ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Нядзеля, 19 жніўня 2018 года

Наступны нумар газеты чытайце з 9 верасня

«Каб атрымаць доступ да сэрца Езуса, трэба давяраць Яму»
/ Папа Францішак /

Нялёгкія адказы на складаныя пытанні

З жыцця Касцёла

9 красавіка б.г. госцем нашай рэдакцыі быў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Карыстаючыся нагодай, я задаў мітрапаліту некалькі пытанняў, якія датычылі яго сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі і жыцця Касцёла ў Мінску.
- Пасля Велікодных святаў ксёндз-арцыбіскуп сустрэўся з Прэзідэнтам Беларусі. Ці гэта была Ваша першая сустрэча?
    - Не, гэта была ўжо трэцяя сустрэча. Першая ж адбылася ў 2008 годзе, другая – у 2009 г.
    - Хто быў ініцыятарам гэтай сустрэчы?
    - Прэзідэнт.
    - Дзе яна прайшла?
    - У катэдры ў Мінску.
    - Якая была яе мэта?
    - Прэзідэнт хацеў паглядзець катэдру. Ён цікавіўся, як мы адзначалі святы. Заўжды для такіх сустрэчаў мы падрыхтоўваем стэнды. А на гэты раз былі падрыхтаваны тры стэнды. Адзін з іх датычыў жыцця Касцёла: паломніцтвы, працэсія Божага Цела, Трыдуум, а таксама - Велікодныя святы. Другі стэнд быў прысвечаны дзейнасці Карытас і дабрачыннасці, што вельмі зацікавіла Прэзідэнта: яму мы прадставілі даныя аб тым, у якой ступені нашая дыяцэзія дапамагла людзям у мінулым годзе, а гэта была дапамога на суму звыш 200 тысяч еўра. Трэці стэнд быў прысвечаны выдавецтву “Pro Christo”. Пасля знаёмства з інфармацыяй, якая была адлюстравана на трох стэндах, прайшла нашая сустрэча.
- Ці можна гаварыць, што гэтыя сустрэчы ўвайшлі ў традыцыю і плануюцца наступныя?
    - Мне цяжка адказаць на дадзенае пытанне: гэта залежыць ад Прэзідэнта, таму што ініцыятыва паходзіць ад яго адміністрацыі.
    - Ці неабходны такія сустрэчы?
    - Так, вельмі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з прадстаўнікамі праваслаўнай Царквы, прыходзіць таксама і да нас. Усё гэта ўказвае на тое, што каталіцкі Касцёл займае значнае становішча ў нашай дзяржаве.
    - Ці падчас сустрэчы былі закрануты якія-небудзь канкрэтныя пытанні?
    - Перш за ўсё – будаўніцтва касцёлаў. І тут ішла размова канкрэтна пра г. Мінск. Прэзідэнт цікавіцца гэтым, я, безумоўна, растлумачыў, як выглядае сітуацыя. Пазней былі закрануты справы будаўніцтва курыі ў Мінску. Уздымаліся пытанні пра бернардынскі кляштар у Мінску. А гэта для мяне - “балючая” тэма: цяпер там задумалі рабіць якуюсьці гасцініцу, хоць раней ішла размова пра тое, што тут будзе размяшчацца музей, таму мы закранулі таксама гэтае пытанне. Але яшчэ не вядома, як будзе яно вырашана. Ізноў будуць даследаваць дадзеную справу. Гэта – самы старажытны будынак у горадзе і сёння яго нельга проста перарабіць ці знішчыць і не зберагчы для нашчадкаў – гэта важна, нават, з гістарычнага пункту гледжання. А для нас важна таксама і тое, што тут жылі манахі: у пэўным сэнсе гэтае месца – святое для нас і каб пазней зрабіць там якія-небудзь забаўляльныя мерапрыемствы - гэта вельмі далёка адыходзіць ад мэты.
    - Ці будзе ў Мінску новая курыя? А калі – так, то дзе? Ці знойдзена ўжо месца для будынка?
    - Пляцоўка ёсць, але да яе трэба прыкласці шмат працы. Новая курыя паўстане за катэдральным касцёлам.
    - Ці будуць новыя пляцоўкі для будаўніцтва касцёлаў у Мінску?
    - Напэўна, будуць. У мінулым годзе мы атрымалі на гэта дазволы. Я спадзяюся, што ў гэтым годзе таксама будуць згоды на будаўніцтва.
    - Ці гэтыя пляцоўкі звязаны з новымі мікрараёнамі?
    - Так. Сёння ідзе размова пра тое, што трэба будаваць касцёлы ў новых мікрараёнах, таму што рабіць гэта ў цэнтры – няма сэнсу, бо тут жыве мала людзей. На працягу некалькі гадоў я наведваў касцёлы ў Вялікую суботу, каб асвяціць ежу. І мы ездзім ужо з біскупам Антоніем. У Мінску ёсць 12 месцаў, дзе цэлебруюцца св. Імшы. Сёння ў нас ёсць 4 касцёлы, ужо - 3 капліцы, а чацвёртая капліца знаходзіцца на этапе зацвярджэння ўладамі, што наступіць ужо ў хуткім часе, а таксама - іншыя месцы супольнай малітвы. Мы бачым, як там ёсць мноства вернікаў. Я думаю, што ў гэтым годзе з’явяцца два новыя месцы для будаўніцтва святыняў. Што датычыць аднаго з іх, то я абмеркаваў ужо канкрэтна з Прэзідэнтам, а другое месца для будаўніцтва касцёла яшчэ шукаюць.
    - Пляцоўка ёсць, праект святыні ёсць, але, напэўна, яшчэ трэба яе пабудаваць?
    - Так. Трэба яшчэ пабудаваць. Я раблю ўсё, каб атрымаць дазвол, але, аднак, я не буду будаваць. Увесь гэты час да нас паступала дапамога з-за мяжы, але зараз яе становіцца ўсё менш, таму што ёсць больш бедныя краіны, здараюцца розныя катаклізмы, калі людзям трэба дапамагаць. А мяне ўвесь час пытаюць: “Калі ж будзе пабудаваны касцёл у Лошыцах? Калі – у Каменнай Горцы?” А я адказаю: “Калі вы пабудуеце”. Людзі павінны будаваць: хай кожны даў бы хоць паўцэнта на будаўніцтва касцёла, асабліва тыя, хто маюць дамы, як палацы, і тады мы будзем разам будаваць. Хто будаваў катэдру ў Мінску ці ў Гродне? Людзі! У тыя часы не было дапамогі з-за мяжы. Таму ў гэтай справе трэба больш удзельнічаць: брацца за працу і дапамагаць. Калі ў вас няма грошай, то хоць бы ў свабодныя суботы прыдзіце да касцёла, каб там папрацаваць, нават, цэглу прынесці ці выканаць іншую працу – ужо будзе лепш. Я памятаю катэдру ў г. Гродне ў 1988 г.: павінен быў прыехаць прымас Польшчы, а катэдра стаяла ў рыштаваннях. У тыя часы трэба было людзям заплаціць 20 тысяч рублёў, каб яны ўсё зрабілі, а ў мяне ў парафіяльнай касе было толькі некалькі рублёў. І вось прыходзіць да мяне адзін чалавек і кажа: “Няхай ксёндз абвясціць людзям, што трэба дапамагчы.” Я так і зрабіў. І вось прыйшлі людзі і мы разам зрабілі ўсе неабходныя работы: атынкавалі, знялі рыштаванні... Людзі працавалі, бо ім гэта было неабходна. І сёння на гэта глядзяць крыху інакш. Аднак не для біскупа, не для ксяндза будуюць касцёл, але для вас, вашых дзяцей і ўнукаў. Калі б нашыя продкі гэтага не рабілі б, то ў нас не было б касцёлаў. Вернік павінен дапамагаць у будаўніцтве святыні.
    - Ці будзе створаны ў Мінску які-небудзь санктуарый?
    - Ідзе гаворка пра стварэнне санктуарыя імя Божай Міласэрнасці, якім бы кіравалі міхаліты. Ужо ёсць пляцоўка, амаль дабудавана капліца.
    - Скажыце, калі ласка, ці дзяржава ставіць якія-небудзь патрабаванні да будаўніцтва святыні? Ці ёсць якія-небудзь тэрміны?
    - Канкрэтна не акрэсліваецца, як доўга павінна будавацца святыня, аднак, зразумела гаворыцца пра тое, каб гэта не прадаўжалася шмат часу. Я разумею гэта, таму што ўсе мы хочам мець прыгожыя вуліцы, а тут - незакончаная святыня. У гэтай справе Касцёл мае пэўныя абавязацельствы. Неабходны праекты, якія павінны быць узгоднены з мясцовымі архітэктарамі. Няма сэнсу будаваць вялізныя святыні, таму што пазней будзе цяжка іх утрымліваць. Мы будзем будаваць простыя маленькія касцёлы, з памяшканнямі для катэхетычных заняткаў, таму што ў Мінску мы патрабуем іх вельмі шмат.
    - Сайт: catholic. by інфармуе, што падчас сустрэчы з Прэзідэнтам ішла размова пра нашых праваслаўных братоў. Якія цяпер існуюць адносіны паміж Царквой і Касцёлам?
    - Так. Прэзідэнт гаварыў шмат пра нашыя адносіны, якія ён ахарактарызаваў як добрыя. І на самай справе, я магу іх параўнаць не толькі з Масквой і ўсёй Расіяй, але і з іншымі краінамі. Адносіны – сапраўды добрыя. Дыялог – гэта заўжды два бакі, таму што адзін бок нічога не зробіць, а таму мы павінны глядзець і на сябе, як мы сябе паводзім. Але ў ніякім выпадку я не магу сказаць, што кожны глядзіць толькі ў сваім напрамку і займаецца толькі сваімі справамі. Мандат Хрыста: каб былі адзіны, выклікі нашага часу прымушаюць нас супрацоўнічаць. І я хачу сказаць, што супрацоўніцтва складваецца вельмі добра.
    - Ці Вы сустракаецеся з Філарэтам?
    - Так, сустракаюся і мы размаўляем. Я спатыкаюся з Філарэтам, з іншымі біскупамі,ксяндзамі і мы маем некалькі супольных напрамкаў супрацоўніцтва. Перш за ўсё, гэта вялікія набажэнствы: заўжды мяне запрашаюць у праваслаўную катэдру і, безумоўна, да нас прыходзіць прадстаўнік праваслаўнай Царквы. Людзям гэта падабаецца, таму што ёсць шмат змешаных сем’яў. Пасля таго, як я пабыў у нашай катэдры і пазней іду ў праваслаўную, то часам бачу тых жа самых людзей - напэўна, гэта ёсць змешаная сям’я. Супольны ўдзел у набажэнствах з’яўляецца вельмі важным для людзей. Па-другое, мы арганізуем розныя канферэнцыі. Амаль што няма такіх навуковых сустрэчаў, каб наш прадстаўнік не ўдзельнічаў у сустрэчах, арганізаваных праваслаўнай Царквой і наадварот. Па-трэцяе, два нашыя ксяндзы выкладаюць у праваслаўным Тэалагічным інстытуце імя Кірыла і Мяфодзія пры дзяржуніверсітэце ў Мінску. Зараз туды запрошаны працаваць трэці ксёндз, які будзе выкладаць тэалогію сям’і. Заўжды нас запрашаюць на розныя ўрачыстасці гэтай навучальнай установы. Наступная важная справа – гэта дабрачынная дзейнасць. Мы дапамагаем усім, таму што кожны з’яўляецца чалавекам. У гэтай справе таксама мы ўдзельнічаем з праваслаўнай Царквой і пашыраем сваё супрацоўніцтва з уладамі. Цэнтр у Ляскоўцы праводзіць мноства канферэнцый, адукацыю валанцёраў, падрыхтоўвае спецыялістаў і таму туды ўсе прыходзяць. Выклікі нашага часу – такія складаныя і небяспечныя, што на іх трэба адказваць супольнымі намаганнямі.
    - Вы ўспаміналі пра аддзяленне праваслаўнай тэалогіі. Ці можна гаварыць пра ўтварэнне ў Мінску каталіцкай навучальнай установы? Ці гэта толькі мары, каб напрыклад, было ўтворана аддзяленне каталіцкай тэалогіі?
    - Толькі існуе праблема рэалізацыі гэтай ідэі. Ніхто з улады не будзе таму супраціўляцца. Сёння трэба знайсці людзей, якія зоймуцца справай, знайсці інвестараў, таму што на ажыццяўленне праекту патрэбна шмат грошай. У Маскве існуе інстытут, якім афіцыйна кіруюць езуіты. У нас жа ёсць праблема рэалізацыі такога мерапрыемства.
    - Ці інстытут у Баранавічах – гэта невялікі крок ў такім напрамку?
    - Так, але тут існуе іншая праблема. У мяне ёсць прадчуванне, што ў хуткім часе ўрокі рэлігіі будуць выкладаць у школе, можа толькі як факультатыўныя заняткі. І цяпер паўстае пытанне: “Хто будзе іх праводзіць?” Вельмі добра, што зарэгістравана навучальная ўстанова ў Баранавічах. Добра, што ў Гродне ёсць катэхетычнае аддзяленне, але гэта не вышэйшая навучальная ўстанова. Яны не даюць вышэйшай педагагічнай адукацыі, таму нікога з такіх выпускнікоў не пусцяць у школу. Мы робім гэую справу для сябе і - добра, што так робім. Але трэба думаць пра заўтрашні дзень: калі нам скажуць, што заўтра трэба ісці працаваць выкладчыкам рэлігіі ў школу, то каго мы пашлём? Я ўдзячны за пытанні, бо ў гэтым месцы я выкарыстаю магчымасць і звярнуся да тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю за мяжой, каб вы выкарысталі яе не толькі для ўласнага развіцця, але і для росквіту Касцёла ў Беларусі. У нас ёсць таксама магчымасць выкарыстаць дапамогу праваслаўнага аддзялення ў Мінску, няхай гэта не прагучыць дзіўна. Там навучаюць каталіцкім дысцыплінам і калі адзін з маіх семінарыстаў скончыў менавіта гэты універсітэт і паехаў у Польшчу ў семінарыю, то там яму залічылі (як здадзеныя) шмат прадметаў. Гэтае аддзяленне ў Мінску мае высокі ўзровень навучання, там вучыцца некалькі каталіцкіх студэнтаў. Яны адкрыты на нашыя патрэбы. А калі б хто захацеў дапамагчы Касцёлу, то я прапанаваў бы пайсці вучыцца ў гэты Беларускі дзяржаўны універсітэт на тэалагічнае аддзяленне. А калі б такіх людзей было многа, то тады для іх я арганізаваў бы па суботах і нядзелях курсы па каталіцкай тэалогіі і тады б у нас быў бы адукаваны чалавек. А калі нас будзе больш, то тады можна будзе паставіць пытанне аб адкрыцці ў гэтым універсітэце каталіцкай кафедры. Бо ёсць такія факультэты, напрыклад, у Страсбургу ёсць каталіцка-пратэстанцкі факультэт, а тут застаўся б – праваслаўны, але і мы ўвайшлі б туды, бо яны на гэта адкрыты. Такая склалася ў нас сітуацыя.
    - Скажыце, калі ласка, ці з Прэзідэнтам вялася гутарка наконт падпісання пагаднення з Ватыканам?
    - Не, на гэты конт не было размовы. А перад сустрэчай з Прэзідэнтам журналісты задалі мне гэтае пытанне. Я магу сказаць наступнае: ідзе вельмі інтэнсіўная падрыхтоўка і хацелася б, каб гэтае пагадненне было падпісана ў хутчэйшы тэрмін.
    - А Канферэнцыя Епіскапату Беларусі бярэ ў гэтым свой удзел?
    - Так. І тут ёсць два бакі: Ватыкан, які прадстаўляе апостальская нунцыятура, і дзяржава, бо гэта ёсць пагадненне паміж Ватыканам і Беларуссю.
    - Ці гэта будзе дакумент, падобны да вялікіх канкардатаў, як напрыклад, у Польшчы?
    - Не. Гэта будзе агульнае пагадненне, а затым у рамках яго будзе падпісванне розных іншых пагадненняў. Напрыклад, я езджу на сустрэчы, падчас якіх мы дзелімся аплаткамі, сустракаюся з рознымі групамі людзей, еду ў шпіталь, размаўляю з інтэлігенцыяй, але не магу паехаць у армію. Чаму? Адказ – просты: няма дагавору, падпісанага паміж каталіцкім Касцёлам у Беларусі і Міністэрствам абароны. Часам у некаторых бальніцах няма месца на ажыццяўлення св. Імшы і г. д. Гэтае агульнае пагадненне – неабходна, трэба яго найхутчэй апрацаваць і падпісаць, ратыфікаваць цераз парламент, каб мы маглі ісці далей, каб нас не тармазілі. У праваслаўных ёсць такія пагадненні і яны іх падпісваюць. Таму нам таксама гэта неабходна зрабіць.
    - Ці ёсць ужо канкрэтныя тэрміны? Калі гэтыя дамоўленасці будуць падпісаны? Праз год? Праз 10 гадоў?
    - Няма ніякіх тэрмінаў, але гэтая справа не будзе адкладвацца, таму што яна – важная і перш за ўсё павінна вырашацца.
    - Прадаўжаецца год Святара. Як выглядае сітуацыя з ксяндзамі ў Мінску?
    - Святароў, як і прызванняў – заўжды мала. Але гэта нам засталася спадчына таго, што мы атрымалі: спадчына 70 гадоў ганенняў, калі не было семінарыяў, калі ніхто не падрыхтоўваў святароў. Я імкнуся ва ўсіх сваіх пастырскіх лістах, а пішу іх 6 – 7 на працягу году, падкрэсліваць той ці іншы аспект святарства. У мінулым годзе ўдалося арганізаваць сустрэчу святароў з усёй Беларусі. У гэтым годзе мы будзем адзначаць 300- годдзе катэдры ў Мінску. Будзе ажыццёўлена адпаведнае набажэнства і мы плануем зрабіць такую актаву, якая будзе прысвечана не толькі катэдры, але і заканчэнню году Святарства. Але дата яшчэ не вызначана, спадзяёмся, што будзе прысутнічаць прадстаўнік ад Святога Айца, таксама мы чакаем яшчэ канкрэтнасці.
    - Вы задаволены сустрэчай з Прэзідэнтам Беларусі?
    - Я вельмі задаволены гэтай сустрэчай, таму што многія пытанні, якія мы ўздымалі падчас яе, былі вырашаны ці быў супольна знойдзены выхад з той ці іншай сітуацыі. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка быў досыць пазітыўна настроены, ён хацеў размаўляць і, безумоўна, у яго быў святочны настрой.
    - Я ўдзячны Вам за размову.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  135

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.