ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Асыж

Семінарыйная газета

Адным з этапаў нашага паломніцтва быў славуты і прыгожы Асыж, размешчаны на пагорку паўднёвай Італіі.
Людзі расказваюць, што заснавальнікамі горада былі ўмбрыйцы, якія жылі разам з этрускамі. Пасля прайгранай бітвы з рымскім легіёнам Асыж стаў рымскім муніцыпалітэтам. Тут нарадзіўся слаўны паэт Праперцый. Калісьці сцвярджалі, што першым, хто абвяшчаў Евангелле ў гэтай краіне, быў св. Крыспальд, вучань св. Пятра. Але жыхары Асыжа лічаць сваім першым евангелізатарам св. Руфіна.
    Асыж славуты не толькі хараством сярэдевяковых помнікаў даўніны і захапленнем тых, хто там пабываў. Перш за ўсё гэта горад, дзе нарадзіўся св. Францішак. Даведацца пра яго жыццё і дзейнасць стала мэтай нашага паломніцтва ў Асыж. Некаторыя навукоўцы гавораць пра св. Францішка як пра здзіўляючы рэлігійны феномен. У яго асобе можна ўбачыць ідэал хрысціяніна.
Ян Бэрнардонэ (св. Францішак) нарадзіўся ў канцы 1181 года. Яго бацька паходзіў са знакамітага роду. Ён стараўся ні ў чым ніколі не адказваць свайму сыну. Святы Францішак не хацеў славы, грошай і забавы. Ён вырашыў цалкам прысвяціць сябе Богу цераз любоў. Гэтая асоба жадала любіць свайго Творцу, Яго стварэнне і ўсё чалавецтва. Ян Бэрнардонэ астаўляе свайго бацьку, увесь маёнтак і выбірае жыццё манаха. Ён збірае вакол сябе братоў, якія жадаюць сваім жыццём таксама праслаўляць Бога.
    На працягу больш дзесятка гадоў дзейнасці сціплая група вучняў і паслядоўнікаў Францішка ператварылася ў шматлікі ордэн. У той час Ганорый III, наступнік Інакенція III на папскім троне, быў непрыхільны францішканам. “Хто мне дасць гарантыю, што пасля смерці таго, каго называюць бедачынам, яго таварышы застануцца вернымі слугамі Касцёла?” – пытае Папа ў сваіх кардыналаў. Францішак вырушыў у Рым, каб прасіць зацвердзіць новы ордэн, хоць Ганорый III папярэдзіў, што застанецца глухі на ўсе яго просьбы. Калі ж справа даходзіць да аўдыенцыі, падчас якой Папа ўпершыню сустракаецца з бедачынам, францішканскі ордэн быў зацверджаны. Калі Францішак пакінуў зал, кардыналы пачынаюць дапытвацца ў Ганорыя III, чаму ён так раптоўна змяніў сваю думку. “Учора мне прыснілася мая катэдра на Лятэране. Раптам зямля затраслася і на сценах касцёла з’явіліся магутныя трэшчыны, а зверху каменні сыпаліся, нібы град. Раптам адкуль ні вазьміся з’явіўся непрыкметны чалавек у лахманах, які падтрымаў і выратаваў касцёл перш чым ён рухне. А перад тым, як я прачнуўся, то ўбачыў яго твар. Якое ж было маё здзіўленне, калі ў Францішку я пазнаў таго чалавека з майго сну!” Не памыліўся папа Ганорый. Сапраўды Божы бедачына выратаваў каталіцкі Касцёл ад заняпаду.
    Святы Францішак памёр у 45 год, лежачы на зямлі так, як сабе пажадаў, і так, як жыў з той пары, як вырашыў ісці за Езусам. Праз два гады пасля яго смерці Папа ўрачыста кананізаваў гэтага чалавека.
    Быць у горадзе св. Францішка, захапляцца яго прыгажосцю, убачыць магілу святога і базыліку, пабудаваную дзеля яго ўшанавання – ці гэта не шчасце? Горад здзіўляе сваім хараством. Ён узбагачаны малітвамі. Шэдэўры мастацтва, што ўпрыгожваюць касцёл знутры, ствараюць як бы адзін вобраз, што апісвае жыццё і дзейнасць св. Францішка. Такія мясціны з’яўляюцца нагодай да глыбокага сканцэнтравання і пачуцця той гармоніі з Богам цераз малітву і святыя сакрамэнты.
    Мы ўдзячны Богу і ўсяму семінарыйнаму кіраўніцтву за тое, што маглі быць у гэтым святым месцы, маліцца не толькі ва ўласных інтэнцыях, але і за ўвесь Касцёл у Беларусі і ўсіх яго вернікаў. Святы Францішак з Асыжу, маліся за нас!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.