ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Пагроза cімвалаў… (частка 2)

На шляху да святасці

Многія сучасныя хрысціяне акружаюць сябе рознымі антыхрысціянскімі або проста сатанінскімі сімваламі, нават, не ведаючы пра гэта. Шматлікія вернікі не ўсведамляюць, што ідуць прымаць св. камунію з сімвалам (напрыклад: “царквы сатаны”) на кашулі. Моладзь здзіўляецца, калі ім тлумачыш, што тыя ці іншыя модныя значкі з’яўляюцца сімвалам барацьбы з Хрыстом і Касцёлам, знакам пакланення д’яблу. Разумеючы абмежаванасць ведаў на гэтую тэму і адказваючы на шматлікія просьбы, мы пастараемся прыгадаць некаторыя найбольш распаўсюджаныя ў сучаснай поп-культуры сімвалы і разабрацца ў іх значэнні.
6. Перавернуты крыж (крыж поўдня)
Сімвал пагарды да Бога і хрысціянскага вучэння. Пераварочванне - гэта класічны спосаб высмейвання Хрыстовага Крыжа. Такім чынам, сатаністы адкідваюць збавенную справу Езуса. Паходжанне гэтага сімвала можна знайсці ў язычніцтве. Аднак сатаністы запазычылі яго ад вядомай у 18 ст. групы антымаралістаў “Hell-Fire-Club”. Гэты сімвал часта носяць прыхільнікі злога духа. Крыж поўдня часта красуецца на шыях некаторых рок- або поп-музыкантаў (напр. Madonna, Mick Jagger, Ozzy Osborne, Danzid і інш.), а таксама шырока выкарыстоўваецца акультным хэві-метал.
    Гэты сімвал абсалютна несумяшчальны з верай хрысціяніна, для якога знак Крыжа з распяццем – гэта памятка і вызнанне веры ў Хрыста як адзінага Збавіцеля і Адкупіцеля.
7. Інь і Ян (Ying Yang)
Гэта старажытнакітайскі сімвал, які азначае метафізічны (абсалютны) дуалізм рэчаіснасці. Раздваенне на чорную і белую часткі, раздзеленых нібы перавёрнатай літарай “S”, азначае супрацьлегласць першаэлементаў Сусвету, якія розняцца, але пры гэтым узаемадапаўняюцца, даходзячы да адзінства. Паводле тааізму, чорны элемент (інь) сімвалізуе жаноцкасць, пасіўнасць рэчаіснасці, а белы (ян) – яе мужчынскасць, дамінантнасць. Інь і Ян лічацца дзвюма энергіямі, якія кружацца вакол двух палюсоў, пераходзячы адно ў другое. У гэтай зменлівасці супрацьлеглых элементаў Сусвету бачыцца няспынная крыніца руху, жыцця, плоднасці, зменаў.
    Дуалістычнасць элементаў прыроды была вядома многім старажытным культурам, спрыяючы развіццю медыцыны, фізікі, а таксама эзатэрыкі. Вучэнне аб дуалізме Сусвету з’яўляецца адным з фундаментальных прынцыпаў вучэння New Age. Прыхільнікі гэтага вучэння сцвярджаюць, што ўзаемадапаўняльнасць супрацьлеглых элементаў узносіцца ад найпрасцейшых элементаў ажно да найвышэйшых сфер, дзе ўсё зліваецца ва ўсім (т.зв. галізм). New Age, імкнучыся да сінтэзу (перамешвання ў адно) усіх рэлігій, вучыць, што Бог і люцыфер узаемадапаўняюцца, з’яўляючыся ўсяго толькі праяўленнямі адной і той жа боскасці. Дабро і зло – гэта толькі вібрацыі аднаго і таго ж поля. Гэтае вучэнне добра вядома ў гісторыі як неаплатанізм і яго адгалінаванні. Яшчэ ў старажытнахрысціянскія часы было напісана шмат літаратуры, якая і тэалагічна, і філасофскі абвяргала гэтае вучэнне. Аднак у наш час з-за тэалагічнай бязграматнасці людзей і ірацыянальнага падыходу да веры знаходзіцца шмат прыхільнікаў такога погляду.
    Для хрысціяніна абсалютна непрымальна вера ў поўны дуалізм рэчаіснасці. Існуе толькі адзін абсалютны (абавязковы) элемент – Бог, а сатана – гэта ўсяго толькі стварэнне, элемент другасны, неабавязковы. Вучэнне аб дуалізме поўна практычных парадоксаў, якія несумяшчальны з хрысціянствам і з мараллю ўвогуле. Напрыклад: з дуалізму выводзіцца згода на абавязковую неабходнасць зла (!), вечнай вайны, прыняцце наканаванасці, калі чалавек бачыць мэту не ў дабры, а ў кампрамісе (сінтэзе) і г.д. Драматычныя падзеі і войны ХХ ст. былі спробай практычнай рэалізацыі ў свеце дуалістычных ідэалогій (фашызм, камунізм), якія абарачваліся жахлівым забойствам людзей. Для хрысціяніна -абсалютна непрымальны дуалізм, бо ён супярэчыць веры аб адзіным пачатку, веры ў аднаго Бога, Адзінага Збавіцеля – Езуса Хрыста.
8. Пентаграма (пяціканечная зорка, зорка Саламона, зорка Піфагора, зорка Ісіды)
Пентаграма (пентаграман) – адзін з найважнейшых сімвалаў акультызму і сатанізму. Гэтая пяціканечная зорка ўпісана ў акружнасць. Адасоблены канец зоркі сімвалізуе дух, скіраваны ў неба (уверх) або ў пекла (уніз). Іншыя - сімвалізуюць знаходжанне чалавека па-над светам прыроды. Чатыры канцы зоркі – гэта чатыры асноўныя стыхіі: вецер, агонь, зямля і вада. Поўная зорка сімвалізуе чалавека (увогуле), які балансуе паміж небам (верхні канец) і зямлёй-прыродай (іншыя 4 канцы). Некаторыя ў пяціканечнай зорцы бачаць постаць чалавека (4 канцы зоркі - гэта рукі і ногі чалавека, а верхні канец - галава). Акружнасць вакол зоркі тлумачыцца як містычная абаронная абалонка чалавека.
    Гэта адзін з найбольш распаўсюджаных сімвалаў у гісторыі чалавецтва. Найстарэйшыя пентаграмы былі знойдзены ў старажытным Уры (цэнтр месапатамскай цывілізацыі) і датаваны 3500 г.г. да н.э. Лічыцца, што гэты сімвал ужываўся як каралеўская пячатка. Пяціканечную зорку можна знайсці ў язычніцкай, старажытнагабрэйскай, старажытнахрысціянскай сімволіках. У наш час гэты сімвал шырока выкарыстоўваецца ў магіі, акультызме, сатанізме.
    Сярод старажытных язычнікаў гэты сімвал быў вядомы як знак багіні Коры. Яблык як плод гэтай багіні, падзелены папалам, змяшчае ў сваім асяродку “пентаграму”. Цыганы называлі гэтую “пентаграму” ў яблыку Зоркай ведаў. Старажытныя піфагорцы лічылі пентаграму сімвалам дасканаласці, захапляючыся прапорцыямі гэтага знака. Яны выкарыстоўвалі гэты сімвал як свой распазнавальны знак. Старажытныя кельты лічылі пентаграму знакам багіні падзямелля Марганы. Сімволіка лічбы “5” вельмі моцна была ўпісана ў кельцкую і пазней у ірландскую культуры.
    Сярод старажытных хрысціянаў пяціканечная зорка была вядомая як сімвал праўды і містыцызму. Гэты сімвал часта атаясамліваўся з бэтлеемскай зоркай або зоркай трох каралёў. Іншыя ж хрысціяне бачылі ў зорцы сімвал пяці ран Хрыста (на прабітых руках, нагах і баку). Некаторыя даследчыкі гавораць пра тое, што пентаграмай карыстаўся старазапаветны цар Саламон у якасці зброі ад злых духаў. Лічыцца, што гэты сімвал выкарыстаў імператар Канстанцін у якасці пячаткі і абарончага знака ад злых духаў. А сярэдневяковыя рыцары бачылі ў зорцы сімвал пяці рыцарскіх цнотаў: велікадушнасці, адвагі, цнатлівасці, мужнасці і пабожнасці. Даследчыкі гавораць пра тое, што адносіны хрысціянаў да пентаграмы пачалі мяняцца пад уплывам інквізіцыі. Гэты сімвал лічыўся знакам тампліераў, якія, паводле інквізітараў, выкарыстоўвалі пентаграму як знак дэмана Бафамета (аб гэтым больш падрабязна будзе ніжэй). У Rennes le Chateu (Францыя) знаходзіцца адна з найбольш вядомых пабудоваў тампліераў, якая мае форму велізарнай пентаграмы.
    Поўнае размежаванне на “добрую” і “дрэнную” пентаграмы ўвёў у 19 ст. вядомы акультыст і кабаліст Eliphas Levi (сапраўднае імя - Alphonse Louis Constans). Добрай пентаграмай лічылася скіраваная верхавінай угару, а дрэннай – уніз. Негатыўную версію пентаграмы ўжыў Anton Szandor LaVey (аўтар “Сатанінскай бібліі”), працуючы над стварэннем культаў сучаснай сатанінскай царквы. Ён выкарыстаў перавернутую пентаграму (зорка Бафамета), з якой цяпер усе асыцыіруюць сатанізм і чорную магію.
    У сімволіцы магіі і акультызму пентаграма мае вельмі багаты змест. Зорка без акружнасці азначае унутраны распад, канфлікт, змаганне. Пяць канцоў зоркі – гэта сімвалы пяці цялесных пачуццяў чалавека, пяці светаў (фізічны, эстэтычны, астральны, ментальны і духоўны), пяці кітайскіх стыхій (4 прыродныя стыхіі і дух, які імі кіруе). У неаязычніцкіх культах Вікка (“Wicca” (гал.) значыць “чараўніца”), асабліва ў яе гарднэрыянскай традыцыі, перавернутая пентаграма ў акружнасці лічыцца знакам высокага ўзроўню таемнага пасвячэння. Гэта адзін з важнейшых сімвалаў магіі, увасабленне зямлі, матэрыі, а таксама брамы ў астральны свет (акно дэманаў). У апошнім значэнні зорка выкарыстоўваецца рознымі “біяэнергатэрапеўтамі”, экстрасэнсамі, чарнакніжнікамі і т.д.
    Пентаграма лічыцца адным з важнейшых сімвалаў масонаў. Паводле масонскіх перакананняў пяціканечная зорка сімвалізую чалавека (adam-eve), які адраджаецца, багатварыцца (сімвал язычніцкага ініцыяцыйнага гуманізму). Некаторыя называюць звычайную пентаграму сімвалам “добрага люцыфера”, а перавернутую (бафамет) – сімвалам “дрэннага сатаны” (samael-lilith). Пераход ад адной формы пентаграмы ў другую адбываецца праз абарачэнне на 33 градусы. У масонскай сімволіцы лічба “33” прасякае ўсе ступені пасвячэння. Масоны выкарыстоўваюць пентаграму ў акультных практыках, цырыманіяльнай магіі, а таксама як сімвал сацыяльнага змагання (камуністычная зорка). Леў Троцкі-Бронштайн, член масонскай ложы Вялікі Усход, які добра ведаў эзатэрычны сэнс пентаграмы, прапанаваў яе як сімвал камунізму. Сучасныя масоны часта звязваюць сімвал пентаграмы з сімволікай манаграмы “G” (падрабязней глядзіце ў рубрыцы “масонскія сімвалы”).
    Гэты знак выкарыстоўваецца таксама многімі рок-музыкантамі (Motley Crue, Danzig, Morbid Angel і інш.), а таксама ў камп’ютарных гульнях, тэндэнцыйных фільмах і шоу. З пункту гледжання хрысціянства належыць прызнаць, што сама па сабе пяціканечная зорка не нясе абсалютна адмоўнага сімвалізму. Аднак варта размяжоўваць сімвал пяціканечнай зоркі ад графічнага (лінейнага) накрэслення пентаграмы. У сувязі з тым, што ў сучасным свеце пентаграма становіцца амаль што ідэнтыфікацыйным сімвалам магіі, сатанізму, масонства, то варта пазбягаць яе выкарыстання. Асабліва належыць адмовіцца ад ужывання пентаграмы, упісанай у круг, або перавернутай, бо такія формы сімвала адназначна нясуць у сучасным свеце сатанінскае пасланне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.