкрэсліваючы, што інтэрнэт, безумоўна, дае шмат інфармацыі, якая пазней дзесьці губляецца, да таго ж не заўжды мы можам яе прааналізаваць, а да газеты заўсёды можна вярнуцца, узяць яе ў рукі, чытаць, аналізаваць. Газеты зусім не страчваюць на тым, што інфармацыя ёсць у інтэрнэце, а даюць цудоўную магчымасць аналізаваць матэрыял. Было моцна падкрэслена, што перш за ўсё каталіцкі журналіст павінен дбаць аб праўдзе, а якасць прадстаўленага ім матэрыяла павінна быць на высокім узроўні. У многіх краінах свету каталіцкія газеты выдаюцца на розных мовах, напр. у Руандзе – па-французску і па-англійску. Часта падкрэслівалася, што трэба паважаць усе моўныя групы, кожны народ. Прадстаўнікі Афрыкі, а таксама некаторых дзяржаў Еўропы, у тым ліку і Румыніі, прадставілі на кангрэсе вялікую колькасць каталіцкіх выдавецтваў, што працуюць у іхніх краінах. Шмат гаварылі пра каталіцкія радыё і тэлебачанне. Было падкрэслена, як важна, калі людзі маюць магчымасць паслухаць св. Імшу па радыё ці паглядзець па тэлебачанні, таму што напэўна выкарыстаюць такую магчымасць тыя, якія не могуць пайсці ў касцёл. А такіх людзей ёсць вельмі многа – ніякі касцёл іх не размесціць, а таму не трэба адмаўляцца ад іх, варта выкарыстаць кожную магчымасць несці людзям Божае Слова. Прадстаўнікі каталіцкіх мас-медыяў з Італіі гаварылі пра тое, як важна перадаць традыцыю моладзі, якая цяпер разбіраецца ў розных фарматах 3D, google’u і іншых тэхнічных навінках, але не ў традыцыях свайго народу і сваёй зямлі. Неабходна навучыць таксама моладзь правільна адбіраць інфармацыю, а таксама разумна карыстацца “цудамі” эпохі лічбаў. Адна англічанка, удзельніца кангрэсу, паказвала, як дзякуючы блогу можна вельмі хутка рэагаваць на тое, што адбываецца менавіта тут і цяпер – ішла размова пра візіт Бэнэдыкта XVI у Англію і ва Уэльс.
    Адказны за мас-медыя пры Ватыкане ўказаў таксама на неабходнасць перадачы правільнай інфармацыі наконт рэлігіі, тым больш што ў свецкіх сродках масавай інфармацыі часта можна назіраць маніпуляцыю і недахоп аб’ектывізму. Адзін з біскупаў падкрэсліў, што каталіцкі друк павінен быць цалкам свабодны. Неабходна паважаць свабоду журналіста і чытача, трэба развіваць здольнасць ацэньваць. Хрысціянская думка павінна перадавацца таксама мас-медыямі. Дырэктар Avvenire падкрэсліў, што сённяшняя цывілізацыя мас-медыяў патрабуе Божага Духа. Дзякуючы добрасумленным каталіцкім мас-медыям можна навучаць і выхоўваць народ, чалавека. Няпраўда, што сродкі масавай інфармацыі знішчаюць. Абвяшчэнне мас-медыямі Евангелля на ўвесь свет з’яўляецца вельмі неабходным. Ці гэта блогі на інтэрнэтных старонках, ці газеты – кожны добры спосаб Касцёл павінен выкарыстаць, памятаючы пра тое, што Святы Дух з’яўляецца цэлай праўдай.
    Падчас спецыяльнай аўдыенцыі папа Бэнэдыкт XVI нагадаў усім удзельнікам кангрэсу, што заданнем каталіцкага друку з’яўляецца “дапамагчы сучаснаму чалавеку накіравацца да Хрыста - адзінага Збавіцеля і запаліць у свеце полымя надзеі, каб сёння жыць з годнасцю і адпаведна будаваць будучыню”.
    Несумненна, каталіцкі друк у Беларусі дапамагае чалавеку знайсці Хрыста і стварае будучае народу, які жыве на яе тэрыторыях. Ужо многае было зроблена ў гэтым напрамку, а мас-медыяльная пазіцыя Касцёла ў Беларусі пастаянна развіваецца. У нас ёсць у інтэрнэце каталіцкія старонкі епіскапату, дыяцэзіі, а таксама паасобных парафій. Выдаюцца газеты, часопісы, інфарматары. У нас можна паслухаць св. Імшу па радыё і можна паглядзець па тэлебачанні дзве праграмы па каталіцкай тэме.
    Але яшчэ перад намі ёсць многае, што трэба зрабіць. Неабходны большы доступ да тэлебачання і радыё, дзе дзякуючы каталіцкім праграмам мы можам разам дбаць пра маральнасць нашага народу, а каталіцкія газеты і часопісы дазваляюць чалавеку назваць дабро і зло па імені.
    Я лічу, што чарговым крокам развіцця каталіцкіх мас-медыў у Беларусі павінна быць выпрацоўка каталіцкай мадэлі працы мас-медыяў, падставай чаго былі б праўда, любоў, дабрыня, справядлівасць. Напэўна, у Беларусі ёсць многае што зрабіць, але не ўсё павінен рабіць біскуп ці ксёндз.. Важнай з’яўляецца таксама праца свецкіх, патрэбны валанцёры, асобы, якія зацікаўлены ў тым, каб Божае навучанне распаўсюджвалася ўсімі сродкамі масавай інфармацыі. У Гродне ёсць ужо свае традыцыі каталіцкіх мас-медыяў, што спрабаваў закладваць у горадзе над Неманам св. Максімільян Марыя Кольбэ – таму няхай яны адраджаюцца і развіваюцца па ўсёй Беларусі.
    Як я зазначыў з самага пачатку, кожны мае права мець свой уласны погляд на вышэй закранутыя праблемы. Таму я заахвочваю Вас, дарагія чытачы, выказаць сваё меркаванне пра нашыя каталіцкія сродкі масавай інфармацыі ў пісьмах у рэдакцыю ці запісаць прадуманае ў кнізе гасцей на нашай інтэрнэтнай старонцы. Якая будзе будучыня каталіцкага друку ў Беларусі – залежыць ад нас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.