ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Гэта дадзена ёй Творцам

На шляху да святасці

Мама – гэта самае першае слова і найдаражэйшае імя, увасабленне бескарыслівай любові і бязмежнай самаахвярнасці, гэта непахісная вернасць. Маці – гэта чалавек, які надае слову “люблю” найпаўнейшы змест.У жыцці можна мець мноства сяброў, але самым верным і надзейным - застанецца маці.
З фрагменту ліста чытача
Евангеліст св. Лука расказвае пра тое, як Езус затрымаўся ў гасцінным доме Марты і Марыі (Лк 10, 38 – 42). Марыя села ля ног Пана і ўслухоўвалася ў Яго словы. З яе паставы выпраменьваўся якісьці супакой, засяроджанне. Марыя цалкам сканцэнтравана на Езусе, на Яго слове. Марта ж насупраць “завіхалася старанна ва ўсякай паслузе” (Лк 10, 40), каб адпаведна ўшанаваць госця. Аднак гэтая праца яе так паглынула, што яна пачала абурацца: “Госпадзе, хіба няма Табе справы, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла” (Лк 10, 40). Гэтыя словы ілюструюць унутраны хаос Марты. У яе словах можна распазнаць многае з нашых людскіх прэтэнзій, у тым ліку і жаночых - да Бога і людзей: усё ляжыць на маёй беднай галаве, ніхто не жадае мне дапамагчы, нават Бог здаецца раўнадушны да майго лёсу. Езус адказвае Марце, а заадно і ўсім сучасным Мартам: “...Пра многае ты рупішся і клапоцішся...” (Лк 10, 41). Як бы Ён хацеў сказаць: “Я ведаю твой свет: дом, дзеці, муж, праца... Я знаю, што табе нялёгка з усім гэтым”.
Міналі стагодзі, змяняліся палітычныя лады і грамадскія звычаі, у многіх еўрапейскіх краінах змянялася таксама грамадская пазіцыя жанчынаў. Яны атрымалі незалежнасць. Здабылі новыя правы: могуць атрымліваць адукацыю, працаваць і зарабляць грошы, актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. Больш таго, гэтыя справы для ўсё большай колькасці жанчынаў складаюць вялізную крыніцу задавальнення, нават большага, чым сям’я і дом. А калі ідзе размова пра кар’еру, то тут жанчыны пачынаюць раўнавацца з мужчынамі. Прыгожая палова чалавецтва пераймае паволі іх “абавязкі”, пра што раней нельга было нават і падумаць. У іх ёсць гэтае “сваё” права, якое дае ім магчымасць, а дакладней прыводзіць да таго, што ў многіх краінах Заходняй Еўропы і ў ЗША жанчыны не хочуць цяпер нараджаць і выхоўваць дзяцей. Гэтым яны не прызнаюць самую важную ролю, якую ім вызначыў Творца: быць маці. Але нельга ашукаць прыроду. Пасля заканчэння кар’еры ў сэрцы і душы такіх жанчынаў абуджаецца туга, “прачынаецца” мацярынскі інстынкт, які глыбока “драмаў”, але – вельмі позна ўжо мець свае ўласныя дзеці. Амаль кожная маці (пасля нараджэння дзіцяці) адчувае тое надзвычайнае пачуццё, якое можна параўнаць з цяплом промняў узыходзячага летняга сонца: гэта пачуццё ўсёабдымнай любові і новага жыцця.
    З пачатку мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца дзень Маці, які з’яўляецца адлюстраваннем павагі да той місіі жанчыны, чым ёсць мацярынства, для яе самаахвяравання і высілку пры выхаванні дзяцей і захаванні сям’і. І далей жывуць жанчыны, прыярытэтам якіх з’яўляецца нараджэнне і выхаванне дзяцей, клопат пра мужа, турботы пра дом і гаспадарку. Сёння гэтая роля жанчынаў не падверглася пратэрміноўцы. Трэба звярнуць увагу на той факт, што Беларусь – гэта край, дзе і далей існуюць моцныя стэрэатыпы ў сферы падзелу роляў і абавязкаў жанчынаў і мужчынаў. Нярэдка яшчэ прыгожая палова чалавецтва асацыіруецца ў нашым грамадстве перш за ўсё з жанчынай, якая трымае сумку з пакупкамі ў адной руцэ, а другой - дзіцячую ручку – і гэта ў дадатак да таго, што яна вяртаецца дадому пасля цяжкай працы. Змены ў грамадскім статусе жанчынаў выкліканы былі не імі самімі, але эканамічнымі рэаліямі, якія прымушаюць зарабляць грошы мужа і жонку. У выніку, як правіла, жанчына займаецца прафесійнай дзейнасцю, апрача выканання сваіх звыклых дамашніх працаў. Практычна гэта азначае для жанчынаў толькі тое, што яны выконваюць большую колькасць працаў. Заўжды жанчына асацыіравалася з домам, дзецьмі і няма нічога дзіўнага, што кожная з іх хацела б быць найлепшай ва ўсіх сферах дамашняй працы. Аднак ці не плацяць жанчыны ўзамен за працу (як крыніцу заробку) вельмі высокую цану? Жанчыны адчуваюць усё большае фізічнае і псіхічнае стамленне, страчваюць у некаторым сэнсе сваю жаноцкасць, знікае іх далікатнасць, некаторыя становяцца менш чулымі, а нават агрэсіўнымі.
    Кожны чалавек мае свабодны выбар. Людская істота атрымала яго ў якасці падарунка ад Бога і паводле свайго меркавання можа выбіраць дабро ці зло. Як жанчыны, так і мужчыны павінны пастаянна рабіць выбар. Недастаткова нарадзіцца жанчынай. Трэба яшчэ няспынна задаваць сабе пытанне: “Якой я хачу быць жанчынай?” Напэўна, многім сучасным жанчынам спатрэбіўся б удзел у рэкалекцыях, прысвечаных растлумачэнню значэння словаў: эгаізм, любоў, ахвяраванне, цярплівасць, талерантнасць. Няправільнае іх разуменне садзейнічае таму, што жанчыны мучаюцца, чакаючы ўзамен любові, увагі, добрага слова, каб заўважылі іхні высілак і іхнюю асобу. Але многія з іх не атрымліваюць гэтага, таму што пры ўсёй паспешнасці і няспыннай працы забываюць навучыць блізкіх пачуццю ўдзячнасці. Гэтаму не вучаць жанчыны, якія адчуваюць сябе самадастатковымі і вельмі незалежнымі. Але нягледзячы на гэта кожная з жанчынаў мае патрэбу быць неабходнай камусьці. А паходзіць гэта з прызначэння і ролі, якую вызначыў для яе Бог. Можна сказаць, што дапамагаць каму-небудзь упісана ў жаночую прыроду, але Касцёл дадае, што гэта павінна быць узаемадапамога, не аднастаронняя. Гэта вынікае з усяго навучання Хрыста. Ян Павел II падкрэсліваў не адзін раз, што ўжо на першых старонках Бібліі ёсць згадка пра роўнасць жанчыны і мужчыны. У катэхізісе каталіцкага Касцёла запісана, што мужчына і жанчына маюць такую ж самую годнасць, яны былі створаны па Божаму вобразу. Аднак як жа часта муж не толькі не дапамагае сваёй жонцы, але насуперак – становіцца для яе і сям’і цяжарам, клопатам. А жанчына стараецца ўсё гэта вытрымаць для захавання сям’і, стараецца змяніць свайго мужчыну ў лепшы бок. Як жа многім яна расплачваецца за гэта! Жанчына, верная прынцыпам сваёй хрысціянскай рэлігіі, нагадвае тады Маці Езуса – Марыю і ў Ёй шукае падтрымкі ў малітве. Пакора Марыі, Яе давер Богу, працавітасць і чысціня павінны быць узорам паводзінаў для кожнай хрысціянкі. Папа Ян Павел II напісаў у пасланні да жанчынаў: “Найпаўнейшае адлюстраванне “жаночага генія” Касцёл бачыць у Марыі і знаходзіць у Ёй крыніцу няспыннага натхнення. Марыя назвала сябе Божай служанкай. Дзякуючы паслухмянасці Божаму слову, Яна прыняла прывілеяванае прызванне (зусім нялёгкае) жонкі і маці сям’і з Назарэту. Аддаючы сябе службе Богу, Яна аддала сябе таксама і службе людзям: службе любові”. Менавіта таму з такім вялікім даверам аддаюць сябе пад апеку Марыі маці, бабулі, сёстры, якія паломнічаюць да Вастрабрамскай Божай Маці, у санктуарый да Тракельскай Божай Маці, у санктуарый да Яснагурскай Божай Маці, якая цярпліва нас слухае на пагорак Надзеі ў Капцёўку. Яны моляцца да сваёй Апякункі перад гэтымі святымі абразамі за здароўе для сем’яў, поспех для сваіх дзяцей, стойкасць і мудрасць, каб даць рады ўсяму падчас зменлівасцяў лёсу.
    Езус так адказаў на скаргу Марты, што сястра не дапамагае ёй: “Марта, Марта, пра многае ты рупішся і клапоцішся, а адно толькі патрэбна. Марыя выбрала найлепшую долю, якая не будзе аднята ў яе” (Лк 10, 42). Як зразумець гэтыя словы Езуса? Чым жа ёсць гэтае “адно”, чаго не хапала Марце? Ідзе размова не пра штосьці, але пра Кагосьці. Пра Бога. Самае важнае ў жыцці - не размінуцца з Ім.Толькі дзякуючы Яму ўсякая нашая чалавечая праца мае сэнс, мае правільны “смак”. Не толькі цела патрабуе догляду, але і душа. Неабходны хвіліны, калі мы перастаём бегаць, нарэшце садзімся і размаўляем з Тым, хто любіць нас найбольш за ўсё на свеце, з Тым, адлюстраваннем любові якога з’яўляецца неабмежаваная любоў маці да свайго дзіцяці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.