ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

У маі - з Ларэтанскай літаніяй

З жыцця Касцёла

У Касцёле май з’яўляецца перыядам асаблівага ўшанавання Божай Маці. Падчас гэтага цудоўнага месяца мы збіраемся ў касцёлах і ў прыдарожных каплічках на маёвыя набажэнствы, каб разам праслаўляць Бога і Яго Маці.
Ларэтанская літанія – цэнтральная частка маёвага набажэнства - цудоўны гімн дзеля ўшанавання Марыі, дзе праслаўляюцца Яе вялікія цноты і прывілеі, якімі Бог адарыў Яе. Мы звяртаемся да Багародзіцы, якая адначасова з’яўляецца і нашай Маці, самымі рознымі назвамі. У гэтых закліках заключаны глыбокі тэалагічны змест. Яны паказваюць самыя розныя адценні таямніцаў жыцця і веры Марыі. А раздумваючы над імі можна пазнаць пэўныя праўды веры і ўшаноўваць нашую Валадарку неба і зямлі. Штодзённае спяванне ці адгаворванне Ларэтанскай літаніі з’яўляецца дасканалай магчымасцю медытацыі і роздуму над тым, кім ёсць для нас Марыя і як Яна садзейнічае нашаму духоўнаму і асабістаму росту. Мы, адорваючы Марыю шматлікімі назвамі, выражаем тым самым нашыя патрэбы і душэўны стан, а таксама сваю актуальную жыццёвую сітуацыю. Безумоўна, падчас маёвага набажэнства складана паглыбіцца ў змест паасобных прызываў да Марыі. Аднак, калі чалавек моліцца самастойна, то можна паспрабаваць паразважаць хоць над некаторымі з іх. Тады глыбей мы пазнаём усё жыццё Найсвяцейшай Маці і ўсё тое, што Яна робіць для нас тут на зямлі і здзейсніць у будучым жыцці.
З першых стагоддзяў хрысціянства вернікі ўшаноўвалі Божую Маці як самую найбліжэйшую Хрысту асобу, як сведку Яго нараджэння і смерці. З тэксту Евангелля вынікае, што Яна цешылася яшчэ пры жыцці павагай вучняў і прыхільнікаў Хрыста, якія належалі Ёй як Божай Маці. Ужо ў V ст. на Усходзе збіраліся і спявалі песні дзеля Яе ўшанавання. Маёвае набажэнства, якое нам добра вядома і многія яго любяць, бярэ свае вытокі з Захаду. І хоць у многіх заходніх краінах традыцыя ажыццяўлення маёвых набажэнстваў ужо адмерла, але ў нас яны карыстаюцца нязменнай папулярнасцю.
    У канцы XIII ст. пачатку XIV ст. у заходнім Касцёле паўстала ідэя: прысвяціць месяц май Марыі. Іспанскі кароль Альфонс X быў яе аўтарам. Аднак найбольшым апосталам маёвых набажэнстваў лічыцца езуіт а. Музарэллі. У 1787 г. ён выпусціў брашурку, дзе прапагандаваў маёвае набажэнства і разаслаў яе ўсім італьянскім біскупам. Пій VII дадаў адпусты да гэтага набажэнства. У 1859 г. падчас пантыфікату благаславёнага папы Пія IX дайшлі да нас таксама Ларэтанская літанія, навучанні святара, а таксама благаславенне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
    Вернікі паўтараюць пасля кожнага закліку Ларэтанскай літаніі такія словы: “Маліся за нас”. Гэта паказвае адну важную праўду: пасрэдніцтва Марыі, таму што Яна – чалавек, выбраны Богам, супрацоўнічае дасканалым чынам з Божай ласкай і не марнуе ні адзін Божы дар. Аднак сама па сабе Найсвяцейшая Маці не можа нам нічога даць. Як Божая Маці Марыя можа выпрасіць многае для нас у Бога. Мы звяртаемся да Яе ва ўсіх жыццёвых сітуацыях: у радасці, у смутку, у гадзіны болю, сумненняў і роспачы, але і адначасова – у самыя шчаслівыя і радасныя моманты нашага жыцця. Гэтыя нашыя любоў і асаблівы давер да Марыі вынікаюць перш за ўсё з таго, што Яна была адной з нас, але і адначасова – выбранай сярод людзей. Марыя перамяніла сваё штодзённае жыццё ў святое, цалкам паддадзенае Божай волі і супрацоўніцтву з Божай ласкай. Яна самарэалізавалася ў службе Богу, людзям і свету.
    У народнай пабожнасці Марыя мела заўжды канкрэтныя і вельмі чалавечыя рысы. З тэксту Евангелля можна зрабіць вывад: што Яе характарызавалі сціпласць, працавітасць, мяккасць, здольнасць да развагаў. Гэта была жанчына, якая дасканала злучала сямейнае жыццё з грамадскім, Яна мела цэльны характар, была вельмі духоўна багатым чалавекам. Для нас Марыя з’яўляецца ўзорам маральнай чысціні і пэўнай Апякункай ва ўсіх патрэбах. Яна ведае нашыя боль, цярпенне і ўсе чалавечыя турботы. Марыя з’яўляецца прыкладам і апорай для ўсіх вернікаў. Яна дадае нам сілаў і бадзёрасці, каб мы не трацілі даверу перад абліччам цяжкасцяў і непазбежных праблемаў штодзённага жыцця. Марыя дае нам прыклад, як трэба любіць, вучыць нас заўважаць Бога ў кожным чалавеку і служыць Яму, выконваючы Яго волю і дапамагаючы бліжнім.
    Праслаўляючы Марыю, на самай справе мы любім бязмежна Бога – гэта аснова хрысціянскага культу, у цэнтры якога знаходзіцца заўжды Хрыстус, наш Адзіны Пасрэднік перад Богам. Ушанаванне Найсвяцейшай Марыі Панны грунтуецца на тым, што Яе любяць, аказваюць Ёй удзячнасць пасля таго, як Яна дапамагла, але перш за ўсё – на перайманні Яе святасці, дасканаласці і супрацоўніцтва з Божымі ласкамі. Прыклад жыцця Багародзіцы паказвае нам правільны напрамак нашага жыцця. Калі чалавек выконвае Божую волю, супрацоўнічае з Яго ласкай і кіруецца ў сваіх чынах Божымі запаведзямі, то ўсё гэта вядзе чалавека да нязвыклай велічы.
    Скарбніца малітвы Касцёла – вялізная і трэба карыстацца ўсім яе багаццем. Кожны год у маі вернікі збіраюцца ў касцёлах і каплічках, каб праслаўляць Божую Маці. Вясенняя прырода, якая абуджаецца да жыцця, птушыны спеў дасканала сугучны з тым, што кожны з нас перажывае ў нашых сэрцах. Давайце ж даверым Марыі ўсе нашыя планы, радасці і турботы. Заўжды Яна выслухае даверлівую малітву сваіх дзяцей і клапатліва апякуецца ва ўсіх жыццёвых сітуацыях.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.