ГРОДНА
Серада,
17 красавіка
2024 года
 

Ці лёгка - любіць сябе?

На шляху да святасці

Назіраючы за духоўным ростам і ўнутранай барацьбой розных людзей, можна заўважыць, што падставай шматлікіх духоўных праблем амаль што кожнай асобы з’яўляецца адна і тая ж з’ява: нелюбоў да сябе.
Многія хрысціяне, павесіўшы на выраз “любоў да сябе” ярлык “эгаізм”, імкнуцца любіць усіх і ўсё навокал, але баяцца пытання: “Ці ты любіш сябе?” Яшчэ больш здзіўляе многіх вернікаў тэкст Святога Пісання (пар. Mц 22, 37–40), дзе фундаментальная запаведзь любові Бога і бліжняга ставіцца ў залежнасць (!) ад любові чалавека да самога сябе. Іншымі словамі, чалавек любіць Бога і бліжняга так, як самога сябе. Хто не любіць сябе, той не здольны любіць іншых.
    Але што значыць любіць сябе? І чым любоў да сябе адрозніваецца ад эгаізму? Любоў — гэта пазітыўнае пачуццё няспыннага адкрыцця. Эгаізм — гэта негатыўнае пачуццё няспыннага замыкання. Любоў акрыляе, а эгаізм прыгнятае. Любоў бясстрашна адкрывае далягляды, а эгаізм панічна баіцца азірнуцца навокал. Любоў імкнецца дзяліцца перапаўняючым яе багаццем адкрытага, а эгаізм палохаецца выпусціць з рук тое, за што ўчапіўся. Любові заўсёды спадарожнічае свабода духу, а эгаізму — страх няволі. Гэта - настолькі розныя падыходы да жыцця, што немагчыма любіць і быць эгаістам адначасова. Чым больш чалавек узрастае ў любові, тым менш у ім эгаізму. Чым больш мы напоўнены любоўю, тым больш у нас шансаў па-сапраўднаму любіць Бога і бліжняга.
Яшчэ перад тым, як чалавек пачынае існаваць, ён ужо жаданы і любімы Богам. Творца пажадаў, каб мы пачалі існаваць і так адбылося. Пасля нараджэння дзіцяці бацькі могуць працягнуць гэты Божы працэс, паказваючы дзіцяці словам і справай, што яно - любімае і жаданае. Але тыя ж бацькі і выхавацелі могуць дэфармаваць любоў, ставячы дзіцяці ўмовы, або ўвогуле заблакіраваць душу дзіцяці на любоў. “Будзеш добрым, калі..., будзеш любімым, калі...”. У свядомасці дзіцяці фарміруецца перакананне, што яго будуць любіць, калі яно выканае нейкія ўмовы. А калі не ўдаецца выканаць, значыць яно - нелюбімае. “Я дрэнны, — думае малы чалавечак, — бо, каб быць добрым, трэба выконваць умовы, а ў мяне не атрымліваецца, я – нічога не варты”. На гэтым механізме няправільнага выхавання ўсю працу злога духу выконваюць выхавацелі, пераконваючы дзіця ў тым, што яго маглі б любіць, калі б яно выконвала нейкія дзеянні, а калі не — яно не варта любові. Пасля толькі сатана накручвае ў чалавеку гэты механізм, калі пасля кожнай жыццёвай няўдачы ў душы рэхам ён паўтарае словы бацькоў і выхавацеляў з дзяцінства: “Ты дрэнны, няздольны, у цябе не атрымаецца”.
    У жыцці многіх людзей страх быць нелюбімым і адкінутым становіцца ўнутраным маторам іх пакутніцкага шляху. Гэты ўнутраны страх прымушае чалавека ўвесь час неўратычна заяўляць аб сабе, зарабляць грошы, рабіць кар’еру, цяжка працаваць, павялічваць сваю маёмасць. Перакананне ў сваёй няякаснасці змушае чалавека да яе колькаснай кампенсацыі. Менавіта ў гэтым жаданні кампенсаваць свой “пакутніцкі лёс” хаваецца пачатак многіх грэшных залежнасцяў і схільнасцяў людзей. Пацешыць сябе гарэлкай, ежай, наркотыкамі, сексам. Чым большая нелюбоў да сябе, тым большае жаданне да самасуцяшэння. Чым большая нелюбоў да сябе, тым большая да сябе пагарда і жаданне ўцячы ў свет віртуальнай рэальнасці, заглушыць “пакуты” кайфам, дэцыбеламі, дасягненнямі. Але гэтыя колькасныя ўцехі, як бы ні паглыбляць іх інтэнсіўнасць, маюць свае межы. Чалавек таксама мае свае межы вытрымкі. Застаюцца дзве магчымасці: або пачаць сябе ратаваць, або пагрузіцца ў вечнае пекла самазнішчэння. Узыходжанне да паўнаты жыцця чалавека пачынаецца з адкрыцця любові. Не той дэфармаванай любові, якую чалавек часам адкрывае ў сабе ці ў іншых людзях. Але дасканалай любові Бога, які жадаў, каб ён існаваў, і жадае гэтага няспынна. Калі ў душы хрысціяніна рэхам адгукаюцца не праклёны, але - Божае, Айцоўскае: “Ты Мой сын (дачка) узлюбены (-ая)...” (пар. Мц 3, 17), тады ніякія зласлоўі не змогуць усхваляваць яе ўнутраную вартасць. Крыніца любові чалавека да сябе таіцца ў адкрыцці таго сапраўднага “я”, якое Бог бачыць і любіць у чалавеку. Парадокс заключаецца ў тым, што ніхто акрамя самога Бога не ведае нас сапраўдных. Людзі, маючы дэфармаваны вобраз самога сябе, дазваляюць сябе нелюбіць. А Бог, ведаючы сапраўдны вобраз кожнага чалавека, не перастае яго любіць. Ці не варта было б часта ў малітве пытацца ў Бога: “Пане, што Ты любіш ува мне, бо перад маімі вачыма стаіць толькі мой грэх. Адкрый мне, якім я ёсць сапраўды, таго, у каго Ты не перастаеш верыць і любіць. Дапамажы мне ўмець адрозніваць сябе ад грахоў. Дапамажы мне адрозніць мой ілжывы вобраз сябе ад таго, што ўва мне Тваё і праўдзівае”.
    Адкрыццё любові Бога да нас адкрывае любоў да нас саміх. Пераход ад няспыннага пошуку хібаў і параўнанняў з іншымі адкрывае вочы на рэальнае дабро. Пазітыўны рэалізм — гэта пакліканне кожнага хрысціяніна. Многія нехрысціянскія мысліцелі, знаходзячы глыбінную крыніцу чалавечых праблем у негатыўным вобразе самога сябе, прапаноўваюць ствараць пазітыўны вобраз свайго “я”. Гэта зноў тупіковы шлях з крайнасці ў крайнасць. Хрысціянства заклікае нас не ствараць, але адкрываць. Бог — адзіны Творца. Ад нас Ён чакае толькі аднаго: каб мы адкінулі ўсе штучныя вобразы і пачалі адкрываць прыгажосць Яго любові, якая ўцелавілася ў кожным чалавеку.
    Адкрыццё таямніцы Божай любові ў сваім жыцці дазваляе чалавеку іншымі вачыма паглядзець на сябе і сваю штодзённасць. “Калі Бог так моцна любіць мяне, то што Ён любіць ува мне?”. Шчыры пошук Божага і пазітыўнага ў сваім “я” — гэта ўжо першыя крокі адкрыцця, а не замкнёнасці, пошуку рэальнага і якаснага дабра, а не нейкіх штучных і віртуальных замяняльнікаў. Адкрыццё багацця ўласнай асобы напаўняе чалавека пачуццём годнасці і вартасці. Усведамленне каштоўнасці і таямнічасці чалавечай душы, якая можа быць замазана грэшнымі маскамі, адкрывае шлях да пошуку сапраўднага Божага вобразу ў бліжнім. І тады чалавек не канцэнтруецца на грахах іншай асобы, але шукае шляхоў, як дапамагчы ёй адкрыць багацце яе адмысловага Божага вобразу. І тады яшчэ больш такі чалавек разумее самога Бога, які няспынна імкнецца прабіцца праз тоўшчу нашых страхаў і нелюбові, каб, разарваўшы путы грахоў, адсланіць чалавеку прыгажосць таго, што было задумана і створана Любоўю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.