ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Падарожжа з ружанцам у руках

На шляху да святасці

Кастрычнік – гэта месяц, калі Касцёл нагадвае людзям аб сіле ружанцовай малітвы, заахвочваючы ўсіх вернікаў штодзённа маліцца на ружанцы. У гэтую пару ў святынях ажыццяўляецца ружанцовае набажэнства для дзяцей і моладзі, разважаюцца яго таямніцы. Але якое ж месца займае ружанцовая малітва ў маім штодзённым жыцці, ці я малюся на ружанцы? А можа хтосьці ўжо нават не памятае, калі апошні раз трымаў яго ў руках...
Пусты халодны касцёл, святло, што ўліваецца толькі тады, калі адкрываюцца дзверы касцёла і тры бабулі, якія ціха гавораць: “Вітай, Марыя,...”.Сёння нікога не здзівіш такой сітуацыяй. Некаторыя гавораць, што гэтыя “Вітай, Марыя,...” з’яўляюцца ўжо часткай касцёла, а хтосьці іншы раздражняецца з-за таго, што няма той цішыні ў святыні, якую шукае. Мы не ўсведамляем таго, якая сіла схавана ў ружанцовай малітве,што адгаворвалі нашыя бабулі. Яна з’яўляецца асновай нашага сучаснага Касцёла. Гэта менавіта дзякуючы іхняй вышаптанай малітве, якая рвалася крыкам з сэрца, Касцёл пратрымаўся да сённяшняга дня, нараджаюцца новыя пакліканні да кансэкраванага жыцця, збіраюцца дзеці на ўрокі рэлігіі. Гэта малітва аб’ядноўвае свой выбраны люд. Часта мы недаацэньваем і забываем пра гэта, лічачы, што Касцёл пачынаецца ад майго ўдзелу ў ім.
У кожнага з нас ёсць столькі клопатаў: вучоба, праца, сям’я. А калі мы прыходзім у касцёл, то праблемы і абавязкі таксама не заканчваюцца. Мы павінны прадумаць, што пажадаць ксяндзу са сваёй парафіі ў дзень яго імянінаў; удакладніць, што будзем спяваць на св. Імшы, падрыхтавацца чытаць, які псальм спяваць, а яшчэ падумаць пра гарбатку пасля Эўхарыстыі. Ніхто не зробіць за нас усяго гэтага. А калі ў чарговы раз у касцёле ксёндз будзе гаварыць пра тое, што не ўдзельнічаем у жыцці Касцёла, сваёй парафіі, то мы будзем стаяць задаволеныя, бо гэта гаворка ідзе не пра нас і ў гэтай сітуацыі мы з’яўляемся прыкладам для іншых.
    Мы няспынна спяшаемся і робім вельмі важныя справы, але забываем пра самае важнае. Нават той, у каго ёсць найлепшы талент, не здолее зрабіць усяго сам, павінен усё гэта “узгодніць” з Божым планам, маліцца аб дарах Святога Духа і дзейнічаць на Божую хвалу! Гэта – складана, бо функцыі ў касцёле ўжо былі размеркаваны намі. Мы адказны за арганізацыю, а іншыя, (напр. бабулі) няхай моляцца. Мы павінны сказаць сабе: “Стоп” і пашукаць у сваіх штодзённых справах сэнс. Часам можа не ўсё ісці паводле нашых планаў, трэба аставіць усё гэта, знойдзецца хтосьці іншы, які з ахвотай нам дапаможа. Мы патрабуем час на тое, каб укленчыць перад Езусам, стаць у праўдзе і прасіць аб дары малітвы.
    Многія маладыя людзі належаць да якой-небудзь супольнасці, удзельнічаюць у евангелізацыйных курсах, ездзяць на рэкалекцыі, ходзяць у паломніцтвы, бо ім гэта падабаецца. Новыя знаёмствы, прыгожыя песні і шмат радасці. Але ці змогуць яны ўзяць у рукі ружанец і маліцца ад усяго сэрца, каб Езус і Марыя сталі для іх найлепшымі сябрамі, у сэрцы гучала новая песня, на вуснах – смех, а ў вачах – слёзы шчасця? Незразумела Божая ласка, трэба адкрыцца на яе. Бог любіць тое, што самае простае. Палюбіць ружанец – гэта заданне кожнага католіка. Вось што сёння гавораць маладыя людзі пра ружанец.

- Для мяне ружанец – гэта найважнейшая штодзённая малітва. Няспынна моладзь кудысьці спяшаецца, і няма часу для ружанца. Чаму варта адагворваць яго? Бо гэта ёсць сапраўдная малітва, што дала мне сілы, каб дайсці да мэты, мудрасць, каб зразумець, што дасягнуць мэты – не самае важнае ў жыцці!
    Дар’я, 22 гады

    - Для мяне не так важна паўтарэнне малітвы “Вітай, Марыя,...”, як разважанне ружанцовых таямніцаў. Гэтая малітва дапамагае аддаваць усе свае праблемы і радасці ў рукі Марыі,хоць гэта яшчэ цяжка мне даецца. На першы погляд гэтая малітва – вельмі нудная: пастаянна паўтараеш тое ж самае і, наогул, тады хочацца спаць. Разважанне таямніцаў ружанца ўмацоўвае нашую веру. Дзякуючы ружанцовай малітве я атрымала вялікую любоў да Божай Маці.
    Тома, 16 год

    - Калі я трымаю ў руцэ ружанец і ціха гавару “Вітай, Марыя,...”, то адчуваю душэўны спакой і падзяку маёй Маме за тое, што Яна знаходзіцца заўжды побач са мной, выслухоўвае і аддае маё сэрца ў рукі свайго Сына, Езуса. Гэта не простыя словы, адчуў гэта ў сваім жыцці, а менавіта тады, калі памерла мая мама. Дзякуй, Марыя!
    а. Андрэй CSsR

    - У гэтай малітве я прашу што-небудзь для сябе, іншых, і гэта дадае мне сіл. Свае грахі таксама аддаю Найсвяцейшай Панне. Мне здаецца, што моладзь не хоча маліцца, таму што гэта вельмі доўгая малітва. А можа таму, што большасць яшчэ не адчула дапамогі Марыі ў сваім жыцці. Але ж каб адчуць, трэба пачаць маліцца! Гэтая малітва дае мне супакой і вучыць адказнасці, любові да Марыі. Я ведаю, што Яна ніколі не аставіць мяне аднаго! Божая Маці заўжды выслухае мае просьбы і таму цяпер я вучуся ў медыцынскім універсітэце. Ружанец – гэта ружы, што ляжаць ля ног Марыі. Дзякуй, Табе, Божая Маці, за тое, што заўжды Ты трымаеш мяне за руку. Я з’яўляюся Тваім дзіцяткам.
    Яўгеній, 18 год

    - Мая ружанцовая малітва пачалася ў родным доме, у кастрычніку. Я памятаю,калі прымаў удзел у ружанцы для дзяцей, гэта адбывалася, хіба, па чацвяргах. Заўжды быў конкурс на самы прыгожы ружанец, таму мне падабаўся ружанец у чацвяргі. У астатнія дні – не! Яшчэ перад св. Імшой ружанцовая малітва займала паўгадзіны – задоўга. Я не разумеў тады, чым ёсць малітва. Пазней я запісаўся у “Жывы Ружанец”, лепш сказаць, што туды мяне запісалі. Кожны вечар я адгаворваў адну таямніцу ружанца, але не заўжды я памятаў пра гэта. Чым жа ёсць малітва на самай справе, я зразумеў не так даўно. Яна супакойвае. Наогул, цяпер маладыя людзі рэдка моляцца, таму трэба прасіць аб дары малітвы!
    Артур, 18 год

Абяцанні, дадзеныя (аб’яўленыя) Марыяй благаславёнаму Аляну дэ Рупэ. Ёсць 15 гэтых абяцанняў, колькі з самага пачатку (перад зменай, што ўвёў папа Ян Павел II 16 кастрычніка 2002 г.) было таямніц ружанца. Вось яны.
* Калі хто-небудзь будзе служыць Мне, молячыся на ружанцы, той атрымае выключныя ласкі.
    * Я абяцаю, што абараню і дам найбольшыя ласкі ўсім тым, хто будзе маліцца на ружанцы.
    * Ружанец стане зброяй супраць пекла, знішчыць, паменшыць грахі, пераможа ерэтыкаў.
    * Ружанец прывядзе да таго, што цноты і добрыя справы чалавека будуць працвітаць. Людская істота атрымае ад Бога шчодрае прабачэнне для душ. Ружанец адцягне сэрцы людзей ад замілавання свету і яго марнасці, падыме іх у бок вечных рэчаў.
    * Душа, якая аддасць сябе пад Маю апеку, дзякуючы малітве на ружанцы, не згіне.
    * Калі хто-небудзь будзе маліцца на ружанцы і раздумваць над яго святымі таямніцамі, то той ніколі не будзе пераможаны няўдачамі. Бог не будзе яго караць у сваёй справядлівасці,чалавек не загіне неспадзяванай смерцю, калі будзе справядлівы, стойкі ў Божай ласцы, будзе годны вечнага жыцця.
    * Калі хто-небудзь будзе ажыццяўляць сапраўднае ружанцовае набажэнства, то той не памрэ без сакрамэнтаў Касцёла.
    * Вернікі, якія моляцца на ружанцы, будуць мець пры жыцці і смерці Божае святло і паўнату ласкі Творцы.
    * Я вызвалю з чысца тых, хто практыкаваў ружанцовае набажэнства.
    * Верныя дзеці ружанца заслужаць на высокую ступень славы ў небе.
    * Атрымаеце ўсё, аб чым просіце, молячыся на ружанцы.
    * Усім тым, хто будзе распаўсюджваць ружанец, буду дапамагаць у іх патрэбах.
    * Я атрымала ад Майго Божага Сына абяцанне, што ўсе абаронцы ружанца, будуць мець у якасці заступнікаў увесь Нябесны Двор падчас жыцця і ў хвіліну смерці.
    * Усе, хто моліцца на ружанцы, з’яўляюцца Маімі сынамі і братамі Майго Адзінага Сына Езуса Хрыста.
    * Ружанцовае набажэнства з’яўляецца вялікім знакам прызначэння ў неба.

   
Для інфармацыі
    Ружанец ужываецца ў каталіцызме, ісламе, будызме.
    У ісламе ружанец складаецца з 33 пацерак і служыць для сістэматычнага пералічэння 99 імён Алаха і ўспаміну аб столькіх Яго якасцях.
    У будызме адгаворваюцца на ім мантры.
    У некаторых ордэнах можна сустрэць ружанцы са шматразовымі асноўнымі галоўнымі пацёркамі, што дазваляе адгаварыць усе таямніцы без перапынку.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.