ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Я шукаў вас, цяпер вы прыходзіце да мяне...

З жыцця Касцёла

“Я шукаў вас, цяпер вы прыходзіце да мяне”
    Гэта быў аўторак 18 мая 1920 года. Гаспадыня дома з Вадавіцаў Эмілія Вайтыла нарадзіла сына, які праз 58 гадоў стане галавой Касцёла.
    Бацькі назвалі сваё немаўлятка Каралем. Малы хлопчык рос здаровым і радасным дзіцяткам пад наглядам сваіх бацькоў разам са старэйшым на 14 гадоў братам Эдмундам.
    13 красавіка Эмілію забралі ў шпіталь. Ёй было 45 гадоў. У той жа самы дзень у хлопца, які меў 9 гадоў, не стала маці. Смерць дарагой мамы ўмацавала ў Караля веру і яго сувязі з братам. Менавіта ён стаў для яго добрым сябрам і апекуном. Кожная сустрэча з Эдмундам, які вывучаў медыцыну ў Кракаве, была для Караля радаснай падзеяй.
    Ізноў у жыцці маладога хлопца насунуліся чорныя дні. Памірае дарагі брат, які заразіўся шкарлятынай ад аднаго з пацыентаў. Яны засталіся ўдвух: Караль і яго бацька, які прывіў сыну замілаванне да гораў і актыўнага ладу жыцця. Ён даў яму штосьці большае: быў для сына не толькі бацькам, але і найлепшым сябрам. Караль навучыўся ад бацькі любіць, слухаць і прысвячаць сябе іншаму чалавеку. Ужо тады многія яго сябры, бачачы Караля, які маліўся, прадказвала яму кар’еру духоўнай асобы. Але яшчэ быў тэатр: Караль быў самым лепшым акцёрам ў гімназійным тэатральным кружку.
У 1938 г. Караль вырашае вучыцца ў Кракаўскім універсітэце на філалагічным факультэце па спецыяльнасці польская мова і літаратура. Але ён не здолеў пачаць вучыцца на другім курсе. Выбухнула вайна. Восенню акцёр і паэт, які любіў маліцца, павінен быў выконваць цяжкія працы ў каменяломнях. У 1941 г. Караль застаўся адзін: ён нёс абед для хворага бацькі, аднак, калі ўвайшоў у дом, то яго выхавацель і сябар ужо не жыў. Юнак хацеў запоўніць самотнасць мастацтвам, прымаючы ўдзел у тайных прадстаўленнях. Здавалася, што ён выбраў свой шлях. Сябры бачылі ў ім цудоўнага акцёра і чулага паэта. Але якое ж было іхняе здзіўленне, калі ў лістападзе 1942 г. яны пачулі: “Я буду ксяндзом”. Караль паступіў вучыцца ў тайную семінарыю. 1 лістапада 1946 г. ён прыняў святарскія пасвячэнні. Малады святар уключыўся ў вельмі актыўную душпастырскую дзейнасць і праз сем месяцаў пасля пасвячэнняў атрымлівае заданне: апекавацца студэнтамі. Менавіта адсюль паходзіць яго асаблівае сяброўства з маладымі. Караль праводзіць не нудныя рэкалекцыі, але дыспуты падчас пешых вандроўкаў ці падарожжаў на веласіпедах, на лыжах. Ён размаўляў без боязі, адкрыта з маладымі людзьмі на тэмы, якія іх цікавілі.
    Прыстойны, таварыскі, да таго ж  – акцёр, паэт, пісьменнік,  спартсмен. Гэта  паўната жыцця  дазволіла яму  мудра і свядома  аддацца БогуУ 38 гадоў Караль становіцца дапаможным біскупам Кракава. У хуткім часе пачынаецца пераломны для Касцёла II Ватыканскі сабор. З таго моманту прозвішча Караля Вайтылы, ужо тады кракаўскага арцыбіскупа, становіцца славутым ва ўсім свеце. У 1976 г. Папа Павел VI назначае яго кардыналам, бо выразна бачыў яго магчымасці і вялізную ўнутраную сілу. Раптоўная смерць Яна Паўла I пасля 33 дзён яго пантыфікату, наступніка Паўла VI, ашаламіла ўвесь свет. Два польскія кардыналы: Стэфан Вышынскі і Караль Вайтыла вырушваюць у Рым, каб выбраць новага Папу. Надыйшоў дзень 16 кастрычніка 1978 г. Над базылікай імя св. Пятра з’явіўся белы дым. Быў выбраны Папа: ім стаў Караль Вайтыла! Ян Павел II стаў першым Папам на працягу 400 гадоў, які не паходзіў з Італіі.
    Вялікі пілігрым вырушвае ў свет. Прайшло толькі 3 месяцы ад пачатку яго пантыфікату, як Святы Айцец выбіраецца ў сваё першае замежнае падарожжа: Мексіка, Бразілія, ЗША, Францыя, Славакія, Афрыка, дарагая сэрцу Айчына – Польшча і шмат іншых краінаў.
    13 мая 1981 г. Плошча імя св. Пятра. Знянацку зло атакуе Папу і мае твар турэцкага тэрарыста. Два стрэлы, выпушчаныя з пісталета, павінны былі забіць Святога Айца. Толькі цудам так не адбылося. Дактары дзякуюць Богу, што куля, якая павінна была забіць Святога Айца, не дайшла аднаго міліметра да галоўнай артэрыі і пазваночніка. Папа ўдзячны Фацімскай Божай Маці, якая ўратавала яго жыццё: менавіта ў дзень Яе свята адбыўся замах на Папу. Адразу ж пасля аперацыі ён прабачыў свайму кату: “Я малюся за брата, які мяне параніў”.
    Пасля вяртання са шпіталя Папа вяртаецца да сваёй дзейнасці. Пілігрымкі ў розныя краіны, нераўнадушша да іншых людзей, да жыцця ў іншых краінах, дзе не было свабоды, арганізаванне Сусветных дзён моладзі, публічныя выступленні, сотні ўдзеленых сакрамэнтаў, тысяча раздадзеных Камуній. Папа жыў у аглушальным шуме войнаў, злачынстваў і замахаў. Ён не мог маўчаць і хацеў быць бліжэй да людзей і служыць ім. Менавіта гэты чалавек увёў свет у новае тысячагоддзе, намнога павялічыў асяроддзе святых і благаславёных Касцёла. Польшча, а пасля яе прыкладу значная частка Еўропы атрымалі свабоду.
    Але стан здароўя Папы пагаршаўся з кожным днём. Хворы, згорблены Святы Айцец усё больш страчваў сілы. Аднак ён не адмаўляўся ад сваіх абавязкаў: прымаў гасцей і благаславіў пілігрымаў, да апошняй хвіліны ажыццяўляў св. Імшу. Ён адышоў 2 красавіка 2005г. г. Свет затрымаў дыханне...

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.