ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Езус - мой настаўнік

На шляху да святасці

Адкуль бяруць свой пачатак дні Моладзі? Дваццаць пяць гадоў таму 29-31 мая 1985 году ў Рыме адбылася Сусветная сустрэча моладзі, арганізатарам якой быў папа Ян Павел ІІ. Так Касцёл святкаваў Міжнародны год моладзі, арганізаваны ААН. Напярэдадні з’езду 8 снежня 1984 г. папа Ян Павел ІІ накіраваў пасланне да маладых людзей на Сусветны дзень міру. Святы Айцец запрасіў маладых у Пальмовую нядзелю ў Рым на Сусветную сустрэчу моладзі. На гэты заклік адказала 350 тысяч маладых людзей з 70 краінаў свету. Дэвізам гэтага вялікага форуму былі словы: “Госпада Хрыста асвячайце ў сэрцах вашых і будзьце заўсёды гатовыя абараніцца перад кожным, хто патрабуе ад вас адказу аб той надзеі, якая прабывае ў вас” (1 П 3, 15). З нагоды году Моладзі Папа Рымскі выпусціў у свет апостальскі ліст да моладзі. Гэта быў першы такога тыпу дакумент, скіраваны выключна да маладых людзей. Пасля Сусветнага дня моладзі ў Рыме Ян Павел ІІ вырашыў абвяшчаць, пачаўшы з 1986 году Сусветныя дні моладзі.
Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі бяруць свой пачатак у 1993 годзе, калі біскуп Аляксандр Кашкевіч, па прыкладу Святога Айца Яна Паўла ІІ, вырашыў прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. Першы з’езд адбыўся ў маі 1993 г., а з той пары штогод каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву. Апошнія пяць гадоў ксёндз Антоній Грэмза, каардынатар па справах моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, з’яўляецца арганізатарам Дыяцэзіяльных дзён моладзі. Месцам правядзення з’ездаў з’яўляюцца цэнтры дэканатаў, якія звычайна супадаюць з раённымі цэнтрамі вобласці. Арганізатарамі маладзёжнага з’езду на месцы з’яўляюцца пробашч мясцовай парафіі або дзекан, а сёлета - айцец Вітальд Пятэльчыц, пробашч касцёла імя Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і святой Тэрэзы з Авіля ў Шчучыне. З моладдзю сустракаецца біскуп Аляксандр Кашкевіч, а раней прыязджаў таксама біскуп Антоній Дзям’янка.
    Дыяцэзіяльныя дні моладзі вандруюць з горада ў горад: Гродна, Ваўкавыск, Смаргонь, Сапоцкін, Ліда, Іўе і іншыя населеныя пункты былі месцамі правядзення маладзёжных сустрэчаў. Для маладых людзей гэта - добрая магчымасць пазнаць сваю Радзіму, пазнаёміцца з гістарычнымі каштоўнасцямі Гродзеншчыны.
    Моладзь часта стаіць на раздарожжы, не ведае, што трэба рабіць: выконваць Божыя запаведзі або пайсці ўслед за сваімі жаданнямі? Як спалучыць маладому чалавеку свецкае штодзённае жыццё з часам кансерватыўнымі, на яго погляд, патрабаваннямі Евангелля і Касцёла? Як заспакоіць гарачую маладую кроў сённяшняй моладзі, накіраваць яе сілы на добрыя карысныя чыны? Падчас дзён Моладзі можна знайсці адказы на гэтыя пытанні.
    Менавіта маладыя людзі бяруць на сябе адказнасць за правядзенне з’ездаў. Каб не было валанцёраў, то не было б і гэтых мерапрыемстваў. Гэтая праца ўжо з’яўляецца сведчаннем аб веры, прыкладам для менш актыўнай моладзі. Адзінства, радасць, цікавае правядзенне часу – тое, што падабаецца кожнаму маладому чалавеку - усё гэта, злучанае з малітвай, прыносіць яшчэ большы плён. Дні моладзі аб’ядноўваюць у сабе шчырую малітву, цікавае навучанне, вясёлыя песні і забавы, новыя знаёмствы і цудоўны прыклад для пераймання ва ўласным жыцці. Але... аб усім па-парадку.
    Штодзённа будзе магчымасць прыняць удзел у св. Імшы, памаліцца, удзельнічаць у маёвым набажэнстве, паслухаць казанне біскупа. Адказы на свае пытанні можна знайсці ў свайго роду катэхеза ў катэхезе - гэта вельмі цікавая форма навучання. Моладзь дзеліцца на групы (у гэтым годзе іх будзе 8) і разважае над адной праблемай. Тэмы мінулагодніх катэхезаў: дары Святога Духа, 10 Божых запаведзяў. Потым усе збіраюцца на агульны сход, дзе можна падзяліцца сваімі ўражаннямі.
    Многа часу будзе адведзена знаёмствам, а магчымасцяў для гэтага – вялікая колькасць. На Дыяцэзіяльныя дні моладзі прыязджае 800-1000 чалавек, якіх размяшчаюць па сем’ях. Кожная парафіяльная група можа паказаць сябе: расказаць, якія маладзёжныя акцыі ў іх праходзяць, чым яны займаюцца. На з’ездзе можна ўбачыць тэатральныя пастаноўкі: як падрыхтаваныя так і спантанныя. На канцэртах выступаюць музычныя групы: “Kairos”, “Oremus”, “Ave” і “Vokalis”.
    Тэма сёлетніх Дыяцэзіяльных дзён моладзі: “Езус Хрыстус - мой настаўнік”. Падчас катэхезаў можна будзе паразважаць аб васьмі Божых благаславеннях. Напэўна, прыедзе біскуп Аляксандр Кашкевіч. А вось прыбудзеце вы ці не - гэта залежыць выключна ад вас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.