ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

XXIII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Шмат людзей ішло за Езусам. Звярнуўшыся, Ён сказаў ім: “Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім. Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем. Бо хто з вас, калі захоча пабудаваць вежу, спачатку не сядзе і не падлічыць выдаткаў, ці мае на будову. Калі ж закладзе падмурак і не зможа закончыць, усе, хто ўбачыць, пачнуць смяяцца з яго, кажучы: “Гэты чалавек пачаў будаваць і не змог скончыць”.
    Або які кароль, ідучы на вайну супраць іншага караля, не сядзе і не параіцца спачатку, ці моцны ён, каб ісці з дзесяццю тысячамі супраць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю тысячамі? Калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле да яго пасланцоў прасіць міру.
    Гэтак ніхто з вас, калі не пакіне ўсяго, што мае, не можа быць Маім вучнем”.

Лк 14, 25-33

Пакора і сіла веры
Евангелле вучыць нас пакоры – рысы, якую ўсё радзей можна заўважыць, таму тым больш каштоўную. Пакора азначае, што чалавек мае прыніжаную паставу ў адносінах да іншай асобы ці ўсведамляе ўласную недасканаласць. Антыподам пакоры з’яўляецца ганарыстасць – грэх, які стаіць у пачатку спісу галоўных грахоў.
    Езус заўважыў у іншым месцы: “Вучыцеся ад Мяне, бо Я – ціхі і пакорны сэрцам”. Павінна быць штосьці нязвыкла важнае ў гэтай паставе, калі заахвочваў да яе Божы Сын, якому паддана ўсё стварэнне і які стаіць па-над усякай магутнасцю і ўладай.
    У роздуме над гэтымі фактамі знаходзіцца адказ на пытанні, якія паўстаюць падчас чытання сённяшняга фрагмента Евангелля. Ці можна каго-небудзь ненавідзець? А тым больш асобаў, да якіх мы павінны адносіцца з сімпатыяй і адданасцю? Няўжо Евангелле пярэчыла само сабе? Здаровы розум падказвае нам правільныя адказы, а таму застаецца толькі знайсці тлумачэнне і лагічную інтэрпрэтацыю такіх рашучых патрабаванняў Езуса. І тут мы вяртаемся да пакоры.
    Езус усведамляў радыкальнасць свайго навучання і недасканаласць чалавека, якога заклікаў прымяняць Евангелле ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Таму Ён вымушаны быў даць людской істоце адпаведныя “інструменты”, ахвяраваць звышнатуральныя здольнасці, каб з іх дапамогай мы змаглі адказаць на радыкалізм Яго навучання. Евангелле не пакідае сумненняў: хрысціянін зможа апраўдаць спадзяванні свайго Настаўніка, калі Яго бязмежна палюбіць і даверыцца Яму. Мудрасць простых людзей, што асноўваецца на веры, сфармулявала гэтую праўду ў кароткім выказванні: “Калі Бог знаходзіцца на першым месцы, то ўсё ў жыцці стаіць на сваім месцы”. Сённяшняе Евангелле нельга разумець як “агрэсіўнасць” Езуса. Яно адлюстроўвае, хутчэй за ўсё, Яго клопат, каб мы, усведамляючы свае чалавечыя абмежаванасці, у Ім ускладалі сваю надзею і ў любові Хрыста шукалі сілы для сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.