ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Біяграфія кс. Юрыя Папялушкі

З жыцця Касцёла

Ксёндз Юрый Папялушка нарадзіўся ў 1947 г. у вёсцы Акопы на Падляссі. Ужо як міністрант ён вылучаўся глыбокай рэлігійнасцю. Пасля заканчэння школы 24 чэрвеня 1965 г. паступіў вучыцца ў Вышэйшую мітрапалітальную духоўную семінарыю ў Варшаве. Пасля першага году навучання ён быў накіраваны на прымусовую вайсковую службу, якую праходзіў у спецыяльным падраздзяленні ўзмоцненай дысцыпліны для клерыкаў у Бартошыцах. 28 мая 1972 г. Юрый атрымаў святарскія пасвячэнні з рук прымаса кардынала Стэфана Вышынскага. З 1978 г. займаўся душпастырствам у Варшаве ў касцёлах: імя Дзіцятка Езус, імя св. Ганны, а пазней – імя св. Станіслава Косткі. Ён стаў душпастырам медработнікаў у Варшаве. Са жніўня 1980 г. быў звязаны з асяроддзямі рабочых, актыўна падтрымліваў прафсаюз “Салідарнасць”.
Падчас забастоўкі быў пасланы ажыццявіць св. Імшу ў гуту “Варшава”, а падчас ваеннага становішча арганізаваў у касцёле імя св. Станіслава Косткі св. Імшы за Айчыну. Тагачасныя ўлады Польскай Народнай Рэспублікі прызналі дзейнасць ксяндза Юрыя Папялушкі, як варожую камуністычнай сістэме, і таму ён трапіў пад нагляд службаў бяспекі. Прыдзіркі і націскі ўладаў, растучая пагроза і клопаты са здароўем у ксяндза Ю. Папялушкі былі тымі прычынамі, з-за якіх 16 кастрычніка 1984 г. прымас Польшчы Юзаф Глемп прапанаваў яму выехаць вучыцца ў Рым, астаўляючы, аднак, канчатковае рашэнне за ім. Ксёндз Папялушка адхіліў гэтую прапанову. 19 кастрычніка 1984 г.па дарозе з Быдгошча ў Варшаву недалёка ад мясцовасці Гурск ксёндз Юрый Папялушка быў затрыманы функцыянерамі спецыяльнай групы Міністэрства ўнутраных справаў і забіты. 3 лістапада 1984 г. яго пахаванне сабрала вялізныя натоўпы і ператварылася ў вялікую маніфестацыю. Ксёндз Ю. Папялушка быў пахаваны на тэрыторыі парафіяльнага касцёла імя св. Станіслава Косткі ў Варшаве. Па рашэнню Папы Бэнэдыкта XVI 6 чэрвеня б.г. у Варшаве адбылася беатыфікацыя кс. Юрыя Папялушкі.


Кс. Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Урок для кожнага чалавека
Падчас гэтых урачыстасцяў мяне суправаджалі пачуцці ўдзячнасці Богу за новага Заступніка, кім ёсць благаславёны ксёндз Юрый – святар і мучанік. Гэтая ўдзячнасць узмацнілася прысутнасцю столькіх тысячаў людзей працы, з якімі маліўся і абвяшчаў ім Божае слова праўды бл. кс. Юрый. Можна сказаць, што ў якімсьці сэнсе ён аддаў жыццё за рабочы клас.
    Найбольш застаўся ў маёй памяці момант беатыфікацыі, унясенне рэліквій, за якімі ў працэсіі ішла маці кс. Юрыя. Яна з’яўляецца ўзорам малітвы і даверу да Бога для нашых маці ў выхаванні і цярпенні дзеля дабра сваіх дзяцей. Благаславёны ксёндз Юрый вучыць перш за ўсё нас, святароў, каб зло перамагаць дабром і абвяшчаць Хрыстовую Праўду, за якую ён быў замучаны.
    Для нашых людзей кс. Юрый з’яўляецца прыкладам яднання з Езусам у радасныя хвіліны і ў хвіліны цярпення, якое прыходзіць цераз крыж.
    Яшчэ дадаў бы я вельмі важны штрых, які можна акрэсліць так: сям’я - моцная Богам. Як ведаем, маці благаславёнага кс. Юрыя сказала простыя і адначасова глыбокія па зместу словы: “Я развітвалася з сынам са слязамі на вачах і з якімсьці жалем у сэрцы, але буду вітаць яго з радасцю”. Вядома, што ідзе размова пра сустрэчу са сваім сынам у небе.

кс. Андрэй Радзевіч, душпастыр службы аховы здароўя і сібіракоў
Асаблівы заступнік працоўных
Беатыфікацыя ксяндза Юрыя Папялушкі была для мяне асабіста хвалюючай падзеяй. Яшчэ з таго часу, калі я быў клерыкам, то маліўся да гэтага святара-мучаніка і цяпер вельмі рады, што меў магчымасць удзельнічаць у яго беатыфікацыі.
    Я думаю, што бл. Юрый Папялушка будзе заступнікам людзей працы, таму што ў сваёй душпастырскай паслузе, асабліва ў апошнія яе гады, ён быў звязаны з гэтымі людзьмі і цалкам аддаў сябе ім. Я як душпастыр службы аховы здароўя вельмі радуюся таму, што ў асобе бл. Юрыя Папялушкі мы маем яшчэ аднаго абаронцу, бо з 1979 г. ксёндз Юрый выконваў таксама душпастырскую паслугу сярод варшаўскай службы аховы здароўя.
    Благаславёны Юрый Папялушка паказвае нам, што для чалавека Бог з’яўляецца найбольшай каштоўнасцю, за якую не раз трэба аддаць сваё жыццё. Ён паказвае нам таксама, што побач з любоўю да Бога любоў да бліжняга павінна выражацца ў замілаванні да сваёй Айчыны, да яе гісторыі і культуры, мовы… Духоўным пасланнем для кожнага з нас з’яўляюцца добра вядомыя словы ксяндза Юрыя: “Зло перамагай дабром”.

кс. Антоній Грэмза, душпастыр студэнтаў
Прыклад для сучаснай моладзі
Я заўважыў, што маладыя людзі прысутнічалі на беатыфікацыі са сваімі душпастырамі, бацькамі, дзядулямі і бабулямі. Ксёндз Юрый можа быць прыкладам для сучаснай моладзі, але пасля пэўнага павышэння ўзроўню ўспрымальнасці маладых людзей і паказу ім трагічных лёсаў людзей, якія абаранялі чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці. Заўжды прыцягвалі моладзь прыклады людзей, якія былі адданы высакароднай ідэі. Благаславёны кс. Юрый, як сведка Евангелля, можа стаць прыкладам самаадданасці дзеля таго, што з’яўляецца прыгожым, высакародным і адначасова прыкладам таго, як нязмерна складана ахвяраваць сябе на карысць дабра іншай асобы і грамадства. Хочацца спадзявацца, што сёння ўсё больш каталіцкай моладзі выказваецца за дэвізам жыцця благаславёнага ксяндза Юрыя: “Перамагай зло дабром!”

Павел Раманчук. Гродна
Фізічна слабы, але моцны духам
У чарговы раз Бог адарыў нас дарам свабоды і салідарнасці, прыкладам чаго быў і ёсць ксёндз Юрый. Але свабоды крыху іншай, чым тая, якую можна сёння заўважыць, свабоды, якая бярэ свае вытокі з любові.
    Ксёндз Юрый, такі невялікі ростам і адначасова такі вялікі, фізічна слабы, але моцны духам, не баяўся смерці. У імя чаго? – у імя свабоды. Якой свабоды? Я быў бы і далей заняволены грахом і рабіў тое, што мне хочацца, бо – я свабодны! Не! Не дазвольце ж, каб яго мучаніцкая смерць была дарэмнай. Не дайце ўвесці сябе ў зман! Не бойцеся хоць крыху рызыкнуць. Ён быў адважны і менавіта гэтаму вучыць нас. Будзь жа адважны ў веры! Які будзе заўтрашні дзень, што я зраблю з дарам свабоды – гэта залежыць ад мяне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.