ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Божы дзень

На шляху да святасці

Кожны хрысціянін абавязаны выконваць Божыя запаведзі. У Святым Пісанні запісана: “Памятай пра дзень шабату. Будзеш працаваць шэсць дзён і выконваць усе свае заняткі. А сёмы ж дзень – шабат дзеля ўшанавання Пана, твайго Бога. У гэты дзень не павінен працаваць ані ты сам, ані твой сын, ані твая дачка, ані твой нявольнік, ані твая нявольніца, ані твая жывёла, ані чужаземец, які жыве за тваімі брамамі” (Всц 20, 8 – 11). Касцёльныя запаведзі акрэсліваюць і ўдакладняюць Божае права ў нядзелю і ў іншыя святочныя дні: вернікі абавязаны ўдзельнічаць у св. Імшы. На жаль, тут ёсць яшчэ шмат нядбайнасці і грэбавання абавязкам ушанаваць Творцу ў Божы дзень. Адсюль вынікаюць іншыя грахі. Чалавек, які не “корміцца” Божым словам і не чэрпае сілы з Эўхарыстыі – слабы і падвяргаецца розным спакусам.
    Раней дзень шабату нагадваў сёмы дзень стварэння свету. Цяпер жа тым святым днём з’яўляецца для нас нядзеля – дзень Змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Божы дзень – гэта асноўны дзень ажыццяўлення Эўхарыстыі, дзень радасці, калі вернікі не працуюць. Нядзеля, будучы ўспамінам аб першым дні існавання свету, з’яўляецца адначасова прадвесцем апошняга дня, калі Хрыстус прыйдзе ў хвале. Нядзеля з’яўляецца таксама днём дару Святога Духа. Гэта менавіта ў нядзелю Святы Дух сышоў на апосталаў і на Марыю, якія сабраліся ў Вячэрніку. Усё гэта дазваляе сцвярджаць, што нядзеля – гэта найважнейшы дзень тыдня.
Кодэкс кананічнага права ў сваім 1247 каноне растлумачвае абавязкі хрысціяніна ў нядзелю, а таксама ў іншыя святочныя дні: “Удзельнічаць у св. Імшы і ўстрымлівацца ад выканання тых працаў і заняткаў, якія абцяжарваюць ушаноўванне Бога, адчуванне радасці, што характэрна для Божага дня, а таксама не дазваляюць адпачыць у фізічным і ў духоўным планах”.
    Дарагая моладзь! Ці Вы можаце сабе ўявіць наогул Божы дзень без Езуса? Мы павінны рабіць усё, што ёсць у нашых сілах, каб св. Імша была самай важнай падзеяй у нядзелю, якую мы ўспрымаем усім сэрцам. Гэта вельмі важна таму, што сёння многія людзі не ходзяць у касцёл кожную нядзелю, што не з’яўляецца дробяззю. Калі св. нядзельная Імша з’яўляецца для верніка чымсьці мала істотным, пра што ён забываецца і чым грэбуе, то гэта знак таго, што яго вера – слабая, “хворая”, яна – “памірае”, таму што цэнтр веры – сустрэча з Богам у Хрысце, а вяршыня такой сустрэчы – св. Імша. Мы вучымся пашане да св. Імшы з самых малодшых гадоў і вялікае значэнне мае прыклад бацькоў. Калі ў вас няма звычаю, які грунтуецца на добрым прыкладзе, і калі прыйдзе звыклая штодзённасць, а не будзе хапаць на ўсё часу і жадання, то будзе вельмі цяжка пераадолець сябе і пайсці ў нядзелю ў касцёл. А каб прадухіліць менавіта такія сітуацыі, трэба цяпер і як найхутчэй ставіць Езуса ў нашым жыцці і ў нашых сем’ях на першае месца. І тады нядзеля стане сапраўдным Божым днём. Таму ў нядзелю першы і самы важным пункт нашых планаў – удзел у св. Імшы.
    Памыляўся б той, хто лічыў бы, што сама прысутнасць на нядзельнай св. Імшы дастаткова, каб выканаць Божую запаведзь: “Памятай: дзень святы святкаваць”. Нядзеля з’яўляецца днём радасці, адпачынку і салідарнасці. Гэта ёсць другі пункт нашага плану: сустрэцца ў сямейным крузе ці сярод сяброў, па-рознаму правесці вольны час. Але ўсё мы робім, памятаючы пра святасць гэтага дня.
    Здараецца, што чалавек, які “загнаны” на працягу тыдня, трактуе нядзелю як яшчэ адзін дзень працы, але ўжо – дома: косіць траву, мые аўтамабіль, бялізну і прыводзіць у парадак дом. Але ж выкананне трэцяй Божай запаведзі – не брацца за працаёмкія работы, якія можна зрабіць у іншы час. Патрэбна памятаць, што працадаўцы павінны гарантаваць сваім працаўнікам магчымасць адпачынку і годна правесці нядзелю. Мы ведаем, як трэба рабіць, каб ушанаваць Божы дзень. Давайце ж цяпер прымемся за выкананне нашага плану.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.