ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Сан Джавані Ратонда

Семінарыйная газета

Перад намі Сан Джавані Ратонда - месца, дзе жыў і працаваў св. айцец Піо, манах і стыгматык.
Менавіта ў гэтае месца на поўдні Італіі на працягу года прыбываюць шматлікія паломніцтвы людзей, якія дзякуючы заступніцтву св. стыгматыка хочуць выпрасіць у Бога для сябе і сваіх блізкіх шматлікія ласкі. Жыхары гэтага гарадка не адзін раз былі сведкамі цудоўных вылячэнняў і шматлікіх навяртанняў, здзейсненых менавіта ў гэтым месцы яшчэ пры жыцці святога.
    Мы ехалі па даліне і раптам заўважылі, што набліжаемся да гор. І калі па правым і левым нашых баках “праплылі” прыгожыя аліўныя сады, то наш праваднік паведаміў нам, што мы набліжаемся да гасцініцы, дзе будзем начаваць. Гэтая вестка была прынята намі з вялікай радасцю, бо мы ж начуем у Сан Джавані Ратонда – гарадку, што асвяціў сваёй прысутнасцю св. Піо. Мы не маглі паверыць уласным вачам і вушам, бо хутка ўбачым тое, што раней маглі паглядзець толькі па тэлебачанню ці ўбачыць і прачытаць у кнізе. Нягледзячы на змучанасць дарогай, мы знайшлі ў сабе яшчэ сілы наведаць кляштар, дзе з 1916 года аж да сваёй смерці ў 1968 г. знаходзіўся святы.
Падчас малітвы ў антычным касцёле перад тым самым распяццем, перад якім св. Піо атрымаў стыгматы, нашую душу напоўніў невымоўны супакой. Углядваючыся ў крыж, мы задумаліся ў чарговы раз над тым, як моцна Бог любіць нас, калі спаслаў Свайго Сына вызваліць нас з-пад улады д’ябла і граху. Наведваючы базыліку св. а. Піо, мы прыйшлі да яго магілы, да якой маглі дакрануцца і на працягу хвіліны памаліцца пры ёй.
    У наступны дзень адбылася св. Імша ў антычным касцёле ля алтара, дзе 22 верасня 1968 г. цэлебраваў сваю апошнюю св. Імшу а. Піо. Пасля літургіі падчас малітвы мы прасілі Бога за пасрэдніцтвам св. Піо аб благаславенні на дальнейшыя гады навучання ў семінарыі і, калі такой будзе Яго воля, на будучую працу на Божым жніве.
    Мы ведалі, што а. Піо кіраваў рознымі малітоўнымі групамі, у яго было шмат духоўных сыноў і дачок. Нават перад сваёй смерцю святы заахвочваў да малітвы і духоўнага сыноўства, бо абяцаў, што “...калі я буду стаяць перад брамай Неба, то не ўвайду туды да той пары, пакуль не пройдзе туды апошні мой сын”. Гэтыя словы нам дадаюць бадзёрасці і дапамагаюць у складаныя хвіліны жыцця, таму што ў асобе гэтага святога ў нас ёсць магутны заступнік перад Богам.
    У нас было яшчэ шмат часу, каб памаліцца перад магілай святога, таму мы выкарысталі гэты час, памаліўшыся за нашых бацькоў, сяброў і ўсіх тых людзей, хто прасіў нас аб малітве, і каму мы самі абяцалі гэтую малітву. Пазней наша група вырушыла ў дальнейшае падарожжа, дзякуючы Богу за побыт і малітву ў месцы, асвечаным працай святога айца Піо.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.