ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Святы Юзаф – прыклад для бацькі

Сябры Бога

Святы Юзаф быў верным Божым слугой, Яго даверанай асобай. Творца заклікаў св. Юзафа служыць непасрэдна Асобе і місіі Езуса, ажыццяўляючы сваё бацькоўства. Менавіта такім спосабам св. Юзаф саўдзельнічаў у вялікай таямніцы адкуплення і з’яўляецца слугой збавення. У адпаведнасці з такой важнай роллю святога яшчэ ў першыя стагоддзі хрысціянства Касцёл узвысіў ягоны культ. Святы Юзаф быў абраны апекуном у Канадзе, Чэхіі, Аўстрыі, Іспаніі, Партугаліі. Дзень успаміну пра св. Юзафа, узлюбленага Найсвяцейшай Марыі Панны, заступніка сусветнага Касцёла, залічаны ў шэраг касцёльных урачыстасцяў. Гэтая постаць сфармавана ласкай Святога Духа для таго, каб зраўнавацца ў сваёй дасканаласці з Божай Маці, яго ўзлюбленай, і нашым Езусам Хрыстом, яго Сынам паводле габрэйскага права. Сучасныя бацькі маюць намнога лягчэйшую місію, чым выхаванне Божага Сына. Але мы заўважаем часта, наколькі яны разгублены ў сваім бацькоўстве.
    Калі св. Юзаф узяў шлюб з Марыяй, то ён быў маладым чалавекам, поўным сілаў і прыгажосці. Святы Мацвей так гаворыць пра св. Юзафа: “Нараджэнне ж Ісуса Хрыста было такім: калі Маці Яго Марыя была заручана з Язэпам, перш чым яны злучыліся, выявілася, што Яна мае ва ўлонні ад Духа Святога. Язэп жа, Яе муж, паколькі быў справядлівы і не хацеў Яе зняславіць, надумаўся тайком Яе адпусціць. А калі ён пра гэта падумаў, вось, Анёл Госпадаў паказаўся яму ўва сне, кажучы: “Язэп, сын Давідаў, не бойся прыняць Марыю, сужонку тваю. Бо што ў Ёй пачалося, пачалося з Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Ісус, бо Ён збавіць народ Свой ад грахоў яго” (Мц 1. 18 – 21).
Сын Марыі з’яўляецца таксама Сынам Юзафа па лініі Маці. З-за гэтага вернага мацярынства абодва яны заслугоўваюць называцца бацькамі Хрыста. У гэтым мацярынстве не хапала аднаго істотнага элементу. У бацьках Езуса ажыццявіліся ўсе дабрадзействы, якія сыходзілі са шлюбу: патомства, вернасць, сакрамэнт. Бог выбраў Юзафа сужэнцам Марыі для таго, каб ён апекаваўся Езусам. Адсюль вынікае, што бацькоўства Юзафа злучае яго з Хрыстом і адбываеца гэта цераз сужэнства з Марыяй, г. зн. цераз сям’ю.
    Паводле меркаванняў св. Аўгустына і св. Тамаша сутнасць мацярынства заключаецца ў неразарвальным аб’яднанні душаў, сэрцаў і ва ўзаемнай згодзе, г. зн. у тым, што дасканалым чынам праявілася ў мацярынстве Марыі і Юзафа. Таямніцу Божага зачацця паглыбляе і ўмацоўвае любоў Марыі і Юзафа. З хвіліны Звеставання Дзіцятка Езус злучыла іх наймацнейшай сувяззю, становячыся іх найбольшай мэтай жыцця. Так і сучасныя бацькі наймацней аб’ядноўваюцца адзін з адным пасля нараджэння ці духоўнага ўсынаўлення (удачарэння) дзіцяці.
    Бацька з’яўляецца для дзіцяці ўзорам мужчыны, мужа. Малыя дзеці, як добрыя назіральнікі, могуць заўважыць як развіваюцца адносіны паміж татам і мамай. Калі тата - чулы і добры для сына ці дачкі, але ў адносінах да маці – шорсткі, чэрствы, прыніжае яе, то ён не будзе сапраўдным бацькам у вачах дзяцей. У такой сям’і яны не будуць да канца шчаслівыя, радасныя і бесклапотныя. Аснова добрага бацькоўства – любоў сужэнцаў. Бацька, паважаючы маці, вучыць дзяцей паважаць годнасць жанчыны: ён вучыць хлопцаў шанаваць дзяўчат, а дзяўчатам указвае на неабходнасць паважаць уласную жаноцкасць. Разам з развіццём дзіцяці бацька пачынае мець усё большы ўплыў на выхаванне.
    Прыклад св. Юзафа – важны для бацькі-выхавацеля. Што важнае ёсць для дзіцяці? Падлеткі цэняць такія рысы характару бацькі: клапатлівасць, цярплівасць, памяркоўнасць, стаўленне разумных патрабаванняў, прызнанне аўтаноміі дзіцяці як асобы. Маладыя людзі ацэньваюць цалкам паводзіны бацькі ў сямейным жыцці. Ведаючы, кім ёсць Езус, св. Юзаф ведаў, што роля яго як выхавацеля патрабавала нязвыклай далікатнасці, духоўнага багацця і сталай індывідуальнасці. Яго бацькоўства выразілася ў тым, што ён сваё жыццё паставіў на службу Езусу і Марыі, прынёс у якасці ахвяры таямніцы ўцелаўлення і апякунчай місіі, якая была з ёй звязана. Ён выкарыстаў уладу, якая належала яму па праву ў Святой Сям’і, каб цалкам прынесці сябе ў дар, сваё жыццё і працу, ператварыў сваё чалавечае прызванне да любові ў сям’і ў звышчалавечую ахвяру з сябе, са свайго сэрца і ўсіх здольнасцяў у любоў, якая была аддадзена служэнню Месію, які рос у яго доме.
    Паглядзіце, якая ў сённяшнім свеце ёсць значная постаць бацькі. Сапраўдным бацькам з’яўляецца муж, які выхоўвае дзіця, незалежна ад таго, ці ён - біялагічны бацька ці не. Быць бацькам не зводзіцца толькі да біялагічнага ўзроўню. Гэта абшырная далікатная сфера міжчалавечых кантактаў, пачуццяў, перажыванняў, імкненняў і дзеянняў. Бацькоўства – гэта найважнейшая справа ў жыцці мужчыны. Кожны чалавек нясе “багаж” жыццёвага вопыту, які быў вынесены ім з бацькоўскага дому. Ён можа дапамагчы яму вырашыць розныя праблемы жыцця, але можа быць баластам, які абцяжарвае ці робіць немагчымым нармальнае функцыянаванне ў свеце. І тут выпукляецца вялізная адказнасць маці і бацькі і іх пазітыўнага мацярынства і бацькоўства.
    Негатыўных прыкладаў бацькоўства – вельмі шмат на свеце. Сучасныя мужчыны пакідаюць маці з дзецьмі, п’юць, кураць, б’юць сваіх жонкаў. Але нават у сем’ях, дзе няма насілля, можна ўбачыць, што мужчыны не выхоўваюць сваіх дзяцей. Увесь клопат па выхаванню ляжыць на плячах жанчынаў. Такія дзеці, адкінутыя бацькамі ў эмацыянальным плане, маюць негатыўны вобраз сваёй асобы, чаму садзейнічае механізм ідэнтыфікацыі: калі хлопец любіць і захапляецца бацькам, то ён з радасцю яго пераймае і ганарыцца падабенствам да яго. А калі бацька годны пагарды, то сын адносіць гэта таксама да сябе, адначасова абараняючыся перад пачуццём прыніжэння, ён адмяжоўваецца ад бацькі агрэсіяй і адыходзіць ад яго. Таму, калі няма ў сям’і добрага прыкладу бацькі, то гэта абцяжарвае выхаванне. Пазітыўны прыклад бацькоўства дае св. Юзаф: памяркоўны, працавіты, пабожны, клапатлівы, любячы. Ён даверыў сваю сям’ю ў рукі Бога, даверыўся Яму. Усе хрысціянскія сем’і павінны быць падобнымі да Святой Сям’і, а ўсе бацькі – да святога Юзафа.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.