ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

ІХ пешая пілігрымка з Гродна ў Рось у санктуарый імя Журботнага Езуса

З жыцця Касцёла

Фотарэпартаж
Шлях паломніцтва: Гродна – Квасоўка – Вялікія Эйсманты – Рэпля – Рось. 6 – 9 жніўня 2010 г.
У апошнія гады, асабліва ў летні час, шматлікіх пілігрымаў прыцягвае старадаўняя фігура Журботнага Езуса ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат). Ужо з 1618 года касцёл у Росі славіцца гэтай цудоўнай фігурай, і з таго часу ў свята Спаслання Святога Духа ў мясцовай парафіі адбываюцца адпустовыя ўрачыстасці.
    У Росі пачаліся цуды ў касцёле з той падзеі, калі падчас раратняй святой Імшы сляпая жанчына, падумаўшы, што фігура Журботнага Езуса — гэта спаведнік, паспавядалася перад ёй і атрымала дараванне грахоў. На пытанне святара, які ўдзяляў святую Камунію, у каго яна была ў споведзі, жанчына адказала: «Той спаведнік, што сядзіць у бабінцы, выслухаў споведзь, і калі ўдзяліў мне дараванне грахоў — я пачала бачыць». Тое, што здарылася, пацвердзілі ўсе людзі, якія прысутнічалі на святой Імшы, і з таго часу цуды і звязаныя з гэтым ласкі пачалі пашырацца сярод вернікаў гэтай парафіі і наваколля.
    Такім чынам, пілігрымаў у Рось прыцягвае фігура Журботнага Езуса, які ласкавым позіркам пазірае на кожнага, хто прыходзіць да Яго ў гэтае месца.
    6–9 жніўня 2010 г. адбылася IХ пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Журботнага Езуса ў Рось. Сёлетняе паломніцтва распачалося са святой Імшы ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (п. Паўднёвы).
Ксёндз Юрый Марціновіч, кіраўнік пешых пілігрымаў у Рось, быў галоўным цэлебрантам літургіі. У гаміліі святар параўнаў усіх паломнікаў з Абрагамам са Старога Запавету, якому Бог сказаў: «Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (пар. Быц 12, 1).
    Вось тады выходзіш і даведваешся, што такіх, каму Бог сказаў гэтыя словы, вельмі шмат. Ты сустракаешся на шляху пілігрымкі з тымі, хто на некалькі дзён пакінуў выгоды, дом, камп’ютар, інтэрнэт, ложак, цёплую ваду, любімыя напоі і ежу, пакінулі таксама сваіх бацькоў, знаёмых, сяброў.
    У першы дзень пілігрымкі парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна–Захад) частавала абедам, а на начлег дзверы сваіх дамоў з вялікай радасцю адчынілі вернікі парафіі ў Вялікіх Эйсмантах (Бераставіцкі дэканат).
    На наступны дзень з самай раніцы вандроўнікі вырушылі ў дальнейшы шлях. У Рэплі (Ваўкавыскі дэканат) іх чакала падсілкаванне і ўжо вечарам падарожныя дабраліся да санктуарыя — мэты пілігрымкі, дзе прынялі ўдзел у святой Імшы і чуванні ля Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, канферэнцыях і працэсіі са свечкамі вакол святыні.
    Заканчэннем пілігрымкі стала нядзельная ўрачыстая святая Імша, галоўным цэлебрантам якой быў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Літургію ўпрыгожваў і дадаваў ёй велічнасці хор «Cantate Domino» з гродзенскай парафіі Міласэрнага Езуса.
    На заканчэнне адбыўся цудоўны канцэрт у выкананні гурта «MAJ» з квасоўскай парафіі.
    Узрост сёлетніх пілігрымаў быў самы розны. Перш за ўсё ў малітоўнае падарожжа накіравалася моладзь, хоць найстарэйшым пілігрымам была 75-гадовая жанчына, а самым малодшым — 5-гадовая Яна. Колькасць удзельнікаў склала звыш 270 асобаў. У пілігрымцы з Гродна ў Рось ішлі прадстаўнікі 35 парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Далучылася таксама некалькі пілігрымаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.
    Падчас дарогі быў прадугледжаны час не толькі на малітву, канферэнцыі, разважанне, цішыню, але таксама на спяванне песень і на танцы. Таму можна сказаць, што была пара і на ружанец, і на танец.
    Кожная пілігрымка мае свой дэвіз, які з’яўляецца галоўнай яе думкай. У гэтым годзе мы абралі дэвізам такія словы: «Даверся Божай міласэрнасці». Выбраўшы яго, мы згадалі сабе і яшчэ раз усвядомілі, што Божая дабрыня большая, чым нашыя віны. І хутчэй чалавек стоміцца абражаць Бога, чым Ён (Бог) — прабачаць чалавеку. Творца робіць як Добры Айцец, які не столькі звяртае ўвагу на тое, што Яго пакрыўдзіў чалавек, колькі на яго раскаянне. У чарговы раз мы зведалі, якая вялікая міласэрнасць Пана і прабачэнне тым, хто навяртаецца да Яго (пар. Сір 17, 29).
    У другі дзень пілігрымавання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па тэлефоне прывітаў пілігрымаў і звярнуўся да іх. У сваёй прамове мітрапаліт звярнуў увагу на тое, каб сучасны чалавек памятаў, што крыж з’яўляецца самым распаўсюджаным сімвалам хрысціянства.
    Жадаю выказаць падзяку ўсім, хто дапамог у падрыхтоўцы пілігрымкі, парафіям, якія прымалі пілігрымаў на абед і начлег. Няхай Бог благаслаўляе ўсіх спонсараў і ахвярадаўцаў!
    Я дзякую ўсім пілігрымам за ўдзел у паломніцтве ў Рось і ўжо сёння запрашаю іх на аплаткавую сустрэчу, якая адбудзецца 27 снежня 2010 г.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.