ГРОДНА
Серада,
24 красавіка
2024 года
 

Спаслання Св. Духа

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св.Яна
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: “Спакой вам!” I, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: “Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас”. I, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: “Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”.

Ян 20, 19-23

Нашая радасць – Езус Хрыстус – Божае права
Па-рознаму Езус прадказваў прыход Святога Духа. Ён называў Яго Духам –Суцяшальнікам, Духам Праўды. Неабходнасць свайго адыходу з гэтага свету Хрыстус растлумачваў Яго прыходам. Ён гаварыў пра тое, што Святы Дух будзе суправаджаць сваёй моцай дальнейшую дзейнасць апосталаў у свеце. Ён павінен навучыць іх усяму, асвяціць іхні розум, прыгадаць аб Хрыстовай навуцы. Вучні павінны былі чакаць прыходу Святога Духа, не адыходзячы з Ерузалімы. У вучняў, якія слухалі Езуса, павінна было скласціся ўражанне пра нязвыкласць абяцанага дару. Як жа яны падрыхтоўваліся да прыходу Святога Духа? Дакладным выкананнем указанняў Езуса і супольнай малітвай у вячэрніку.
    Сённяшні фрагмент Евангелля нагадвае нам яшчэ пра адзін плён Святога Духа: хто Яго атрымае, той задаволіць усе жаданні, кожную чалавечую тугу.
    А каб гэта зразумець, трэба ўсвядоміць сабе абставіны, пры якіх Езус выказаў гэтае абяцанне. Гэта быў найбольш урачысты дзень свята Намётаў, які габрэі адзначалі на працягу сямі дзён. Гэтае свята было ўстаноўлена для выбранага народу пасля атрымання імі права на гары Сінай. У гэтыя дні кожная габрэйская сям’я будавала сабе шалаш, каб нагадаць чарговым пакаленням пра вандроўку Ізраіля па пустыні да абяцанай зямлі. Тады габрэі адчулі асаблівую апеку Бога, які падрыхтаваў іх да выканання абяцанняў, дадзеных іх продкам, пачынаючы ад Абрагама. Габрэі пакутавалі ў пустыні. Іх мучыла смага, даймаў голад. На сваёй дарозе яны павінны былі змагацца з ворагамі, якіх сустракалі на сваім шляху. Аднак гэты перыяд пастаяннай няпэўнасці, небяспекаў яны лічылі благаславенным, шчаслівым. Чаму? Бо з перспектывы часу выразна яны бачылі, што гэта была пара блізкасці Бога і Яго апекі. Ён не пакінуў іх ніколі. А самым важным знакам вернасці Творцы было Права, якое яны атрымалі на гары Сінай – гэта была не падараваная манна ці вада са скалы, ці перапёлкі. Ані выйграныя бітвы, ані цудоўны пераход цераз Чырвонае мора, але менавіта Права было пацвярджэннем прысутнасці Бога! Нягледзячы на мінулыя гады габрэі могуць быць для нас узорам таго, як разумець, адчуваць і як цешыцца прысутнасцю Бога ў жыцці. Прычынай гэтай радасці не абавязкова павінны быць нязвыклыя падзеі, цуды, але ў нашым выпадку сам Езус Хрыстус, які стаў для нас Правам Новага Запавету.Гэта Святы Дух садзейнічае таму, што ў нас ёсць шанс зразумець і памятаць пра гэта, а тады мы не будзем нічога больш жадаць.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.