ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Веліч ахвяры Хрыста

З жыцця Касцёла

Вялікая пятніца
Чым жа ёсць мука і смерць на крыжы? Гэта – найбольшая ахвяра і адначасова прызнанне бязмежнай Божай любові да людзей. Аддаць сваё жыццё за іншага чалавека – гэта найбольшая любоў. Усемагутны Бог так любіць людзей, што аддае свайго адзінага Сына ў рукі грэшнікаў. Мы павінны схіліць свае галовы перад таямніцай гэтай вялікай ахвяры: асуджэнне на самотнае кананне, вынішчэнне свайго цела і ганебная смерць. Мы ўсе памятаем пра падзеі таго далёкага дня: суд, бічаванне, асуджэнне на пакаранне смерцю, крыжовы шлях, укрыжаванне і смерць Езуса. Веліч ахвяры ўзрастае ў разуменні велічы Езуса Хрыста, які з Божай дапамогай вылечваў, выганяў злых духаў, уваскрашаў і мог здзейсніць неверагодныя рэчы. Але Ён аддаў сябе людзям, каб яны схапілі яго, асудзілі, укрыжавалі. Езус памёр за нашыя грахі. Безумоўна, гэта з’яўляецца адлюстраваннем вялікай любові Божага Сына да людзей і адначасова вялікім выклікам для ўсяго чалавецтва. Кожны з нас нясе свой крыж абавязкаў, але ніхто - не больш значны, чым Езус, і ніякі крыж не з’яўляецца цяжэйшым, чым ахвяра Божага Сына. Цярпенне Езуса дало нам магчымасць атрымаць збавенне.
< “А ад гадзіны шостай цемра настала на ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай” (Мц 27, 45). “І сонца знікла, і заслона святыні разадралася пасярэдзіне” (Лк 23, 45). “І зямля здрыганулася, і каменне раскалолася” (Мц 27, 51). Такія знакі суправаджалі смерць Божага Сына і яны гавораць яскрава аб велічы гэтай Ахвяры. Але гэта не былі знакі канца, але пачатку, таму што з дапамогай смерці прыходзіць да людзей збавенне і вечнае жыццё. Крыж Езуса стаў знакам перамогі над грахом, цемрай і цярпеннем.
    Але людзі пытаюць няспынна: “Чаму памёр Езус?” Такое пытанне гаворыць пра наш недавер да Творцы або жаданне разгадаць патаемныя Божыя планы, як бы не было дастаткова таго, што Езус памёр за нашыя грахі, ахвяраваў сваё жыццё, каб мы выратавалі сваё жыццё. У Святым Пісанні сказана, што Бог не ўстанавіў навечна смерць, але стварыў чалавека для несмяротнасці, зрабіў яго вобразам сваёй уласнай вечнасці. Смерць, як знішчэнне, увайшла ў свет з-за зайздрасці д’ябла і датычыць тых, хто належыць да яго. Біблія, падсумоўваючы звыклы факт смерці, бо ўсё на свеце памірае, а смерць з’яўляецца там, дзе наступіла нараджэнне, адначасова вучыць іншай праўдзе пра смерць: паглыбіцца ў вечнасць Бога. Давайце спачатку паглядзім на смерць Езуса ў тым плане, што Ён быў чалавекам. Як людская істота Хрыстус не мог пазбегнуць смерці, час павінен быў давесці Яго да канчатковага этапу жыцця, чым ёсць пераход праз смерць. З любові да людзей добраахвотна Езус адчуў увесь спектр чалавечага цярпення і моцных перажыванняў. Ён нарадзіўся, жыў і памёр як бедны чалавек, яго атакавалі ворагі, падазравалі, абняслаўлівалі, несправядліва асудзілі. Ён спазнаў “смак” здрады, яго пакінулі вучні, адчуў самотнасць, горыч пакарання і смерці. Сапраўдная любоў, якая думае пра любімага чалавека, а не пра сябе, закладае здольнасць адмовіцца ад сябе самога, а гэта заўжды баліць. Крыж, на якім Хрыстус пакутаваў за людзей, каб заплаціць за нас доўг Нябеснаму Айцу, з’яўляецца адлюстраваннем той вялікай любові да чалавека і знакам ахвяры, надае сэнс нашаму чалавечаму цярпенню. Крыж вучыць людзей любові, бо з ёй неразрыўна звязана цярпенне.
    Аднак адначасова Хрыстус, як Бог-Чалавек меў сілу, каб перамагчы смерць. Ён паказаў нам сваім уваскрэсеннем, што з’яўляецца не толькі чалавекам, але мае ўладу даць жыццё навечна.
    Езусу, як чалавеку, таксама цяжка было пераадольваць боль: “Ойча, калі хочаш, пранясі гэты келіх міма Мяне! Аднак не Мая воля, але Твая хай станецца” (Лк 22, 42). Пасля гэтай настойлівай просьбы і пасля прыняцця Божай волі, хоць Езус усведамляў тое цярпенне, якое Яго чакала, аднак, Ён ідзе спакойна на смерць і прабачае тым, якія Яго ўкрыжоўваюць. Хрыстус пакутуе моцна, але даруе сваім віноўнікам. Не можа быць большай ахвяры. Звышнатуральнае дапушчэнне болю адначасова прадугледжвае найбольшыя яго вынікі. Езус, паміраючы на крыжы, перамог смерць і як Бог здабыў жыццё са смерці. Дзякуючы свайму цярпенню Ён даў нам магчымасць атрымаць збавенне.
    Хрыстус памёр на крыжы для таго, каб збавіць усіх людзей і зрабіць свабоднымі. Езус з’яўляецца Богам. Ён – усемагутны і ніхто не мае над ім улады. Ён прыняў крыж, бо бачыў мэту. Хрыстус быў упэўнены, што Яго цярпенне прывядзе да перамогі. Бог хоча, каб людзі былі шчаслівыя і тут на зямлі. Хрысціянства не імкнецца да цярпення, не лічыць яго мэтай. У чалавечае жыццё былі ўпісаны ўсякія боль і высілак з-за граху людской істоты. Аднак з усяго Бог можа вывесці дабро, у тым ліку і з нашага цярпення, таму часта яно нясе для нас пазітыўны вынік: дапамагае наблізіцца да Бога і стаць дасканалым у любові. Таму так важна перажыць у веры ўсе цяжкасці і горычы, таму што як сказана ў Святым Пісанні: “Калі б хто стараўся душу сваю зберагчы, загубіць яе, а хто загубіць яе, той ажывіць яе” (Лк 17, 33).
    З самага пачатку хрысціянства крыж з’яўляецца, напэўна, самым моцным і найпаўнейшым знакам нашай веры. Ён - знак найбольшай Любові да людзей, самаахвярнасці і пераможнага Божага змагання за чалавека. Крыж нагадвае нам аб цярпенні, але не прыгнятае, але абуджае надзею. У ім - перамога і жыццё, дараванне нашых грахоў. Хрысціяне павінны з дапамогай словаў і чынаў “сеяць” супакой і радасць у імя пераможнай Хрыстовай любові. Мы павінны змагацца са злом, несправядлівасцю і грахом, такім спосабам паказваючы, што сённяшні стан людзей – не канчатковы, што Божая любоў, аб’яўленая на Крыжы, дасягне сваёй кульмінацыі ў духоўнай хвале людзей, што Ахвяра Езуса Хрыста не была дарэмнай.

Літургія Вялікай пятніцы
  • У гэты дзень няма св. Імшы, але ёсць набажэнства, якое называецца літургіяй Крыжа.
  • Набажэнства пачынаецца літургіяй слова, дзе галоўнае месца займае апісанне Мукі Пана.
  • Пасля гаміліі наступае выключна ўрачыстая ўсеагульная малітва, дзе мы стараемся не забыць пра нікога, бо ўсіх людзей абмывае Кроў Хрыста.
  • Кульмінацыйны пункт усёй літургіі - адарацыя Крыжа і супольная св. Камунія.
  • На заканчэнне літургіі Эўхарыстычнае Цела Хрыста будзе перанесена для адарацыі да так званага Гробу Панскага.
  • У гэты дзень за ўдзел у адарацыі Крыжа і за тое, што вернік пацалуе Крыж падчас літургіі Мукі Пана можна атрымаць поўны адпуст.
  • Падчас набажэнства праводзіцца збор ахвяраванняў на Гроб Панскі ў Ерузаліме.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.