ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Місіянерскі гурток

Семінарыйная газета

Адзін з жылых кварталаў у БразілііПа сваёй сутнасці Касцёл з’яўляецца місіянерскім. Хрыстус даверыў яму місію абвяшчаць Евангелле па ўсяму свету. Таму духоўныя асобы, свецкія і манахі-місіянеры пакідаюць сваю ўласную Айчыну, каб дзяліцца Праўдай аб збавенні з тымі, хто яе не ведае.
Я пазнаёміўся з ксяндзом Янам Банькоўскім, які каля 20 гадоў працаваў у Бразіліі і на Канарскіх астравах у якасці місіянера.

    Раскажыце, калі ласка, аб Бразіліі і аб мясцовым Касцёле?
    Бразілія - найбольшая каталіцкая краіна свету. Яна налічвае 8,5 млн квадратных кіламетраў зямной паверхні, у ёй жыве каля 170 млн жыхароў. Епіскапат гэтай краіны складаецца са звыш 300 – 400 біскупаў. Сёння католікі складаюць 78 – 80 % насельніцтва гэтай дзяржавы. У апошнія гады каталіцкі Касцёл Бразіліі панёс вялікія страты з-за самых розных сектаў. Па статыстыцы на аднаго ксяндза ў гэтым краі прыпадае 12 – 14 тысяч вернікаў. Таму парафіі, якія абслугоўваюць ксяндзы, вялізныя як у колькасным, так і ў тэрытарыяльным планах. Асабліва гэта праяўляецца ў Амазоніі, дзе амаль адзіным сродкам перамяшчэння з’яўляецца лодка.
У якой мясцовасці Вы працавалі?
    Я пачынаў працаваць у мясцовасці Санта Андрэ. Гэта – горад, які знаходзіцца ў метрапалітальнай зоне Сао Паолё – найбольшага горада Паўднёвай Амерыкі, які налічвае звыш 17 млн жыхароў. Маім першым бразільскім біскупам быў кардынал Клаўдзіо Гуіэс, які сёння з’яўляецца прэфектам Кангрэгацыі па справах духавенства ў Ватыкане. Потым я пераехаў у федэральны штат Парана і там атрымаў парафію, якая налічвала 12 тысяч людзей і знаходзіцца на перыферыі стотысячнага горада ў мясцовасці Кампо Морао. Адтуль я працаваў па чарзе ў трох касцёльных судах, у Фларыянаполісе – горадзе, які размяшчаецца на востраве ў Атлантычным акіяне, затым – у штаце Сао Паолё, у горадзе Сан Джозэ ду Рэй Прэто. Я хацеў вельмі паехаць у Амазонію, але баяўся тамашняга клімату, таму што я не магу доўгі час знаходзіцца на сонцы. Мяне непакоіла таксама тое, што ў Амазоніі жыве найбольшая колькасць людзей, якія хворыя на рака скуры, таму я адказаўся ад гэтага намеру.
    Як у Бразіліі адносяцца людзі да святароў?
    Бразілія з’яўляецца краінай, дзе вернікі паважаюць каталіцкіх ксяндзоў. Паўднёваамерыканцы маюць якуюсьці натуральную прыроджаную рэлігійнасць, пашану да містэрыі і ў гэтым вымярэнні знаходзіцца таксама і тая вялікая павага да ксяндза. Святар з’яўляецца заўжды першай асобай, якую запрашаюць на ўсе ўрачыстасці: дзяржаўныя, школьныя і іншыя. Безумоўна, часта сродкі масавай інфармацыі ганьбяць добрае імя святара, але ксёндз адчувае, што сапраўды ён неабходны вернікам.
    Ці сёння Бразілія з’яўляецца місіянерскай краінай?
    Бясспрэчна. Але яна высылае ўласных місіянераў, галоўным чынам у партугальскія краіны, такія як Ангола, Мазамбік ці на астравы св. Тамаша.
    Паняцце місіянера і місіянерскай працы асацыіравалася часцей за ўсё ў мінулым стагоддзі з выездам да “дзікіх” людзей ці туземцаў, напрыклад: да індзейцаў у Паўднёвай Амерыцы. Сёння цяжка сказаць, што індзейцы, якія жывуць у джунглях, а іх ёсць у Бразіліі каля 320 тысяч, дзікія. Сённяшні індзеец ведае добра, што такое тэлевізар, камп’ютар, сотавы тэлефон. Я знаў асабіста індзейскага важака Кацыка, у якога быў свой уласны самалёт і ён сам кіраваў ім. Але гэта не азначае, што сёння місіянер можа адчуваць сябе зусім бяспечна. Мы знаем: штогод гіне шмат місіянераў. Калі ў Бразіліі хто-небудзь выступае і закранае справы грамадскай справядлівасці, то існуе вялікая верагоднасць таго, што ён загіне.
    Што найбольш патрэбна місіянерам у Бразіліі?
    Калі ідзе размова пра матэрыяльны бок, то мы, місіянеры, стараемся мець тое ж самае, што ёсць у ксяндзоў у Еўропе: перш за ўсё аўтамабіль, які не з’яўляецца ўласнасцю ксяндза, але заўжды – парафіяльны. Без аўтамабіля нельга працаваць, бо ў кожнай парафіі ёсць капліцы, да якіх трэба праехаць некалькі кіламетраў. У мяне было 13 капліцаў і я павінен быць ехаць 300 кіламетраў (самая дальняя адлегласць), 13 дзён у месяцы я вымушаны быў знаходзіцца па-за парафіяй. У гэтых капліцах заўжды я цэлебраваў св. Імшу толькі ноччу. Людзі працуюць на палях даўжэй за ўсё вечарам, калі не так горача, таму што ў найбольшую спякоту яны павінны мець перапынак у працы.
    Мы вельмі жадаем, каб бразільскі народ меў якую-небудзь сталасць у перакананнях, напрыклад: у маёй парафіі было дзіця, якое я ахрысціў, удзяліў сакрамэнт Канфірмацыі, падрыхтаваў да I св. Камуніі. І раптам прыходзіць якісьці пратэстанцкі пастыр, дае яму шакаладку, забірае на сваё набажэнства – і гэтае дзіця адыходзіць ад Касцёла. Трэба доўга працаваць, каб вырашыць гэтую праблему. Калі ёсць мала святароў і - мноства парафіянаў, то ксёндз вымушаны карыстацца паслугамі свецкіх катэхетаў, якіх трэба адпаведна падрыхтаваць. У дыяцэзіях арганізаваны курсы, але калі выхаваннем кіруюць свецкія з-за недахопу святароў, то ствараецца “заганны круг”, які не садзейнічае ўмацаванню перакананняў вернікаў.
    Ці ёсць прызванні ў мясцовым туземным Касцёле?
    Безумоўна, прызванні ёсць і іх шмат. Але калі б усе прызваныя вытрымалі ў семінарыі, то ў Бразіліі хапала б ксяндзоў. У семінарыю прыходзіць вучыцца вялікая колькасць асобаў, аднак, многія з іх атрымліваюць дыплом і адыходзяць, атрымаўшы адукацыю за кошт Касцёла. Клерыкі ў Бразіліі не плацяць за ўтрыманне ў семінарыі, а нават, атрымліваюць самыя неабходныя рэчы. Я выкладаў у дзвюх семінарыях. На першым курсе семінарыі вучылася 40 клерыкаў з 30 розных манаскіх супольнасцяў і з некалькіх дыяцэзіяльных, а на апошнім – толькі 15, з ліку якіх 14 былі манахамі і 1 - дыяцэзіяльны. Існуе вялікая неабходнасць у выхаваўчых кадрах, таму што не хапае духоўных асобаў з вышэйшай адукацыяй. У сваю чаргу бразільскія ксяндзы едуць вучыцца ў Еўропу і там яны бачаць іншы узровень жыцця і не хочуць вяртацца назад да людзей, якія галадаюць.
    Што дае Вам місіянерская праца?
    Для мяне выезд для місіянерскай працы быў маёй асабістай ініцыятывай. Пасля заканчэння вучобы ў Рыме, мяне запрасіў адзін ксёндз, які працаваў у Бразіліі. Я паехаў туды ў якасці турыста і астаўся, просячы перад выездам свайго біскупа, каб ён дазволіў мне застацца. Гэта былі самыя цудоўныя гады майго прызвання, я адчуваў, што на самай справе неабходны людзям. Хутчэй за ўсё я не выехаў бы адтуль ніколі, каб дазваляў на гэта мой стан здароўя. Цяпер я знаходжуся ў Польшчы.
    Дзякую за размову. Я спадзяюся, што Бог пакліча працаваць у Бразілію шмат адважных місіянераў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.